Вы здесь

Экслібрыс: Атрыбут людзей адукаваных


У Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да выдання даследаванне беларускага мастацтвазнаўца, кніжнага графіка, экслібрысіста Ганны Ціханавай-Йарданавай, якая жыве і працуе ў Балгарыі. Пра тое, якой будзе кніга, прысвечаная беларускаму кніжнаму знаку, — наша размова з аўтарам.


— Ганна, як найперш вы ахарактарызавалі б уласную кнігу?

— У прапанаванай рабоце я імкнуся прааналізаваць развіццё экслібрыса ў беларускай мастацкай традыцыі, улічваючы вопыт рускiх (S. Ivensky, E. Minaev and S. Fortinsky), беларускiх (A.Tychyna, O. Soudlenkov), еўрапейскіх даследчыкаў экслібрыса (A.Schmitt, E.Stickelberger, Manfred Neureiter, K.E.G. Leiningen-Westerburg,  Luc van den Brielle, Jos van Waterschoot and others), а таксама ЗША (James Keenan).

На старонках паўстаe шматвекавая гісторыя станаўлення экслібрыса як мастацкай з’явы ў розных мастацкіх школах розных краін і сучасныя распрацоўкі кніжных знакаў. Еўрапейская гiсторыя кнiжнага знака распачынаецца з iмёнаў Albrecht Durer, Holbein, Lukas Kranach. Цікава прасачыць, як развіваўся экслібрыс на працягу ХХ стагоддзя ў розных краінах Еўропы.

 —  І хто быў у мінулым стагоддзі ў лідарах?

— У 1920-я гады прыярытэтныя пазіцыі былі ў Германіі, 1930 – – 1950-я гады – росквіт у Аўстрыі. Англія і Францыя ўжо страчваюць свае вядучыя пазіцыі мінулых стагоддзяў і славу «экслібрысных» краін. У 1950–1980-х гадах найбольш «прадуктыўнай» краінай у галіне экслібрыса і графікі ў цэлым была Чэхаславакія. Пасля славацкіх (A. Brunovsky, V. Gazovich, D. Kallay, K. Andrejchka, P. Avgustovich,  K. Felix, K. Vavrova, K. Smetanova) i чэшскіх графікаў (V. Suhanek, O. Kulhanek, J. Brazda, P. Hlavaty, M. Richter, M. Manojlin, G. Hujber) на высокія пазіцыя пачалі падымацца графікі з Балгарыі (J. Jordanov, M.Gruev, R. Baramov, O. Karanfilian, P. Velikov, H. Kerin, H. Naidenov, Z. Mutafchiev, T. Krusteva, V. Damyanov), Расіі (A. Kalashnikov, M. Verholancev, E. Bortnikov, Y. Borovitsky, S. Tyukanov, Y. Nozdrin, V. Zuev), Украіны (A. & G. Pugachevsky, K. Kalinovich, K. Antioukhin, S. Hrapov, O. Denysenko, V. Fenchak, O. Naboka, U. Turchenko).

 — Што для вас асабіста было грунтам, а можа – і першаштуршком у даследаванні?

— У аглядзе лiтаратуры абапiраюся на невялікую аб’ёмам кнiгу А. Тычыны і В. Шматава «Беларускі кніжны знак», на артыкулы А. Судлянкова (O. Soudlenkov) пра стары беларускi геральдычны экслібрыс, артыкулы пра сучасных беларускiх графiкаў з «Encyclopaedia Bio-bibliographical of the art of the contemporary ex-libris», «Contemporary International Ex-libris Artist», «Eros Intime. L’art de l’ex-libris erotique», magazine of Graphia «Boekmerk» (Belgium), «Exlibriswereld» (The Netherlands), «L’ex libris Italiano: Rassegna di picccola grafica» (Italy), «Knizni Znacka» (Chech Republic). 

— Цяпер беларускі экслібрыс заўважны з Еўропы?

— Так. Але вельмі прыемна, што прызнанне беларускага кнiжнага знака за мяжой прыцягнула павышэнне цiкавасцi да гэтай з’явы i на радзiме. Сiламi энтузiястаў на чале з Алай Змiёвай нарадзiлася iдэя новай серыi «Беларускi ex libris», заснаванай «Кнiжным салонам» i выдавецтвам «Навуковы свет» у Мiнску ў 2012 годзе. Выйшлi кнiгi экслiбрысаў  Арлена Кашкурэвiча, Ганны Цiханавай, Міколы Селяшчука, Юрыя Якавенкi, Генадзя Вяля. Бiблiяфiльскi наклад ствараецца з 99 нумераваных асобнiкаў, кожны з якiх змяшчае i арыгiнальны эстамп пад вокладкай.

Даследаванне рускамоўных і заходнееўрапейскіх выданняў па гісторыі і праблематыцы экслібрыса выяўляюць аднолькавыя рэкамендацыі па фарміраванні калекцый і ідэнтычную распрацоўку тэрміналогіі, агульнапрынятую індэксацыю графічных тэхнік, тыпалогію і класіфікацыю, прынятую ў даследчыцкіх працах па культуры кніжнага знаку розных краін і розных часоў.

