Вы тут

Чым карысныя «гульні ў робатаў»


Сталічнаму стартапу «Школа робататэхнікі» нядаўна споўнілася тры гады. Дзень нараджэння адзначылі незвычайна — далі магчымасць ахвотным журналістам, сярод якіх быў і карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены», самім сабраць машыну.


У за­хап­лен­ні бы­лі ўсе ўдзель­ні­кі ін­жы­нер­на­га спрын­ту.

У якасці лабараторыі выкарыстоўваем памяшканне адной са сталічных гімназій — тут ужо доўгі час размяшчаецца адна са «Школ робататэхнікі». Дарэчы, усяго ў Мінску і ваколіцах такіх кабінетаў больш за 40, а вучыцца ў іх больш за тысячу юных аматараў робатабудаўніцтва.

Задача — сабраць невялікі механізм, дзве часткі якога (у выглядзе птушак) павінны круціцца ў розныя бакі. Хуценька разбіраюся з каркасам і дабаўляю да яго рухомыя элементы: гумку (яна выконвае ролю раменнай перадачы), прывад і маторчык з платай, якая падключаецца да камп'ютара.

— Галоўнай мэтай праекта мы лічым з'яўленне падобных да гэтага кабінетаў у кожнай школе Беларусі, — кажа тым часам стваральнік «Школы робататэхнікі» Ігар БЯЛЕВІЧ. — Ужо цяпер працуем над тым, каб распачаць работу ў абласных цэнтрах, а не толькі ў сталіцы. Галоўная перавага навучання робататэхніцы ў тым, што, ствараючы машыны, навучэнец адразу наглядна бачыць, навошта яму патрэбны многія школьныя прадметы. Бо без матэматыкі і фізікі ты не зможаш дакладна разлічыць тэхнічныя характарыстыкі мадэлі, а без англійскай мовы яе не запраграмуеш. Гэта так званая сістэма STEM-адукацыі (scіence — навука, technology — тэхналогія; engіneerіng — інжынерыя; math — матэматыка).

Пры­кла­ды та­го,  якіх ро­ба­таў ства­ра­юць  пра­су­ну­тыя на­вед­валь­ні­кі шко­лы.

Тым часам я даходжу да самага адказнага этапу — падключэння сабранай машыны да камп'ютара і напісання алгарытму. Хоць насамрэч усе каманды, якія можа выканаць плата, аформлены ў выглядзе малюнкаў на экране ноўтбука. Мне застаецца толькі расставіць іх у правільным парадку. Цісну на «пуск», але птушкі цалкам лагічна круцяцца ў адзін бок. А каманды «круціць птушак у розныя бакі» ў інтэрфейсе праграмы няма. Рашэнне прыходзіць праз некалькі хвілін разважанняў — можна паставіць раменную перадачу «васьмёркай».

— Калі казаць пра глабальныя задачы школы, што я паставіў бы на першае месца вяртанне ў моладзі цікавасці да інжынерных прафесій, — працягвае Ігар Бялевіч. — Думаю, што для такой краіны, як наша, гэта вельмі актуальна. Мы імкнёмся зрабіць свае заняткі даступнымі для ўсіх, нашы цэны параўнальныя з аналагічнымі ў гуртках у дзяржаўных установах адукацыі, такіх як Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Ажывіць машыну, ці Чым карысныя «гульні ў робатаў»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.