Вы тут

Шчучынцы адзначылі Дзень горада


Дзень горада шчучынцы адзначылі разам з ветэранамі знакамітага авіяпалка і аматарам авіяцыі Леанідам Якубовічам.

Ветэраны 10-га асобнага Маскоўска-Кёнігсбергскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава ІІІ ступені разведвальнага авіяцыйнага палка, які дыслацыраваўся на Шчучыншчыне, зноў убачылі свой самалёт-помнік МІГ-19 і разам з мясцовымі жыхарамі адзначылі Дзень горада грандыёзным авіяцыйна-спартыўным святам.


Ра­сій­скі тэ­ле­вя­ду­чы і ак­цёр Ле­а­нід ЯКУ­БО­ВІЧ на авіяцыйным свяце ў Шчучыне.

Лётчыкі знакамітага палка пабывалі ў адрэстаўрыраваным палацы Друцкіх-Любецкіх, дзе калісьці размяшчаўся Дом афіцэраў, а затым пад марш аркестра накіраваліся да сімвала горада — самалёта МІГ-19, які ўстанавілі на новай пляцоўцы каля возера.

— Мой лёс непарыўна звязаны з гісторыяй палка, які сёлета святкуе сваё 75-годдзе. І я шчаслівы, што шчучынцы захоўваюць традыцыі горада авіятараў, — кажа ваенны лётчык першага класа, палкоўнік у адстаўцы гродзенец Леанід КАРПАЎ, які, дарэчы, 10 гадоў лятаў менавіта на гэтым самалёце — першынцы савецкай звышгукавой авіяцыі.

Сярод ганаровых гасцей быў і вядомы расійскі тэлевядучы, акцёр Леанід ЯКУБОВІЧ — аматар авіяцыі, які ў 2002-м, ужо ў 57-гадовым узросце закончыў Калужскае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. У яго лётным стажы — кіраванне штурваламі шасці мадэляў самалётаў і двух — верталётаў. Пабываўшы летась у пошуку сваіх каранёў у вёсцы Якубовічы Шчучынскага раёна, Леанід Аркадзьевіч паабяцаў, што гэты візіт не стане апошнім і ахвотна прыняў запрашэнне мясцовых уладаў наведаць авіяцыйна-спартыўнае свята. Што і зрабіў на лёгкаматорным самалёце разам са сваім сябрам, лётчыкам-інструктарам першага класа, палкоўнікам запасу Казімірам ЦІХАНОВІЧАМ. Шчучын Казімір Эдуардавіч убачыў упершыню, але тут у авіяцыйным палку ў 1970-х служылі яго аднакурснікі па лётным вучылішчы.

— Я быццам жыву ў небе, гэта для мяне зусім натуральна. Калі людзі моляцца, то яны глядзяць у неба. І калі самалёт ляціць — туды ж глядзяць. Нізкі вам паклон за тое, што захоўваеце авіяцыйныя традыцыі, — удзячны шчучынцам Леанід Якубовіч.

Ён лічыць іх сваімі землякамі: «Уся мая радня з Беларусі, мне дарагія гэтыя мясціны».

Як і на сваім знакамітым шоу «Поле цудаў», Леанід Якубовіч у Шчучыне паводзіў сябе без нейкай зоркавасці — проста, добразычліва. Шмат жартаваў, не адмаўляў у аўтографах і фатаграфаваўся з усімі ахвотнымі.

Нягледзячы на тое, што з мясцовага аэрадрома зараз узнімаецца ў неба не звышгукавая, а лёгкаматорная авіяцыя, шчучынцы сапраўды не забываюць пра свае авіяцыйныя карані. Адроджаны аэрадром дзякуючы мясцовай уладзе, энтузіястам, прадпрымальнікам служыць інтарэсам бізнесу, турызму, ды і сваю першасную функцыю выконвае — тут праводзяцца палёты-экскурсіі.

На Дзень горада ў Шчучын прыляцела каля дзесяці лёгкаматорных самалётаў з розных рэгіёнаў краіны, чые пілоты прадэманстравалі шматлікім гледачам сваё майстэрства кіравання крылатымі машынамі. Быццам вішанькай на торце сталі паказальныя выступленні лётчыкаў і парашутыстаў Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. А на зямлі свае каронныя нумары паказвалі спецы бранятанкавай тэхнікі, спартыўных аўтамабіляў, атрада міліцыі асобага прызначэння. Тое, што свята праходзіць на зямлі і ў небе, асабліва адчувалася падчас спаборніцтва на хуткасць паміж самалётам і картынгам.

Дарэчы, многія шчучынцы вярталіся са свята з... уласнымі самалётамі. Іх, папяровых, выпусцілі з вышыні больш за 500.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Свята на зямлі і ў небе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.