Вы тут

«Мы жылі адной марай — разбіць ворага...»


Старшыня Савета ветэранаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Рыгор ПРЫШЧЭПНЫ на фронце апынуўся ў даволі юным узросце — у сямнаццаць. Цяпер Рыгору Васільевічу восемдзесят дзевяць гадоў, сорак з іх ён працуе загадчыкам лабараторыі вышэйшай матэматыкі БДУІР. У размове ветэран узгадаў пра сваю ваенную маладосць і паразважаў пра сённяшніх юнакоў і дзяўчат, з якімі працуе ва ўніверсітэце.

7-9

Украіна і Беларусь — абедзве гэтыя краіны сталі для Рыгора Прышчэпнага роднымі. Нарадзіўся ён на Чаркашчыне, у горадзе Залатаноша. Усе дні праводзіў з сябрамі ў лесе ці на рацэ. Днепр пад Чаркасамі дасягае больш як кіламетровай шырыні, і Рыгор у сёмым класе ўжо пераплываў яго.

— Увесь вольны час мы праводзілі на свежым паветры: збіралі грыбы, гулялі ў «квача» (даганялкі пад вадой), футбол, лапту, — узгадвае Рыгор Васільевіч. — Акрамя таго, навучанне ў школе ў той час было крыху іншым, усіх хлопцаў рыхтавалі да абароны краіны. Мы здавалі нормы ГПА, займаліся фізічнымі практыкаваннямі. У піянерлагерах, куды многія ездзілі на адпачынак летам, вялікая ўвага надавалася патрыятычнаму выхаванню. Шчыра кажучы, некаторыя з навыкаў, якія я атрымаў у тыя часы, пасля спатрэбіліся мне на фронце.

Калі пачалася вайна, ён толькі восем класаў скончыў. У верасні 1943 года, калі хлопцу споўнілася 17 гадоў, быў прызваны ў Чырвоную Армію, у разведку. Магчымасць абараняць сваю Радзіму ўспрыняў як вялікі гонар. Той год стаў пераломным у Вялікай Айчыннай, і хлопец быў упэўнены ў канчатковай перамозе над ворагам. Рыгор Васільевіч кажа, што вайна адразу ж зрабіла з яго дарослага чалавека. Служба ў войску імгненна навучыла хлопца адказнасці: за свае паводзіны, рашэнні і за жыццё таварышаў.

— Я ні ў якім разе не шкадую, што маё юнацтва прыйшлося на вайну, — канстатуе суразмоўца. — Нават думкі пра гэта не з'яўлялася, пакуль вы не спыталі. Мы жылі адной марай, адным парывам — хутчэй разбіць ворага.

7-14Рыгор Прышчэпны ўзгадвае, што ў разведроце ў асноўным служылі яго равеснікі. Ён мяркуе, што перавагу самым маладым аддавалі таму, што ім не было пра што шкадаваць: ні жонак, ні дзяцей... У самога ж Рыгора Васільевіча за ўвесь час службы ні разу не з'явілася думка, што ён можа загінуць. Жартам кажа, што на заданні ішоў, як на працу.

— Нягледзячы на тое, што смерці мы не баяліся, яна заўсёды была побач, — узгадвае ветэран. — Са мной яна сустрэлася ўжо напрыканцы вайны, на нямецкай тэрыторыі. Мясцовае насельніцтва часта ставілася да чырвонаармейцаў негатыўна ці нават з непрыхаванай агрэсіяй. Аднойчы мы з напарнікам зайшлі ў двухпавярховы будынак, непадалёк ішоў бой. Спыталі ў гаспадыні, старой жанчыны, ці ёсць у доме нямецкія салдаты. Яна пакачала галавой — не. Вырашылі праверыць. У адным з пакояў стаяла шафа. Раптам, калі мы былі побач, яе дзверы адчыніліся і адтуль мне выстралілі ў твар, ажно асляпіла. Я аўтаматычна ў тую ж секунду даў чаргу па шафе са свайго ППС. Немец нейкім неверагодным чынам прамахнуўся — куля прастрэліла толькі капюшон на маім маскхалаце.

