Вы тут

Як абітурыенты БДУІР паўдзельнічалі ў рэаліці-шоу


«У апошні час з галавы не выходзіць думка пра тое, як зменіцца маё жыццё, калі я стану студэнткай БДУІР. Гэта штосьці невядомае і незразумелае для мяне. Дзякуючы гэтаму праекту ў мяне ёсць шанц нарэшце паглядзець свайму страху ў вочы, акунуцца з галавой у студэнцкае жыццё і развеяць усе сумненні наконт паступлення ва ўпадабаную ВНУ», — напісала ў сваёй заяўцы на ўдзел у праекце «#Я ў БДУІР: стань студэнтам на адзін дзень» вучаніца выпускнога класа жодзінскай сярэдняй школы №5 Алена Войтава.


Абі­ту­ры­ен­ты ў ла­ба­ра­то­рыі СІSСО.

Крэатыў вітаецца...

Днямі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі завіталі 25 вучняў сталічных школ, якім прадставілася ўнікальная магчымасць прымераць на сябе ролю студэнта: пабываць на лекцыях, у вучэбна-навуковых лабараторыях і цэнтрах, зазірнуць у бібліятэку, падсілкавацца ў студэнцкай сталоўцы, ацаніць спартыўныя аб'екты ўніверсітэта, пазнаёміцца бліжэй з магчымасцямі для баўлення студэнтамі часу па-за вучобай і ўласнага развіцця...

Удзельнікамі праекта сталі адзінаццацікласнікі, якія выклалі фота з Дня адкрытых дзвярэй у Іnstаgrаm і даслалі свае заяўкі, дзе ў крэатыўнай форме (у тым ліку і ў вершаванай) патлумачылі, чаму менавіта яны павінны стаць студэнтамі на адзін дзень. Усяго адгукнулася каля 100 выпускнікоў з усёй краіны. З іх адабралі 50 чалавек і падзялілі на дзве групы. Кожнай групе адвялі свой дзень. Акрамя асноўнай праграмы, для іншагародніх удзельнікаў прадугледзелі яшчэ і экскурсію ў студэнцкі інтэрнат, бо для іх паступленне — толькі палова задачы. Не менш важна і, напэўна, страшна адарвацца ад бацькоў і наладзіць самастойнае жыццё ў інтэрнаце...

Да старту прыёмнай кампаніі ў краіне застаюцца лічаныя тыдні. Многае вырашаецца ўжо на этапе рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне, калі маладыя людзі вызначаюцца з пералікам экзаменацыйных дысцыплін. Таму канкурэнцыя паміж ВНУ за абітурыентаў рэзка абвастраецца...

Ад мары — да яе здзяйснення

— У лютым у Мінску прайшла традыцыйная выстава «Адукацыя і кар'ера», на якой вельмі сур'ёзна былі прадстаўлены ВНУ іншых краін: Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі... А Расія павялічыла свае выставачныя плошчы ўдвая... І ўсе вельмі цікава і нестандартна працавалі на прыцягненне нашых выпускнікоў, — мусіў канстатаваць рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА. — Таму мы палічылі, што нам трэба адваяваць сваю элітную моладзь. Вось і задумалі цэлы шэраг новых прафарыентацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку і праект «Стань студэнтам на адзін дзень».

Між іншым, чацвёра ўдзельнікаў (два хлопцы і дзве дзяўчыны з Мінска і рэгіёнаў, якіх абралі ў сацыяльных сетках з дапамогай генератара выпадковых лікаў) сталі яшчэ і героямі рэаліці-шоу, якое здымала Маладзёжнае тэлебачанне БДУІР. Іх паўсюль суправаджалі камеры: задачай наваспечаных «тэлезорак» было падзяліцца сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага. Пазней з відэаматэрыялу будзе зманціраваны відэаролік — своеасаблівая візітоўка для БДУІР.

А мы тым часам вырашылі пацікавіцца ў гасцей БДУІР іх жыццёвымі і прафесійнымі планамі.

Адзінаццацікласнік 191-й сталічнай школы Генадзь БАРАДУН шчыра прызнаўся, што яшчэ зусім нядаўна звязваў сваю будучыню з іншай ВНУ, але цяпер усур'ёз задумаўся над паступленнем у БДУІР. Засталося толькі вызначыцца з факультэтам і спецыяльнасцю.

— Канешне, было б класна паступіць на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак, але я цвяроза і крытычна ацэньваю свае шанцы. Для мяне гэта суперзадача! Трэба вельмі сябраваць з фізікай, каб замахнуцца на спецыяльнасці з самымі высокімі прахаднымі баламі не толькі ў гэтым універсітэце, але і ва ўсёй краіне. Сёння мы наведалі шэраг факультэтаў, у тым ліку і факультэт камп'ютарнага праектавання, дзе нам расказалі пра спецыяльнасць «сістэмы бяспекі». Зацікавіў мяне і факультэт тэлекамунікацый. Мяркую, што паміж імі і буду выбіраць...

Вучаніца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вікторыя КОЛЕСЕНЬ даведалася пра праект яшчэ на Дні адкрытых дзвярэй: «Мне стала цікава. Я рэдка ўдзельнічаю ў нейкіх праектах і мала дзе выйграю. А тут вырашыла паспрабаваць, хоць асабліва ні на што не спадзявалася... У мяне сумненняў няма: планую паступаць у БДУІР на інжынерна-эканамічны факультэт на спецыяльнасць «электронны маркетынг» . Першапачаткова лічыла, што я — эканаміст у чыстым выглядзе, таму думала пра Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Але ў 11- м класе мяне зацікавіў БДУІР. Праграмісты заўсёды патрэбныя, але ў маім выпадку размова ідзе не проста пра праграміста, а пра спалучэнне двух спецыяльнасцяў: праграміст і маркетолаг. Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя маркетолаг-праграміст. Лічу, што гэта вельмі перспектыўная спецыяльнасць... Разумею, што і прахадныя балы тут высокія, і што вучыцца ў тэхнічнай ВНУ будзе складана. Але студэнты з гэтага факультэта мяне заспакоілі: вучоба — цікавая. А гэта, напэўна, для мяне галоўнае...