— Калі зазірнуць у гісторыю, то дзе вытокі беларускага экслібрыса?

 — Першым беларускім друкаваным экслібрысам прынята лiчыць знак «сонца-месяца» які выкарыстоўваўся ў ХVI стагоддзі вядомым беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам у яго выданнях. Адначасова гэта была і яго выдавецкая марка.

У XVI–XVII стагоддзях на беларускіх тэрыторыях распаўсюджаны так званы «суперэкслібрыс». Крыху пазней з’яўляецца экслібрыс, гравіраваны па металу і аддрукаваны на паперы. Нягледзячы на гэта суперэкслібрыс праіснуе да XIX ст., праўда, не ў такім шырокім карыстанні, як друкаваны. Вывучэнне гісторыі беларускага экслібрыса мінулых стагоддзяў цесна звязана з вывучэннем сфрагістыкі (ад лац. сфрагіс — пячатка) і геральдыкі (ад лац. heraldus — вяшчальнік, альбо ням. Heet Alt — стары пан, спадар), навукі аб гербах (ад ням. Erbe — спадчына). Развіццё практычнай сфрагістыкі і экслібрыса ідзе паралельна на працягу XVI—XIX cтагоддзяў. Пячатка з’яўлялася своеасаблівым пашпартам, «юрыдычным ідэнтыфікатарам асобы».

Самай старой і найбольш шырокай прынята лічыць нізку экслібрысаў роду князёў Радзівілаў. Вылучаюцца асобнай серыяй таксама экслібрысы Сапегаў. Гэты род быў адметны сваімі мецэнацкімі захапленнямі і вялікай цікавасцю да навукі, культуры і мастацтва.

Экслібрыс заўжды быў атрыбутам людзей адукаваных, звязаных з культурай і кнігай. Не губляе гэты факт сваёй актуальнасці і ў дачыненні да экслібрысаў ХХ стагоддзя. Сярод уладальнікаў кніжных знакаў у першай палове ХХ стагоддзя знаходзяцца прадстаўнікі культуры і навукі: гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі,  паэт Алесь Гарун (А. Прушынскі), этнограф Браніслаў Эпімах-Шыпіла, пісьменнік-краязнаўца Аляксандр Ельскі, вучоны Вацлаў Ластоўскі, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Пічэта і  іншыя яркія, шматаблічныя асобы. 

— І як складваўся далейшы лёс беларускага кніжнага знака?

— Усё ж беларускі экслібрыс развіваўся ў агульнаеўрапейскім кантэксце і прайшоў такія ж фазы развіцця: маляваны экслібрыс, суперэкслібрыс, экслібрыс-пячатка, мастацкі друкаваны экслібрыс.

У 1920-х – пачатку 1930-х гадоў у беларускім экслібрысе назіраецца росквіт, які быў абумоўлены цікавасцю да графічных тэхнік з магчымасцямі тыражавання, галоўным чынам да ксілаграфіі і цынкаграфіі, і павялічанай цікавасцю да кнігі.

У 1920-я гады ў галіне экслібрыса працуюць дзве групы мастакоў, у Віцебску і ў Мінску. Мінскія экслібрысiсты згрупоўваюцца пры Інстытуце беларускай культуры. Гэта Г. Змудзінскі, П. Гуткоўскі, А. Тычына. У віцебскую групу ўвайшлі З. Гарбавец, М. Загароўскі, Я. Мінін, С. Юдовін. Менавіта 1920-я гады сталі тым «рухавіком», які распачаў развіццё беларускага экслібрысу ХХ стагоддзя.

Шмат экслібрысаў 1920–1930-х гадоў маюць на сваіх выявах нацыянальныя беларускія арнаменты, элементы беларускай старажытнай архітэктуры. Так закладаецца аснова нацыянальных адметных рысаў беларускага экслібрыса для яго паступовага далейшага развіцця. У 1925 годзе было ўтворана таварыства бібліяфілаў пры секцыі выяўленчых мастацтваў Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры). У 1928 г. выдавецтва гэтага таварыства выпусціла манаграфію А. Шлюбскага «Exlibris’ы А. Тычыны», якой фактычна распачалося даследаванне з’явы экслібрыса у Беларусі.

— Што захавалася з тых далёкіх часоў, на якія наклалі пячатку і сацыяльна-палітычныя катаклізмы, і Вялікая Айчынная вайна..?

— У калекцыі графікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца больш за 30 кніжных знакаў перыяду 1920-х гадоў. Пошукі ў спалучэнні белай і чорнай плям можна назваць асноўнымі характарыстыкамі ў мастацтве экслібрысу гэтага часу.

Я апiсваю экслібрыс, створаны Маркам  Шагалам для Louis E. Stern у 1948 годзе, якi знойдзены ў Skofield Printers Collection і захоўваецца ў Special Collections library of the University of California at Santa Barbara. Да творчай спадчыны Марка  Шагала і тэмы Віцебска будзe неаднаразова звяртацца беларускi графiк Уладзiмiр Правiдохiн у канцы XX стагоддзя i iншыя еўрапейскiя мастакi.

