Вы тут

Святло Коласа і Маўра


Беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без Якуба Коласа і Янкі Маўра. І можна толькі здагадвацца, якім насычаным павінна быць жыццё ў гісторыка-літаратурным кантэксце, калі ты ў адначассе блізкі чалавек абодвум пісьменнікам адразу.


Наталля Іванаўна Міцкевіч (1924—2012) — дачка Янкі Маўра, нявестка Якуба Коласа, жонка малодшага сына народнага песняра — доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча. І таму яе ўспаміны не могуць не выклікаць зацікаўленасці ў многіх. Найперш — у тых, хто ведаў вялікіх майстроў мастацкага слова, хто вывучае іх творчасць, хацеў бы ведаць іх жыццё, тое, якімі яны былі ў побыце. Але ж, пэўна, прачытаць кнігу кандыдата тэхнічных навук Наталлі Міцкевіч «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда») падахвоцяцца многія. Калі вы трымаеце ў памяці «Новую зямлю» і іншыя творы Коласа, а таксама — аповесці Маўра «Палескія рабінзоны», «ТВТ», то, пэўна, вам спярша будзе цікава даведацца, а як жа яны ствараліся.

Янка Маўр з жонка Стэфанідай і дачкой Наталляй на адпачынку ў Сочы. 1940.

Але Наталля Іванаўна, несумненна, валодаўшы і такім веданнем, усё ж расказала пра іншае. Пра тое, у якіх умовах працавалі класікі, якімі яны былі ў побыце, як выхоўвалі сваіх дзяцей. «Мы, чацвёра бацькавых дзяцей, былі зусім розныя, як па характары, так і па здольнасцях, — піша Наталля Іванаўна. — Але бацька ўмеў да кожнага з нас знайсці пэўны падыход і дамагчыся жаданага выніку. Так, калі я толькі навучылася чытаць, у мяне, як мне здавалася, былі больш цікавыя і прыемныя заняткі, чым чытанне кніг. І бацька прыдумаў, як заахвоціць мяне кнігай. У тыя часы самым даступным ласункам для нас было марожанае. І бацька сказаў мне: калі хочаш атрымаць яго, то трэба зарабіць грошы, а работа — удумлівае прачытанне пэўнай колькасці старонак. Прыходзілася чытаць, а па прачытаным тэксце бацька задаваў пытанні, ці ўважліва я яго засвоіла. І такім чынам ён прывучыў мяне да кнігі, і ў далейшым чытанне кніг стала маім любімым заняткам». І яшчэ: «Бацька ніколі не правяраў нашыя ўрокі і не чытаў натацый. І я не памятаю, каб ён на каго-небудзь узвысіў голас. Калі казаць — дык толькі праўду. Бацька разумеў, што ў нас, дзяцей, як і ў кожнага чалавека, ёсць свае таямніцы. Лепш, гаварыў ён, прамаўчаць, чым казаць хлусню. І мы ўсе добра гэта засвоілі...»

Якуб Колас с нявесткай Наталляй.  Мінск. 1952.

З цікавасцю чытаюцца тыя старонкі, якія прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сям'я Янкі Маўра знаходзілася ў эвакуацыі. Асабліва складаным быў перыяд, калі жылі ў Казахстане, у Алма-Аце. І хоць усе выжылі, вярнуліся пасля ў Беларусь, нацярпецца давялося нямала. Нельга забывацца, што самому Янку Маўру было ўжо амаль шэсцьдзясят гадоў. І ў такім узросце любыя складанасці ўспрымаюцца значна цяжэй.

Перш-наперш я параіў бы прачытаць успаміны Наталлі Міцкевіч настаўнікам беларускай літаратуры. «Доўгая дарога...» — цудоўная дакументальная ілюстрацыя да тых мастацкіх здабыткаў, тых мастацкіх з'яў, якія выпеставаны талентамі Якуба Коласа і Янкі Маўра.

Мікола Раўнапольскі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.