Вы тут

Вясной некаторыя з нас адчуваюць упадак сіл


Вясной прырода можа актыўна ажываць, а вось некаторыя з нас тым часам адчуваюць упадак сіл. Ніяк не ўдаецца прагнаць апатыю, трывогу, стомленасць, выкараскацца з хвароб...


Пра сэрца і вірусы

Ці могуць вірусныя інфекцыі нашкодзіць... сэрцу? Могуць. Зімой павышаецца колькасць вострых вірусных міякардытаў. Наогул, такое запаленчае захворванне міякарду можа абумовіць любы вірус, а не толькі рэспіраторны.

«Такую паталогію даволі складана дыягнаставаць урачу-тэрапеўту паліклінікі, — тлумачыць дацэнт 3-й кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны кардыёлаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена ГРЫГАРЭНКА. — Патрабуюцца дакладныя лабараторныя тэсты, якія вызначаюць пашкоджанне міякарда, і высокатэхналагічныя метады прамянёвай дыягностыкі. Асноўным жа спосабам прафілактыкі віруснага міякардыту будзе адэкватнае лячэнне той віруснай інфекцыі, з якой вы сутыкнуліся ў міжсезонне. Варта дадаць, што ў апошнія гады ва ўсім свеце, у тым ліку ў нашай краіне, назіраецца рост хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца. Наогул, сардэчна-сасудзістая паталогія — той жа атэрасклероз, інфаркт міякарда, інсульт — адбываецца ў больш раннім узросце, чым гэта было гадоў дваццаць таму».

Аднак не будзем забывацца і на тое, што большасць захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы — гэта хранічныя хваробы, якія могуць быць у стане рэмісіі, а могуць у час міжсезоння і абвастрыцца.

Шэраг эпідэміялагічных даследаванняў, праведзеных у свеце, паказваюць, што змяненне тэмпературы, вільготнасці, атмасфернага ціску негатыўна адбіваецца на хворых з хранічнай ішэмічнай хваробай сэрца, артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Калі ў вас ёсць такія захворванні, заплануйце дадатковы візіт да ўрача. Калі за зіму прыбавілі ў вазе больш, чым раней (а звычайна многія набываюць пару лішніх кілаграмаў), значыць, аднаўляйце прагулкі на свежым паветры і звярніце ўвагу на тое, што рэкамендуецца для прафілактыкі такіх сур'ёзных ускладненняў, як інсульт або інфаркт міякарда:

  • Істотна зніжайце колькасць тлушчаў, больш ужывайце расліннай ежы. Трымайцеся прынцыпаў здаровага харчавання.
  • Не парушайце рэжыму працы і адпачынку.
  • Скарэкціруйце ўзровень халестэрыну, глюкозы крыві, артэрыяльны ціск.

«Любыя змяненні ў паказчыках даследаванняў, у самаадчуванні павінны стаць нагодай для звароту да ўрача, а не спробай растлумачыць усё гэта «магнітнай бурай», — кажа Алена Грыгарэнка. — У хранічных пацыентаў можна скарэкціраваць лячэнне, якое ў такім выпадку з'яўляецца пажыццёвым».

Пра ежу і энергію

Міжсезонне ўсё яшчэ прымушае нас адчуваць холад, а значыць, затрачваць для сагравання дадатковую энергію. Як зразумець, што вы расходуеце энергіі больш, чым яе ўтвараецца? Увечары вы будзеце адчуваць дрыжыкі, галаўны боль, вам хочацца захутацца ў коўдру, выпіць гарачага чаю... Класічныя прыкметы энергетычнага знясілення — пастаянная зябкасць, санлівасць, дыскамфорт, пачашчанае мочаспусканне.

Увесь час, пакуль не ўсталявалася цёплае надвор'е, важнай задачай застаецца захаванне і аднаўленне энергіі, што немагчыма без правільнага харчавання, падкрэслівае загадчыца лабараторыі Навукова-практычнага цэнтра гігіены Ала БАНДАРУК.