Пасля яркага ўсплеску ў беларускім экслібрысе 1920-х – пачатку 1930-х гадоў быў перыяд доўгага зацішша. Вялікая Айчынная вайна перапыніла развіццё мастацтва. Толькі з аднаўленнем кнігавыдавецкага працэсу, наладжваннем навучальнага працэсу Беларускага Тэатральна-мастацкага інстытута зноў змаглі сфарміравацца спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця кніжнага знака ў Беларусі.

 — Такім чынам, новы ўсплеск прыйшоў пасля Вялікай Айчыннай?

 — Кропкай адліку беларускага экслібрыса другой паловы ХХ стагоддзя трэба лічыць не дакладна сярэдзіну стагоддзя, а 1960 год і правядзенне першай выстаўкі кніжнага знака «Выстаўка экслібрыса (ХІХ — ХХ стст.)» у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Арганізатарам гэтай выстаўкі быў Анатоль Тычына, і ён экспанаваў кніжныя знакі са свайго багатага збору. Асноўнымі тэхнікамі выканання кніжных знакаў на выстаўцы з’явіліся ксілаграфія і цынкаграфія.

У ХХ стагоддзі, прайшоўшы гістарычны шлях, распачаты ад скарынінскіх знакаў, беларускі экслібрыс стаў вельмі разнастайны, як тэматычна, так і стылістычна. У кніжных знаках беларускіх мастакоў-экслібрысістаў прымяняюцца практычна ўсе графічныя друкаваныя тэхнікі.

Для 1960–70-х гадоў найбольш актуальнымі былі тэхнікі высокага друку: дрэварыта (ксілаграфіі) і лінарыта, дзе перавага аддавалася хутчэй знакавай лаканічнасці, чым насычанай дэталямі ілюстратыўнасці. Часта экслібрыс у гэты час набліжаны да лагатыпу (экслібрысы А. Тычыны, Я. Ціхановіча, А. Кашкурэвіча, Я. Куліка). У пластычнай мове экслібрысаў 1960-х гадоў назіраецца і пэўны ўплыў традыцый рускіх экслібрысістаў, такіх як У. Фаворскі і М. Дабужынскі, працы якіх экспанаваліся на першай выстаўцы кніжных знакаў у Мінску ў 1960 годзе.

— Атрымліваецца, што экслібрыс захапіў многіх беларускіх мастакоў...

— Можна канстатаваць сёння як агульнапрыняты факт, што беларускі экслібрыс 1960-х гадоў развіваецца «пад зоркай» высокага друку. Лінарыт не губляе сваёй папулярнасці і на працягу 1970-х, калі ў гэтай тэхніцы працягваюць працаваць А. Тычына і Я. Ціхановіч, вядуць свае пошукі ў экслібрысах-лінагравюрах і іх маладзейшыя калегі А. Кашкурэвіч, М. Гугнін, Ю. Баранаў, Ю. Кухараў, а таксама Г. Грак, які застанецца верным гэтай тэхніцы ў сваёй творчасці да канца 1990-х. Плённа працуе ў ксілаграфіі М. Лазавы ў 1960–70-я гады.

У 1960–70-я гады мастакі экслібрыса часта скарыстоўвалі тэхніку клішэ, альбо цынкаграфіі, як даволі лёгкую тэхніку рэпрадукавання, што стваралася на аснове малюнку тушшу. Шмат экслібрысаў у цынкаграфіі стварыў А. Тычына. Эскіз пад цынкаграфію рабіўся як малюнак пяром і пераносіўся на форму фота-спосабам.

З пачатку 1970-х усё большую цікавасць пачынае набываць афорт. У 1970-я гады да тэхнікі афорта ў экслібрысе прыбягаюць Я. Ціхановіч, Я. Красоўскі, М. Лазавы, А. Кашкурэвіч. і прадстаўнікі малодшай плыні У. Савіч і М. Селяшчук. У 1979 годзе М. Селяшчук быў запрошаны як госць на 2-ю Вільнюскую Біенале экслібрыса ў Літву. На выстаўцы Вільнюскай Біенале працы М. Селешчука ўжо маюць толькі яму аднаму характэрную і лёгка пазнавальную пластычную мову.

 — А як складваліся тэматычныя зацікаўленнасці беларускіх экслібрысістаў?

 — Тэмы нацыянальнай беларускай літаратуры і народныя матывы ў экслібрысе былі вельмі распаўсюджаныя ў Беларусі. Aсоба Францыска Скарыны стала сімвалічнай для беларускага экслібрыса, партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў былі папулярнымі матывамі для экслібрысаў у 1970–1990-х гадах. У большасці кніжных знакаў, прысвечаных Ф. Скарыне, мастакі звяртаюцца да тэхнік высокага друку (лінарыт, ксілаграфія), як найбольш прыбліжанай да тэхнікі гравюр са скарынаўскіх выданняў, альбо ўдала імітуюць яе. Таму сярод  «скарынаўскіх» экслібрысаў выдзяляецца экслібрыс Л. Алімава Lev Alimov «З кнігазбору Міхася Мінкевіча» ў тэхніцы афорта (1986 г.)

