Вы тут

Беларускія параалімпійцы вярнуліся дадому


У чацвер вечарам у Нацыянальным аэрапорце Мінск сабралася добрая сотня людзей з кветкамі, віншаваннямі і вітальнымі плакатамі — усе яны чакалі сваіх герояў, якія нарэшце вярнуліся з гарачай Бразіліі.


На Гульнях беларусы заваявалі 10 узнагарод, прычым 8 з іх — найвышэйшай пробы. З 21 атлета 19 увайшлі ў васьмёрку наймацнейшых, а ў агульнакамандным заліку наша зборная заняла 19 месца.

— Вынікі выступлення, безумоўна, станоўчыя, — адзначае старшыня Параалімпійскага камітэта краіны Алег Шэпель. — Перад ад'ездам у Рыа мы разлічвалі на гэта. Самае галоўнае дасягненне — гэта тое, што па якасці медалёў мы трапілі ў 20 наймацнейшых каманд з 170 краін, якія там бралі ўдзел. Другое, што з 21 спартсмена 19 выйшлі ў фінал, гэта сведчыць аб тым, што мы не павезлі туды турыстаў, а павезлі людзей, якія гатовы змагацца і праслаўляць сваю краіну. Вядома, асабліва хочацца адзначыць выступленне Ігара Бокія, шасціразовага алімпійскага чэмпіёна. Меркавалі, што плывец удала выступіць у Рыа, ён быў добра гатовы, але каб шэсць залатых медалёў ... Малайчына! — рэзюмаваў Шэпель.

Сам герой сёлетняй Параалімпіяды відавочна не чакаў такой пышнай сустрэчы ў аэрапорце. Акрамя спартыўных заўзятараў і кіраўнікоў, Ігара сустракала ўся сям'я: мама, тата, брат і каханая дзяўчына. Нягледзячы на складаны і доўгі пералёт, Ігар пастараўся ўдзяліць увагу кожнаму журналісту і жадаючаму атрымаць аўтограф або фотаздымак з героем.

— Пасля першага старту прыйшла ўпэўненасць, пачуццё таго, што ўсё залежыць толькі ад цябе. У 2012 годзе мне было 18, у Лондан ехаў без хвалявання. А ў Рыа выступаў з вялікім пачуццём адказнасці, таму што ўжо быў пяціразовым параалімпійскім чэмпіёнам. Многія людзі верылі ў мяне, вядома, не хацелася іх падводзіць. Ехаў у Бразілію з планам выступіць не горш, чым у Лондане, атрымалася яшчэ лепш. Усе ў захапленні, і трэнеры, і я сам задаволены выступленнем.

Не толькі на радзіме, але і там, у далёкай Бразіліі, нашага Ігара Бокія назвалі самым яркім спартсменам Параалімпіяды-2016, таму не дзіўна, што беларус не змог пазбегнуць параўнанняў з легендарным Майклам Фелпсам.

— Амерыканскі плывец унікальны. Думаю, не варта нас параўноўваць. І Майкл Фелпс, і я прыкладаем максімум намаганняў, каб дасягнуць высокіх вынікаў, — адзначыў Ігар.

Акрамя Бокія на верхнюю прыступку п'едэстала ў Рыа падымаліся Уладзімір Ізотаў, таксама ў плаванні, і Андрэй Праневіч — ён стаў найлепшым у фехтаванні на калясках.

Мама Андрэя Валянціна яшчэ да прызямлення самалёта з хваляваннем успамінае, як яе сын ішоў да гэтай перамогі.

— Ён ішоў да яе цэлых сем гадоў. Пачаў займацца гэтым відам фехтавання, вядома, позна, таму было нялёгка. На лонданскую Параалімпіяду не трапіў — не адабраўся, на той момант у яго не было высокіх вынікаў, а вось апошні год толькі і жыў Параалімпіядай у Бразіліі.

Сам залаты медаліст Рыа быццам бы яшчэ там, у фінальным паядынку, эмоцыі настолькі свежыя, што Андрэй з цяжкасцю іх стрымлівае, расказваючы пра сваю перамогу.

— Я проста ў шоку, дагэтуль адысці не магу. Цяжка апісаць тое, што я адчуваў у тыя секунды, якіх эмоцый толькі не было. Пераможны паядынак быў вельмі напружаны і складаны, сапернік вельмі моцны і тытулаваны, таму выйграць у яго было ўдвая прыемна. Зараз магу адназначна сказаць, што гэта галоўная перамога ў маім жыцці. Як і любы спартсмен, я імкнуўся трапіць на Параалімпіяду і выйграць алімпійскае «золата». Атрымалася.

«Бронзу» ў скарбонку нашай каманды паклаў дасведчаны лёгкаатлет Аляксандр Трыпуць. Гэты алімпійскі медаль, па прызнанні спартсмена, перш за ўсё, з'яўляецца для яго прыкметай вяртання ў спорт, а вяртацца, як вядома, ніколі не бывае лёгка.

Такія высокія дасягненні нашых параалімпійцаў яшчэ раз даказваюць усяму свету, што непераадольных перашкод не існуе.

Наступныя летнія Алімпійскія і Параалімпійскія гульні пройдуць у Токіа праз чатыры гады.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цёплы прыём

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.