  • Ежа павінна змяшчаць адэкватную нашай фізічнай і разумовай дзейнасці колькасць кілакалорый. Ужываць каларыйную ежу можна і трэба, але пры гэтым неабходна памятаць дзве рэчы. Па-першае, куды мы будзем расходаваць лішак энергіі, атрыманай з высокакаларыйнымі прадуктамі. Па-другое, адна справа, калі вы аддасце перавагу арэхам, сухафруктам, маслу, сыру, мясу і г.д., і зусім іншае, калі каларыйнасць ежы павялічыцца за кошт цукерак, пірожных і торцікаў.
  • Ежа павінна быць збалансаванай па карысных рэчывах — бялках, тлушчах і вугляводах, мікра- і макраэлементах.
  • Ежа павінна быць разнастайнай. Ешце розную садавіну, гародніну і зяленіва. Але памятайце, што з кожным месяцам нарыхтаваная летам-восенню прадукцыя будзе змяшчаць усё менш вітамінаў, але ў любым выпадку мы атрымаем неабходныя клятчатку і баласныя рэчывы.

Пра стрэс і вітаміны

Вясной абвастраюцца саматычныя захворванні, а вось колькасць псіхічных, наадварот, зніжаецца. Проста зімой дні кароткія, цёмныя, а гэта спрыяе актыўнай выпрацоўцы такога рэчыва, як мелатанін, які надта спрыяе дрэннаму настрою, трывозе і раздражненню. Тым не менш у любы час года можна смела гаварыць пра стрэсавае ўздзеянне. Стрэс, асабліва пазітыўны (напрыклад, замужжа, павышэнне па службе, здача экзаменаў), можа забяспечыць арганізму і станоўчы эфект. Імунная сістэма ў такія моманты мабілізуецца, гатовая да абароны. Аднак стрэс працяглы, які доўжыцца ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў, знясільвае і падрывае псіхалагічную і імунную абарону. З хранічным стрэсам без спецыяліста не разабрацца. Калі ж не разбірацца, гэта можа абумовіць з'яўленне іншых — саматычных — захворванняў.

Як распазнаць псіхічнае знясіленне, з якім лепей паказацца псіхатэрапеўту? Такі стан заяўляе аб сабе астэніяй (сіндромам выціснутага лімона), павышанай раздражнёнасцю без асаблівых прычын (раздражняць могуць нават яркае святло, гукі і пахі), разбітасцю, пры якой пастаянна хочацца спаць, але ноччу не спіцца. Парушэнне сну — наогул, праблема сучаснасці. Павышаецца канфліктнасць.

Жанчыны, якія перажываюць псіхічнае знясіленне, пачынаюць заядаць непрыемны стан. Аднак лепш за ўсё ім бы падышлі не шакаладкі, а тварог і індычка, багатыя на такое рэчыва, як трыптафан, здольны паляпшаць настрой.

  • Чалавеку патрэбна перазагрузка або проста адэкватны адпачынак, — тлумачыць дацэнт кафедры псіхатэрапіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена ТАРАСЕВІЧ. — Двух выхадных адназначна не хапае. Калі стан выціснутага лімона доўжыцца больш за два тыдні, неабходна звярнуцца да ўрача-псіхатэрапеўта, які прапануе розныя метады дапамогі, у тым ліку вітамінныя комплексы, прэпараты, якія знізяць трывогу, палепшаць сон.
  • Двойчы на год, а лепей нават тры-чатыры разы прымайце комплексы з вітамінамі групы В і магніем («Магвіт», «Магне В6», «Антыаксікапс» і інш.). Урачы-псіхатэрапеўты рэкамендуюць гэта ўсім, хто падвяргаецца неспрыяльнаму знешняму ўздзеянню, перажывае нейкі ўнутраны канфлікт.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як выціснуты лімон

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.