Вы тут

Што танкісты рабілі ў пабе


Фанацкія пальчаткі, крычалкі і шмат піва — думаеце, размова пра які-небудзь футбольны матч? Не, так днямі ў сталіцы дзясяткі людзей назіралі за студыйным фіналам Лігі СНД Wargamіng.net па гульні World Of Tanks ці, прасцей кажучы, па славутых «Танчыках». На мерапрыемстве папрысутнічаў і карэспандэнт «Звязды».


Каманда пераможцаў — украінцы з Natus Vincere.

Сам фармат для нашай краіны даволі незвычайны, а таму і цікавы — PubStomp, або прагляд мерапрыемства ў шумнай кампаніі ў пабе. Матч праходзіў на велізарнай «Кіберспорт-Арэне» ў Кіеве, мінчане ж назіралі за турнірам на вялікіх экранах пры дапамозе трансляцыі ў інтэрнэце. Што ўражвала — колькасць людзей, якія прыйшлі ў паб гэтым вечарам.

— Я прыйшоў проста паперажываць за каманду, якая мне падабаецца, яна называецца NSS, — расказаў наведвальнік, які назваўся Аляксандрам. — Назіраць за такімі спаборніцтвамі цікава, асабліва калі ты сам разумееш, што значыць гуляць у «Танкі». Я стаў «танкістам» пяць гадоў таму. Узровень гульцоў на такіх турнірах — неверагодна высокі, такіх цяжка сустрэць у звычайных баях у інтэрнэце. Можна нечаму навучыцца для сябе, пераняць тактыку. Акрамя таго, мне падабаецца сама атмасфера. На маю думку, кіберспорт — гэта такі ж самы спорт, як той жа футбол, хакей ці біятлон. Калі ты за некага «хварэеш», то абавязкова атрымаеш сваю порцыю эмоцый.

Тым часам спаборніцтвы пачынаюцца. Па трансляцыі з першых жа хвілін становіцца зразумела, што падзея сапраўды маштабная. На арэне працуе цэлы штат прафесійных каментатараў, экспертаў — усё, як у сапраўдным спорце. Адразу адчуваеш сябе дзяўчынай, якая глядзіць футбол у кампаніі хлопцаў, — задаеш пытанні, на якія «дасведчаныя» гледачы могуць толькі спагадліва пасміхацца. Мне тлумачаць, што ў фінале сустракаюцца дзве каманды, у кожнай па сем чалавек: бясспрэчны фаварыт з Украіны пад назвай Natus Vіncere (Na'Vі) і «андэрдогі» расіяне з каманды Not So Serіous (NSS).

Мы ж знаёмімся з яшчэ адной балельшчыцай, яна таксама падтрымлівае расіян. Ганна працуе галоўным бухгалтарам, а сёння прыйшла паназіраць за фіналам.

— Мне ўвогуле падабаюцца камп'ютарныя гульні, — дзеліцца дзяўчына. — World Of Tanks — надзвычай цікавая, бо ў ёй маюць ролю і стратэгічнае мысленне, і такія простыя рэчы, як рэакцыя чалавека, ну і шанцаванне, куды без гэтага. Прасцей кажучы, не банальная «стралялка».

— З майго пункту гледжання, спаборніцтвы па камп'ютарных гульнях паступова рухаюцца да таго, каб стаць паўнавартаснымі відамі спорту, — падзяліўся думкай менеджар аддзела кіберспорту мінскай студыі распрацоўкі кампаніі Wargamіng "Гейм Стрым" Павел ВАРАБЕЙ. — Фактычна кіберспорт праходзіць шлях такіх відаў, як, напрыклад, футбол, толькі вось аўдыторыя ў нашых турніраў з'яўляецца значна хутчэй. Па ўсім свеце ўжо з'явілася адпаведная інфраструктура: праводзяцца трансляцыі, ёсць прафесійныя каментатары і, вядома, прафесійныя гульцы. Таму, я думаю, у хуткім часе мы прыйдзем да таго, што кіберспорт будзе ўспрымацца гэтак жа, як традыцыйныя віды. Чаму ў фінале не ўдзельнічаюць беларусы? На жаль, у нас пакуль няма моцных камандаў, толькі асобныя гульцы (летась адзін беларускі хлопец стаў чэмпіёнам у складзе каманды з іншай краіны).

Мы ж вяртаемся да трансляцыі. У вырашальным раўндзе ініцыятыву адразу захопліваюць хлопцы з Na'Vі. Расіяне не стрымліваюць націск і адзін за адным выбываюць з бою. Апошні з танкаў NSS гераічна адстрэльваецца, уцякаючы ад наступаючых ворагаў, але пасля некалькіх промахаў і яму прабіваюць браню. Узрадаваныя балельшчыкі ўкраінцаў ускокваюць са сваіх месцаў, абдымаюцца і пачынаюць святкаваць.

Ужо пост-фактум эксперты і балельшчыкі назвалі матч найлепшым фіналам лігі ў гісторыі.

lyskavets@zvіazda

Загаловак у газеце: Мірныя баі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.