Плынь, звязаная з творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа, у беларускім экслібрысе закранула як музеі і грамадскія бібліятэкі, так і паліцы прыватных кнігазбораў. Плённа працуючы ў сферы партрэтнага экслібрыса, Яўген Ціхановіч звяртаецца ў кніжных знаках да славутых персаналій розных часоў і краін: С. Манюшкі, А. Міцкевіча, А. Блока, М. Гогаля, Э. Хемінгуэя, А. Экзюперы, Г. Гальбейна, Ф. Шапэна, А. Дворака, Б. Сметаны, П. Чайкоўскага, А. Пушкіна, Ф. Дастаеўскага, І. Тургенева, Б. Пастэрнака, М. Каперніка, Ю. Гагарына.

Мастацкі комплекс задач у беларускім экслібрысе 1960-х – 1990-х гадоў уключыў у сябе пераасэнсаванне гістарычных каранёў і культурнай спадчыны, што яскрава зафіксавана ў тэматыцы кніжных знакаў гэтага перыяду.

У 1980–1990-х працягваюць працаваць у экслібрысе з выкарыстоўваннем афорта мастакі старэйшага пакалення А. Кашкурэвіч, Я. Ціхановіч.

Сярод вядомых беларускіх афартыстаў, якія адметна працуюць у экслібрысе ў 1980-х – першай палове 1990-х гадоў, неабходна ўзгадаць Л. Алімава і Г. Вяля, якія знаходзяць прыхільнікаў сваёй творчасці ў колах айчынных і заходніх калекцыянераў.

Да літаграфіі прыбягаюць у 1980-х Раiса Сіплевіч i Мiкола Селяшчук. Канфлікт неба і зямлі (ці вады?) прасочваецца як тэма ў графічнай і жывапіснай творчасці М. Селяшчука, праходзячы лейтматывам і ў яго кніжныя знакі.

Мiкола Рыжы ў 1980– 90-х стварае серыю сяброўскіх экслібрысаў-лінарытаў,  з вялікай павагай ставячыся да творчых дасягненняў калег. Экслібрысы М. Рыжага – своеасаблівая энцыклапедыя густаў, настрояў, творчых пошукаў яго сучаснікаў.

З 1985 года ў Мінску пачынае актыўна працаваць у лінагравюры Ул. Правідохін (ХІН), вернасць гэтай тэхніцы ў кніжных знаках можна прасачыць на працягу наступных гадоў.

— Але на гэтым вы не спыніліся ў разглядзе беларускага кніжнага знака...

 — Трэцяя глава маёй працы прысвечана беларускаму экслібрысу канца  ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў, асаблiва маладым мастакам і іх прэзентацыям і на міжнароднай сцэне.

 Станаўленне традыцый беларускай мастацкай школы ў ХХ стагоддзі, развіццё станковай і кніжнай графікі стварылі спрыяльную глебу для фарміравання беларускага экслібрыса. На працягу другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст. ст. беларускі экслібрыс набывае свае самастойныя рысы і тэндэнцыі развіцця ў якасці спецыфічнага адгалінавання малых формаў графікі.

 Большасць мастакоў-экслібрысістаў звяртаецца да тэхнікі афорту як да асноўнай у сваёй творчасці ў 1990-х. Працягваюць працаваць у афорце Арлен Кашкурэвіч, Леў Алімаў, Генадзь Вяль. Звяртаецца да афорта Аляксандр Грыгор’еў, Аляксандр Улыбін, Мiкола Рыжы. Цэнтральнай тэхнікай у творчасці становіцца афорт для Юрыя Якавенкі, адметны стыль мастака і філігранныя тэхнічныя асаблівасці яго звыш дэталізаваных афортных кампазіцый літаральна захопліваюць у палон калекцыянераў з Заходняй Еўропы і Амерыкі. Дзякуючы такому поспеху Ю. Якавенкі пачынае ўзрастаць цікавасць і да беларускай графічнай школы ў цэлым. Неабходна адзначыць вядучую ролю афорта і ўсё ўзрастаючы рост яго папулярнасці ў 1990-х на ўсёй еўрапейскай прасторы. У 1990-х можна фактычна вылучыць панаванне афорту ў беларускай графіцы, як тэхнікі найбольш папулярнай у малых графічных формах, і, адпаведна, у экслібрысе. Такім чынам, беларускі экслібрыс працягвае развівацца ў кантэксце тэндэнцый, што ахопліваюць усю еўрапейскую графіку. У 2003-м графiк стварае вельмi прыгожую серыю разам з дачкой Ганнай. Лiнii дзiцячага малюнка ўдала кантрастуюць з фактурамi майстра («Exlibris Pavel Tatarnikov», «Exlibris Milan Humplik», «Exlibris Annet Slotboom»).

