Вы тут

«Быць часткай свайго народа»


Вось дакладна: не хлебам адзіным, не толькі той працай, якую робіш штодня, хочацца жыць сучаснаму чалавеку. Ён чалавекам пачуваецца менавіта тады, калі дазваляе сабе акунуцца ў вір самых розных эмоцый. Ці не таму ў нас апошнім часам з’яўляецца ўсё больш адметных культурных праектаў і фестываляў, частка іх сталі магчымымі дзякуючы падтрымцы мецэнатаў і наогул іх любові да мастацтва. Што рухае гэтымі людзьмі, якія бяруцца за рэалізацыю самых смелых культурных ініцыятыў? Пра гэта распавядае намеснік старшыні праўлення ААТ «Банк БелВЭБ» Алег Прохарчык.


— У сферы бізнесу працуюць прагматычныя людзі, але ў Беларусі ўсё больш праектаў, калі бізнес падтрымлівае культурныя ініцыятывы, фестывалі, кніжныя праекты. Чаму?

— Падтрымка праектаў, якія маюць высокую грамадскую значнасць і закліканы захоўваць і папулярызаваць беларускую гісторыю і культурную спадчыну краіны, — добрая традыцыя Банка БелВЭБ, і мы маем намер прытрымлівацца яе і ў далейшым: наша стратэгія развіцця на 2016 — 2018 гады прадугледжвае, што падтрымка культуры Беларусі з’яўляецца сацыяльнай місіяй банка. Карпаратыўная сацыяльная адказнасць — гэта безумоўны складнік устойлівага развіцця не толькі канкрэтнага бізнесу, але і ўсёй краіны.

— Па якім прынцыпе ідзе выбар, што падтрымаць?

— Выбар робім па некалькіх крытэрыях. Адзін з іх — інавацыйнасць. Нам важна рэалізоўваць значныя, запамінальныя праекты, якія будуць цікавыя не толькі банку, напрыклад, з пункту гледжання PR, але і вялікай аўдыторыі. Мы арыентуемся на людзей з рознымі густамі і інтарэсамі. Агульнанацыянальны праект па выпуску ПЕРШАГА факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францішка Скарыны Банк БелВЭБ рэалізуе сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь. Праца пачалася ў снежні 2013 года і завершыцца ў верасні 2017-га. Праект прымеркаваны да 500-годдзя выдання Скарынам першай кнігі для ўсходніх славян, якое будзе адзначацца 6 жніўня 2017 года. Гэта вельмі аб’ёмны па часе і па рэсурсах праект, але я перакананы, што мы давядзём яго да лагічнага завяршэння. У рамках праекта «Факсімільнае выданне кніг Францыска Скарыны» за чатыры гады свет убачаць 20 тамоў факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны першадрукара. Асаблівая каштоўнасць і адначасова складанасць гэтага праекта ў тым, што ў свеце захавалася зусім няшмат асобнікаў кніг Скарыны.

Спецыялісты аблічбоўваюць усе магчымыя варыянты, а потым складаецца найбольш поўны з усіх існых. Адзінае, што адрознівае сучасныя кнігі ад арыгіналаў, — гэта папера. А вось усё астатняе — шрыфты, мова, размяшчэнне гравюр, нават тыя адзнакі часу, якія з’явіліся на старонках за іх шматвяковую гісторыю, — захавалася. Таксама сучаснае выданне суправаджаюць каментары навукоўцаў, пераклады прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.

У свой час сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам мы рызыкнулі і рэалізавалі выдатную ініцыятыву, арганізаваўшы «Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ». Чатыры гады паспяховага правядзення фестывалю паказалі, што гэтае мерапрыемства ўжо стала добрай традыцыяй Мінска.

З году ў год мы імкнёмся падтрымліваць зададзены высокі ўзровень фестывалю. Думаю, што цёплая сямейная атмасфера джазавых вечароў, сусветны ўзровень выканаўцаў робяць фестываль папулярным сярод мінчан і жыхароў іншых гарадоў, якія спецыяльна прыязджаюць на канцэрты.  Больш за тое, «Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ» фактычна адкрылі пляцоўку ля Мінскай ратушы для ўсіх гараджан, зрабілі гэтую прастору інтэрактыўнай, еўрапейскай, куды цікава прыйсці, шпацыруючы па горадзе ў выхадны дзень, паслухаць прыемную музыку. Цяпер тэрыторыя вакол ратушы ніколі не пустуе, тут праводзяцца самыя розныя фестывалі і праекты.

— Ці з’явіліся ў банку аматары (і знаўцы) джаза, фолк-музыкі, оперы і г. д?

— Калі б аматараў не было (Усміхаецца.), думаю, наўрад ці б мы падтрымлівалі гэтыя кірункі. Безумоўна, праекты знаходзяць жывы водгук і сярод нашых супрацоўнікаў, якія з задавальненнем наведваюць і джазавыя вечары ля ратушы, і фолк-фэст «Камянiца». Дарэчы, фолк-фэст «Камяніца» банк падтрымлівае з 2010 года. За гэты час праект стаў адной з галоўных падзей для ўсіх, хто цікавіцца беларускай народнай культурай: ад старых традыцый да сучасных інтэрпрэтацый, ад музыкі да рамёстваў і танцаў. Акрамя папулярызацыі беларускай культуры, гэты фестываль аказвае рэальную дапамогу Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту. Усе атрыманыя сродкі ад мерапрыемства паступаюць на рахункі музея для захавання ўнікальнай калекцыі беларускай драўлянай архітэктуры ХVIII — XX стагоддзяў. Дзякуючы атрыманым ад фестывалю грошам удалося аднавіць 21 помнік архітэктуры. У цяперашні час рэстаўруюцца новыя аб’екты. Усяго ж за час правядзення фэсту «Камянiца» колькасць наведвальнікаў музея ўзрасла ў шэсць разоў!

— Ці ёсць у вас асабіста любімы кірунак ці від мастацтва?

— Мне падабаецца фальклорная музыка, таму па душы фэст «Камяніца». На свяце ў Азярцы пануе асаблівая атмасфера. Заўсёды радуе насычаная праграма з удзелам лепшых беларускіх фолк-калектываў, а таксама замежных гасцей з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, іншых краін. Прыемна бачыць моладзь і старэйшае пакаленне ў нацыянальных строях, назіраць за тым, як людзі адпачываюць пад беларускую музыку.

— Чым, на вашу думку, каштоўныя культура і мастацтва, што дае чалавеку эмацыйна?

— Перш за ўсё, гэта ўсведамленне прыналежнасці сябе, усіх нас, да беларускай культуры і гісторыі, да нашых каранёў: у нас ёсць свая мова, свая культура, мы маем нацыянальную ідэнтычнасць. У наш час, калі ўсё глабалізуецца, стандартызуецца, лічу вельмі важным для кожнага чалавека — быць часткай свайго народа.

Пытанні задавала

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.