Дарэчы, ні Вікторыя, ні яшчэ адзін выпускнік Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Уладзіслаў ШУЛЬЖЫЦКІ да паслуг рэпетытараў не прыбягаюць. Кажуць, што ведаў, якія ім даюць у ліцэі, павінна хапіць для паступлення нават на самыя прэстыжныя спецыяльнасці.

— Я звязаны з камп'ютарамі з чацвёртага класа. І ў пятым ужо быў упэўнены, што займуся чымсьці тэхнічным, — кажа Уладзіслаў. — У шостым і сёмым класе вырашыў, што буду вучыцца ў БДУІР. Далей стаў вагацца: можа, паехаць у Польшчу, у тэхнічны ўніверсітэт? Але пасля гутаркі з выпускнікамі ўніверсітэта зрабіў выбар на карысць БДУІР. У 10-м класе вызначыўся і з факультэтам (гэта ФКСіС), і са спецыяльнасцю («праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій»). Цэнтралізаванага тэсціравання не баюся. Зараз актыўна займаюся самападрыхтоўкай, каб добра здаць экзамены. Між іншым, сёння мы прысутнічалі на лекцыі па імітацыйным мадэляванні: было вельмі складана, але цікава. Ці ёсць у мяне падстраховачныя варыянты? Хіба што спецыяльнасць «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» на ФКСіСе... Цікавым мне падаўся і факультэт камп'ютарнага праектавання. Таму, калі штосьці не атрымаецца з першым варыянтам, буду арыентавацца на яго.

У сваёй заяўцы на ўдзел у праекце Уладзіслаў напісаў: «Мне так хочацца на адзін дзень уявіць сябе УЖО студэнтам гэтай ВНУ, пражыць гэты дзень клопатамі студэнта, акунуцца ў студэнцкае асяроддзе і зарадзіцца станоўчай энергіяй для рэальнага і ўдачнага паступлення у БДУІР! Я заўсёды веру ў сябе і сваю ўдачу».

Ула­дзі­слаў Шуль­жыц­кі, Вік­то­рыя Ко­ле­сень і Ге­надзь Ба­ра­дун: «Мы не кан­ку­рэн­ты...».

Ніхто не застанецца па-за бортам

Апошнім пунктам для ўдзельнікаў праекта стала сустрэча з рэктарам БДУІР, прафесарам Міхаілам Батурам, які заклікаў іх не ленавацца і пры падачы заяў указваць у якасці прыярытэтных як мага большую колькасць спецыяльнасцяў.

— Аўтаматызаваная сістэма, якая дзейнічае ў БДУІР ужо некалькі гадоў, дазваляе карэктаваць залічэнне ў студэнты ў залежнасці ад расстаноўкі абітурыентамі прыярытэтаў і наяўнасці незапоўненых месцаў на тых ці іншых спецыяльнасцях, — патлумачыў ён. — У парадку ўбывання прыярытэтаў абітурыент можа пазначыць усе спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю. Такім чынам, шанцы застацца за бортам у абітурыентаў БДУІР мінімальныя, калі, вядома, яны не ўказалі ў сваім рэйтынгу толькі адну ці дзве спецыяльнасці.

Дарэчы, летась у БДУІР з'явілася новая спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі», на якой былі прадугледжаны толькі платныя месцы. А сёлета тут будзе ажыццяўляцца набор і на 10 бюджэтных месцаў. Плюс яшчэ 50 абітурыентаў змогуць вучыцца на праграміста-геймдызайнера на платнай аснове.

— А ці ведаеце вы, што мы ўжо навучаем 46 грамадзян ЗША па дыстанцыйнай форме на дзвюх спецыяльнасцях? — пацікавіўся рэктар у юных гасцей.

— Не, не ведаем, — шчыра адказалі тыя.

— Значыць, вы яшчэ нічога не ведаеце пра наш універсітэт, — пажартаваў Міхаіл Батура і расказаў адзінаццацікласнікам пра студэнтаў універсітэта, якія гэтым летам у рамках праграмы Міжнароднай асацыяцыі па абмене студэнтамі для праходжання вытворчай практыкі ІАЕSTЕ будуць адточваць свае прафесійныя навыкі ў іншых краінах, а на іх месца ў Беларусь на практыку прыедуць студэнты-іншаземцы. Пра ўдзел студэнтаў-праграмістаў з БДУІРа ў фінале сёлетняга чэмпіянату свету па праграмаванні, які пройдзе ў маі ў Тайландзе...

Падчас выдачы ўсім удзельнікам праекта сертыфікатаў Міхаіл Батура цікавіўся ў кожнага з іх, куды той збіраецца паступаць.

— Яшчэ не ведаеце? Думайце... Любы факультэт вас чакае. І прыводзьце з сабой сваіх найлепшых сяброў.

— Не лепшых за нас! — жартавалі ў адказ школьнікі.

— А вы не бойцеся канкурэнцыі. Месцаў хопіць усім, — паабяцаў, развітваючыся з адзінаццацікласнікамі Міхаіл Батура.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея Ні­ка­но­ві­ча

Загаловак у газеце: Адзін дзень — у «шкуры» студэнта

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.