 Тэхніка меца-тынта ў асобным выглядзе амаль не выкарыстоўваецца ў экслібрысе. Але як дадатковай, на аснове афорта з траўлёным штрыхом, ёй шырока пачынаюць карыстацца графікі ў другой палове 1990-х (Юрый Якавенка, Тамара Шэлест, Алена Шычко). Серыi  меца-тынта ў 2020-х стварае Марына Мароз.

 Экслібрыс новай генерацыі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя прадстаўлены адметнымі працамі А. Басалыга i В. Нiкiшынай (афорт, літаграфія), В. Крупянковай (літаграфія), Т. Сіплевіч (гравюра на кардоне, літаграфія), К. Харанекі (літаграфія), Р. Сустава (лінарыт, афорт), Т. Шэлест (афорт), А. Шычко (літаграфія, афорт), Г. Ціханавай (гравюра на пластыку, афорт), І. Русачака (афорт), У. Квартальнага i Я. Цімашэнкi (афорт), C. Пiснун (афорт) і іншых маладых графікаў.

Каляровая літаграфія падкрэслівае падабенства кніжных знакаў В. Крупянковай да дзіцячай ілюстрацыі ў наiўным стылi у раннiх работах, пазней звяртаецца да папулярнай тэмы эратычнага экслiбрыса.

Таццяна Сіплевіч асноўнай тэхнікай для стварэння экслібрысаў вынайшла для сябе гравюру на кардоне ў камбінаванні з літаграфіяй. Шматкаляровыя экслібрысы часта ўключаюць у сябе арнаментыку, якая спасылае нас да народнага беларускага мастацтва. Але асновы фармальнай кампазіцыі, абстрактнасць выявы надаюць экслібрысам Т. Сіплевіч вельмі сучаснае гучанне.

 — Відавочна, што і моладзь прыйшла ў беларускі экслібрыс, у беларускую экслібрысістыку?

— Прыход у галіну экслібрыса і поспех у гэтай сферы маладога графіка Рамана Сустава бачыцца цалкам натуральным. Архітэктурныя элементы выступілі цэнтральнымі ў кампазіцыйным вырашэнні афортных экслібрысаў «Exlibris Wouter van Gysel», «Exlibris A. & J. Van Waterschoot», «Exlibris Tjalling Vogelvanger», «Exlibris Thea Winter», «Exlibris М. Кohler».

Іван Русачак – яшчэ адно новае імя ў беларускім экслібрысе пачатку ХХІ стагоддзя. Графік працуе выключна ў афорце. Адной з адметных характарыстык яго экслібрысаў можна назваць вельмі тонкае неглыбокае траўленне, мяккая дэтальная апрацоўка нiбыта iмiтуе маляванне алоўкам.

На фоне шматдэталёвых «рафінаваных» афортаў, якія карыстаюцца вялікім попытам у Еўропе, вельмі свежа і непасрэдна выглядаюць работы Алены Ваўчок.

Павышэнне цікавасці да экслібрысу канца 1990-х – пачатку 2000-х выліваецца ў абвостранае жаданне экспанавання экслібрыса. Беларускiя графiкi экспануюць свае экслiбрысы ў Беларусi i за яе межамi.

Як галерэі, мастацкія музеі адрэагавалі на такі рост у развіцці беларускага кніжнага знака?

— У 2011-2012-м у Музеi сучаснага выяўленчага мастацтва  ў Miнску, напярэдаднi святкавання 15-годдзя музея, была сфармiравана мiжнародная калекцыя экслібрысаў. Яна ахоплiвае творы 198 мастакоў з 34 краiн i перасягнула за 1700 экзэмпляраў.

У 2020-м была сфармiравана выстаўка «Беларускi EXLIBRIS: ад БССР да незалежнай Беларусi» як рэтраспектыўная выстава беларускага экслібрыса з прыватных збораў (куратар Вольга Крупянкова), якая была прадстаўлена ў Мiрскiм замку.  Экспанавалiся А.Тычына, Я. Цiхановiч, А. Кашкурэвiч, М. Лазавы, М. Селяшчук, Г. Скрыпнiчэнка, М. Рыжы, Ул. Правiдохiн, Г. Вяль, М. Капiлава, Ю. Якавенка, Р. Сустаў, В. Крупянкова, Т. Сiплевiч,  Г. Ціханава, С. Пiскун, Ф. Шурмялёў, У. Квартальны, Я. Цiмашэнка, М. Мароз, В. Саўчанка.

У сучасным экслібрысе на змену літаратурным тэмам прыходзяць тэмы агульна-філасофскага гуманістычнага кшталту, як калекцыянераў, так і мастакоў прывабліваюць і клапоцяць экалагічная тэматыка, пытанні жыцця і смерці.

Заўважальная вялікая стылістычная розніца паміж «класічнымі» ўзорамі кніжных знакаў 1970–1980-х гадоў, дзе «кніжнасць» яшчэ выступае адным з галоўных аспектаў, і знакамі, што былі зроблены на сутыкненні ХХ і ХХІ стагоддзяў, у якіх выставачны характар экслібрыса фактычна засланяе прыкладную функцыю.

