Вы тут

Багатыя на дружбу


У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча работнікаў сферы культуры і навуковай інтэлігенцыі Туркменістана і Беларусі.

Дыялог культур і народаў адбыўся ў межах Дзён культуры Туркменістана ў Беларусі, якія праходзяць у нашай краіне з 9 па 14 мая. З просьбай падзяліцца сваімі развагамі пра беларуска-туркменскія стасункі «Звязда» звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы.


Майса Таджыкава, галоўны рэдактар часопіса «Зенан калбы»:

* Як рэдактар часопіса для жанчын, я ў Беларусі не магла не адкрыць для сябе і ваша цікавае выданне — часопіс «Алеся». Прыемна было праглядаць яго старонкі, прысвечаныя літаратурнай творчасці беларусак. Мы таксама ўважлівыя да гэтага боку культуры і жыцця ўвогуле.

Ведаю, што беларуская паэтэса Еўдакія Лось была знаёмая з нашай легендарнай паэтэсай Таушан Эсэнавай, якая і ў конных прабегах удзельнічала, і за штурвал самалёта садзілася. Абавязкова раскажам пра гэта на старонках нашага выдання.

Мая Алімава, галоўны рэдактар газеты «Нейтральный Туркменистан»:

* За дні знаходжання ў Мінску мы пазнаёміліся з работай беларускіх СМІ. Гэтыя ўражанні, несумненна, будуць спрыяць плёну ў нашай працы. Дарэчы, вядомую газету «Туркменская искра» рэдагаваў у свой час беларус Васіль Слушнік. А галоўным рэдактарам газеты «Ташаузская правда» працаваў паэт і публіцыст Міхась Карпенка, які нарадзіўся на Магілёўшчыне, між іншым, заслужаны работнік культуры Туркменістана.

Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

* Мне двойчы давялося пабываць у Туркменістане. Трымаю ў памяці сустрэчы з паэтамі Агагельды Аланазаравым, Атамурадам Атабаевым, Каюмам Тангрыкуліевым, іншымі творцамі. Прыемна, што ў Беларусі і сёння ўважлівыя да туркменскай літаратуры. Выйшла сумесная анталогія твораў сучасных беларускіх і туркменскіх пісьменнікаў. Пабачыў свет спецыяльны «туркменскі» выпуск газеты «Літаратура і мастацтва».

У апошнія 10-15 гадоў беларускія кнігавыдаўцы шмат разоў прадстаўлялі айчынную кнігу ў Туркменістане на традыцыйнай вераснёўскай выстаўцы. Спадзяюся, што будуць рэалізаваны і новыя праекты.

Максат Алтоеў, старшыня камітэта па тэле- і радыёвяшчанні і кінематаграфіі Туркменістана:

* Мы падпісалі пагадненне з Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі. Гэты дакумент стане добрым падмуркам у справе ўмацавання медыйных стасункаў паміж нашымі краінамі. А можа быць з часам зробім і супольны мастацкі фільм. Чаму б і не?! У нас ёсць аднолькава цікавыя беларусам і туркменам сюжэты. Гэта і падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Ведаю, што Беларусь ад нямецкіх фашыстаў вызвалялі дарагія туркменам людзі — народны мастак СССР Ізат Клычаў, народны пісьменнік Туркменістана Чары Ашыраў, ваенны журналіст Анакулі Мамедкуліеў, які ў час вайны напісаў і выдаў асобнай кнігай паэму пра беларускага героя-партызана Канстанціна Заслонава. А паэзію нашага Фрагі — Махтумкулі адкрываў Еўропе вандроўнік па Каракумах беларус Аляксандр Ходзька.

Хемрагулы Худайгулыеў, галоўны рэдактар газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»):

* Я рады сустрэчы з Беларуссю, знаёмству з творчай інтэлігенцыяй вашай краіны. Мяне ўразіла знаёмства з вядомым беларускім паэтам Міколам Мятліцкім. Адкрыў для сябе яго шчымлівыя, балючыя вершы пра Чарнобыль.

І вязу ў Ашгабат кнігу паэзіі Міколы Мятліцкага «Бабчын». Упэўнены, што яе старонкі будуць уважліва прачытаны і перакладзены на туркменскую мову нашымі майстрамі мастацкага слова. Калі я збіраўся ў дарогу ў Мінск, то прывітанні беларускім калегам-пісьменнікам перадавалі нашы вядомыя літаратары Атамурад Атабаеў, Агагельды Аланазараў, Атаджан Таган. Нядаўна ў Мінску была Герой Туркменістана паэтэса Газель Шакуліева. Яна пасля дзялілася з намі самымі добрымі ўражаннямі ад сустрэчы з Беларуссю і беларусамі. Дзякуй вам за сяброўства! Мірнага нам усім неба!

Кастусь Лешніца

Фота Яўгена Пясецкага і Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.