Падзеі вайны Рыгор Васільевіч узгадвае без асаблівага імпэту. Ён прызнаецца, што яны дагэтуль трывожаць яго душу. Ужо ў пасляваенны час у адпачынку на Радзіме ён часта хадзіў на паляванне. Браў стрэльбу, патроны, ішоў у лес, назіраў за дзічынай, але ніколі не страляў па жывых істотах...
Для яго за шчасце было адчуваць прыроду, не кранаючы гэтай прыгажосці.

Перамогу Рыгор Прышчэпны сустрэў 7 мая ва Усходняй Германіі. Шчаслівую навіну паведаміў радыст. Святкаванне было, па вайсковых мерках таго часу, багатым: тушонка, галеты, хлеб і спірт-сырэц, якога выдавалі па сто грамаў кожны дзень. Ветэран памятае, як ад радасці і ўзбуджэння ўпершыню за ўвесь час вайны прыклаўся да флягі са спіртам. Ды так, што пасля праспаў усю ноч каля клумбы на вуліцы.

— З тых часоў у мяне з'явілася агіда да алкаголю, — прызнаецца суразмоўца. — Мог зрэдку выпіць трохі віна. Але ўжо 20 гадоў, як я ўвогуле не п'ю спіртнога. Дарэчы, многія на фронце грашылі ўжываннем алкаголю, і гэта можна зразумець. Але часта аматары выпіўкі расплачваліся за тое жыццём. Разведчыку заўсёды трэба быць напагатове, а алкаголь абуджае самыя страшныя, цёмныя інстынкты: агрэсію, нянавісць. І ў моманты, калі сітуацыя патрабавала хуткага і ўзважанага прыняцця рашэнняў, галава падводзіла хлопцаў.

Вяртаўся з фронту Рыгор Васільевіч на... веласіпедзе. Два тыдні разведрота правяла, круцячы педалі. Бацька Рыгора Прышчэпнага загінуў падчас вызвалення Днепрапятроўска. Маці параіла хлопцу самому шукаць сабе месца ў жыцці, не вяртаючыся на малую радзіму. Ён прыехаў у Мінск і працягнуў службу ў арміі, адначасова вучыўся ў вайсковым вучылішчы, пасля паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. Служыў пад Масквой. У 1975 годзе скончыў службу і прыехаў працаваць у Мінскі радыётэхнічны інстытут на кафедру вышэйшай матэматыкі, тут ён і цяпер. Ветэран часта выступае перад студэнтамі, дзеліцца з імі сваімі думкамі і ўспамінамі.

— Мне цяжка параўноўваць маё пакаленне і сённяшнюю моладзь, — разважае Рыгор Васільевіч. — Я не магу сказаць, што мы былі лепшыя ці горшыя. Мы проста розныя. Наша пакаленне, як мне падаецца, было больш сціплым, паслухмяным, з большай павагай ставілася да старэйшых. Сённяшняя моладзь значна больш пісьменная, адукаваная, у тым ліку і дзякуючы інтэрнэту. Яна цікавіцца ўсім на свеце, не саромеецца задаваць пытанні. Студэнты хутка знаходзяць адказы, цягнуцца да ведаў. Гэтыя веды выхоўваюць у іх самастойнасць, крытычнае мысленне. Але адна з сур'ёзных праблем, якую я заўважаю, — гэта лянота. Далёка не ўсе паспяхова з ёй змагаюцца. Акрамя таго, сучасныя студэнты ў большай ступені індывідуалісты, чым калектывісты, што таксама ўплывае на іх характары. Я цешуся надзеяй, што яны сапраўдныя патрыёты. Бо калі раптам здарыцца такое, як было 70 з лішкам гадоў таму, Беларусі будуць патрэбны абаронцы, гатовыя аддаць усё для яе будучыні.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.