У метадалогіі даследавання экслібрыса ў беларускай графіцы ХХ  – пачатку ХХІ стст. аўтар прапануе карыстацца экзістэнцыяльным аспектам у падыходзе да вывучэння экслібрысаў. Улічваючы той факт, што ў экслібрысе сутыкаюцца некалькі сусветаў, у першую чаргу ўладальніка кніжнага знака і яго непасрэднага творцы – мастака-экслібрысіста – асаблівую цікавасць набывае менавіта экзістэнцыяльны аспект.

У экслібрысах У. Вішнеўскага 1983–1985-х гадоў адметнай асаблівасцю стала выкарыстоўванне экзістэнцыяльных сімвалаў: прыступак, лесвіцы, як элементаў надзеі, узвышэння над рэаліямі жыцця, крылаў – сімвалаў палёту. Гэта тыя элементы экзістэнцыяльнай эстэтыкі, якія даюць магчымасць выхаду, прыўносяць думку аб магчымасці імкнення да руху, магчымасці дасягнуць гармоніі. Свой аўтарскі экслібрыс (1985 г.) У. Вішнеўскі стварае ў выглядзе сюррэалістычнага аўтапартрэта, насычанага цікавым вобразным радам: невядомая рука нібыта зрывае павязку з вачэй, у якую змяёй увінчваецца надпіс «Exlibris», вусы-карані трымаюць, не адпускаюць ад зямлі.

Сярод кніжных знакаў, створаных беларускімі графікамі, адметнай вобразнай мовай вылучаюцца экслібрысы А. Кашкурэвіча, М. Селешчука, Г. Вяля, Л. Алімава, Ю. Якавенкі, Р. Сустава, I. Русачака.

Трэба адзначыць, што ў серыях экслібрысаў тых графікаў, якія актыўна працавалі ў галіне ілюстрацыі можна прасачыць матывы, што плаўна перацякаюць з праілюстраваных імі кніг (экслібрысы А. Кашкурэвіча, М. Селешчука, Р. Сустава).

З пункту гледжання экзістэнцыі цікавымі для разгляду выступаюць экслібрысы, якія ствараюцца мастакамі-калегамі адзін для аднаго, у рамках творчага абмену. Такія экслібрысы мае сэнс вывучаць парамі, каб унікнуць, што з творчага вопыту адзін аднаго выдзяляюць і на чым завастраюць увагу самі мастакі, чыя экзістэнцыя перавешвае ў дадзеным графічным аркушы, хто адыходзіць у цень, даючы свабоду другому ў выбары тэмы і стылістыкі.

У сэнсе пазнавальнасці і экзістэнцыянальнага аспекту ў падыходзе вельмі цікавымі для разгляду бачацца экслібрысы Міколы Рыжага. Гледзячы на іх, у першую чаргу кідаецца ў вочы не аўтарства, а асоба, для якой экслібрыс быў зроблены. Асновай сяброўскіх экслібрысаў Міколы Рыжага, зробленых для калег-мастакоў, выступае стылізацыя пад творчую манеру ўладальніка.

— Калі гаварыць пра адрозненні, якія закранулі і беларускі кніжны знак...

— На сённяшнім этапе развіцця кніжных знакаў трэба адзначыць пашыраную тэндэнцыю персаналізацыі экслібрыса, накіраваную не на асобу ўладальніка, а хутчэй на асобу мастака. Экзістэнцыя выканаўцы кніжнага знака выходзіць на першы план. Такое перасоўванне акцэнтаў можна прасачыць і па дадзеных друкаваных матэрыялаў (артыкулаў, каталогаў), і па этыкетках на выстаўках. Раней спачатку пазначаўся ўладальнік кніжнага знака, яго прафесія ці іншыя звесткі для ідэнтыфікацыі, а толькі потым выканаўца экслібрыса. Цяпер на першым месцы стаіць імя мастака.

 З пазіцыі экзістэнцыяльнага аспекту вобразы смерці на эратычных экслібрысах невыпадковыя i становяцца даволi папулярнымi ў еурапейскiм экслібрысе канца ХХ – пачатку ХХI стст. Гэта квінтэсэнцыя страху памежнай сітуацыі – каханне і смерць, асалода і жах – якія знаходзяць сваю інтэрпрэтацыю ў экслібрысе.

— І ў Беларусі, і ў памежных краінах сёння вылучаюць графіка Юрыя Якавенку...

— Так, бадай што самым вядомым з беларускіх графікаў-экслібрысістаў за мяжой сёння можна назваць Юрыя Якавенку. Вобразныя і тэхнічныя асаблівасці яго экслібрысаў неаднаразова атрымлівалі самыя высокія адзнакі калекцыянераў і крытыкаў. Яго ўнікальны стыль распазнаецца імгненна. Гэта нешта неверагоднае, але свет вачыма мастака ператвараецца ў свет уладальніка экслібрыса – якой бы моцнай не была экзістэнцыя мастака, яна ўсё роўна закранае светапогляды і экзістэнцыю збіральніка экслібрысаў.

ХХ стагоддзе можна назваць не толькі часам інтэнсіўных творчых пошукаў і новых плыняў у мастацтве, але і часам перайманняў і кампіляцый. Такая тэндэнцыя найбольш характэрна адбілася на мастацтве экслібрыса. Імітаванне стылістычнай манеры мастакоў папярэдніх стагоддзяў, запазычанні, зварот да пазнавальных сімвалаў і дэталяў для стварэння вобраза, які зможа яскрава праілюстраваць і падкрэсліць асноўныя рысы таго ці іншага кніжнага збору, становяцца атрыбутыўнымі ў культуры экслібрыса. Адным з яскравых атрыбутаў у еўрапейскім экслібрысе ХХ – пачатку ХХІ стст. неабходна вылучыць аспект цытавання, які яскрава прасочваецца ў шэрагу кніжных знакаў, створаных беларускімі графікамі.  Да прыёму цытавання ў сваіх экслібрысах прыбягалі такія беларускія мастакі як Я. Ціхановіч, Г. Грак, Л. Алімаў, Г. Вяль, Ю. Якавенка, R. Sustov, V. Kvartalny, A.Vauchok.

«Hommage» – «даніна», прысвячэнне, але, акрамя асобы, якой прысвячаецца твор, на такіх экслібрысах абавязкова павінна значыцца імя жывой персоны, уладальніка кніжнага знака.

Асоба Рэмбрандта з’яўляецца знакавай ужо не для аднаго пакалення графікаў. Сваю даніну аддалі яму і беларускія экслібрысісты. Аўтапартрэт майстра і постаць яго музы Саскіі змясціў Г. Грак на лінагравюрным экслібрысе для беларускага калекцыянера Міхася Мінкевіча.

Тэматычныя конкурсы экслібрыса часта ставяць сваёй асновай пэўны зварот да цытавання. Так, на конкурсе экслібрыса, прысвечаным італьянскаму мецэнату часоў Адраджэння Папе Юлію ІІ, які праводзіўся ў 2004 годзе ў Італіі, фактычна 95 % сучасных работ пабудаваныя на прынцыпах цытавання. Першае месца на конкурсе атрымаў тады яшчэ студэнт V. Kvartalny.

Нельга не ўзгадаць у беларускім экслібрысе моманты запазычвання сімвалаў з гравюр выданняў Ф. Скарыны.  Сігнэт сонца-месяца можна назваць сімвалічным для шэрагу беларускіх кніжных знакаў. Часта скарыстоўвалі беларускія мастакі-экслібрысісты і фамільныя клейны бацькоў Францыска Скарыны, і выяву яго аўтапартрэта.

Ю. Якавенка  бярэ на ўзбраенне спадчыну сярэднявечнай кніжнай мініяцюры, стварае свае афорты-вітражы на аснове гатычнага алфавіту. Стылістыкай Сярэднявечча і здабыткамі старых майстроў-гравёраў захоплены і маладзейшы калега Юрыя Якавенкі – Раман Сустаў.

Кніжны знак прыцягвае ўвагу не толькі музеяў, мастацкіх галерэй, але і прыватных калекцыянераў...

— Сёння ёсць сэнс вывучаць «экслібрысны рух» як культуралагічны працэс, бо ў культуры экслібрыса менавіта фактар камунікабельнасці выступае адной з самых характэрных рыс гэтага феномена. У сучасным экслібрысе здзяйсняюцца метамарфозы, у выніку якіх экслібрыс ужо фактычна стаў самастойным жанрам мастацтва, як выпрастаўшыся з прасторы кнігі, так і адасобіўшыся ад мастацтва станковай графікі, захаваўшы сваю спецыфічнасць. Адна з асаблівасцяў гэтай спецыфікі – менавіта калекцыянаванне. У гэтым сэнсе вялікую цікавасць набываюць кангрэсы калекцыянераў і мастакоў, і фаварытам у такіх дзеях, безумоўна, выступае міжнародны кангрэс FISAE.

Магчымасць удзелу ў такой з’яве, як Міжнародны кангрэс FISAE, можна лічыць агромністым падмуркам для творчага росту маладога мастака, бо такога вопыту напрацягу аднаго тыдня наўрад ці можна атрымаць яшчэ недзе. Перад тваімі вачыма разгортваюцца бадай што ўсе лепшыя здабыткі як старога, так і сучаснага экслібрыса, прычым не толькі за шклом вітрын на выстаўках, але і ў папках, прывезеных на кангрэс прыватных калекцыях, калі арыгінал можна патрымаць у руках, разгледзець і абмеркаваць тут жа з калегамі і калекцыянерамі, вопыту якіх, адпаведна як і складу калекцый, бывае, могуць пазайздросціць музейныя супрацоўнікі высокага прафесійнага ўзроўню.

Акрамя  міжнародных конкурсаў у рамках правядзення FISAE, пастаянна ўзрастае ўзровень прадстаўленых экслiбрысау i канкурэнцыя на конкурсах нямецкага клуба DEG, Exlibris competition Bodio Lomnago (Italy), International Exlibris Competition Varna organized by Largo gallery, numerous competitions in Poland, Turkey, Ukraine, Russia.

Мастацкi тандэм сям’i экслiбрысiстаў Уладзiслава Квартальнага i Яўгенii Цiмашэнкi набываe вялiкую папулярнасць у калекцыянерскiх колах Заходняй Еўропы i Кiтая. Ул. Квартальны і Я. Цімашэнка актыўна карыстаюцца колерам ў сваіх эстампах, выкананых у тэхніцы афорта. Iх творчыя бiяграфii суправаджае сур’ёзны спiс мiжнародных узнагарод.

New names from young generation at belarusian exlibris are Fedor Shurmelev, Marina Zhvirblia,  Gleb Sidorenko, Egor Shokoladov.

Вывучэннe экслібрыса ХХ – пачатку ХХІ стст. закранае і такія новыя для  беларускага экслібрыса кірункі, як «кампутарны экслібрыс», «дзіцячы экслібрыс». Былі прадстаўлены работы ўдзельнікаў з Беларусі на дзіцячым X конкурсе-біенале экслібрыса ў Жарах (Польша) у 2004 годзе, дзе Вiтаўт Кашкурэвіч (9 гадоў) атрымаў Першую прэмію, а Каця Лазар (8 гадоў) – Другую.  У 2017 годзе ўдзел у Міжнародным дзіцячым конкурсе ў Hlohovec (Славакiя) прынёс перамогу для Мihas Shatsila (13 гадоў), Аryna Razaronava (9 гадоў) i Anastasia Kukain (8 гадоў). У 2021-м прызы атрымалi  Аryna Razaronava (13 гадоў) and Taisia Parshina (13 гадоў).

Безумоўна, рост цікавасці да беларускага экслібрыса з боку сур’ёзных выданняў, якія спецыялізуюцца на тэме экслібрыса, і займанне беларускімі мастакамі-экслібрысістамі ўзнагарод падчас міжнародных конкурсаў кніжнага знака ў розных краінах сведчыць пра высокі ўзровень культуры экслібрыса ў Беларусі.

Экслібрысы беларускіх aўтараў уваходзяць у склад калекцыі экслібрыса Нацыянальнай Аўстрыйскай бібліятэкі (Вена, Аўстрыя),  International Exlibris Centrum Stadt Sint-Niklaas (Belgium). Шырока прадстаўлены беларускія экслібрысісты i ў Музеi экслібрыса  ў Турцыi, якi пераехаў з Анкары ў Стамбул разам з яго заснавальнiкам Хасiпам Пекташам (Hasip Pektas). Неаднаразова прадстаўляў беларускiх графiкаў музей г. Фрэдэрыксхаўна Frederikshavn (Данiя) i Музей экслiбрыса SIEAC у Тяньдзiнь (Кiтай).

Belarusian printmakers made exellent book plates to collections for Oleg Soudlenkov, Sergey Brodovich,  Maxim Shevarkov, Mario de Filippis, Agath and Jos van Waterschoot, Marietta Hagedorn, Alla and Gerard Polderman, Christos Giannakos, Marina Stappen, Ruth Jensch, Jan Bruggheman, Cor van Vlijmen, Wouter van Gysel, Tjalling Vogelvanger, Thea Winter, Helga Becker-Bickerich, Riet de Haas, Мarlies Кohler, Klaus Rödel, Norbert Hillerbrandt, Jack van Peer, Anyta Thys, Lodewijk Deurinck, Kaaro and Cori Walaard-Sacre, Josef Burch, Ludek Kriz, Ivan Bohach, Peter Bujdak, Dushan Sutera, Brigitte Esche, Joop Sleep, Frans van der Veen, Henry Klein, Marvin Bolotsky, Luigi Bergomi, Shoishi Koeda, Yuzuru Kudo, Masahito Sakamoto, Shuochai Liu, Zhang Tongqing, Po Yen Lee, Chen Hong, Jiang Wenxue,  Xue Zhiyang, Qi Li and others.

Высокі статус мастацтва беларускага экслібрыса на міжнароднай арэне, прызы беларускіх экслібрысістаў, атрыманыя на прэстыжных замежных конкурсах, цікавасць да гэтай з’явы з боку  замежных  клубаў экслiбрыса i iх часопiсаў дапамаглi аўтару ў асмысленнi тэмы i далi моцную матывацыю для выдання  кнігi па вывучэнню экслібрыса ў беларускай графіцы ХХ – пачатку ХХІ стст.

— Дзякуй, спадарыня Ганна! Будзем спадзявацца на хуткую сустрэчу з вашай кнігай «Беларускі экслібрыс ХХ — пачатку ХХІ стст»! Мяркую, што яе выданне стане вялікай падзеяй не толькі для экслібрысістаў, а і ўвогуле для беларускай культуры, беларускіх кніжнікаў!

Гутарыў Алесь КАРЛЮКЕВIЧ. 

Сафія (Балгарыя) – Мінск (Беларусь)

 

Выбор редакции

Калейдоскоп

Восточный гороскоп на следующую неделю

Восточный гороскоп на следующую неделю

На этой неделе Тельцы будут просто незаменимы везде, где их знают.