Вы тут

Наша краіна вачыма чэшскага пілігрыма


Хонза Дойч вучыцца ў славутым Карлавым універсітэце. Хлопец любіць вандраваць і ўжо пабываў у больш чым дваццаці еўрапейскіх краінах. А гэтым летам наведаў Беларусь, каб паўдзельнічаць у пілігрымцы Мінск – Будслаў. Падчас паломніцтва спаў у былым сельвыканкаме, упершыню пакаштаваў халаднік, а пасля падрабязна распавёў пра свае прыгоды карэспандэнту “Звязды”.


- На мой візіт у Беларусь паўплывала Тэзэ, еўрапейскае малітоўнае спатканне, якое летась праходзіла ў Валенсіі, - пачынае размову Хонза. - Вось там я і сустрэў маладых людзей з Мінска. Яны запрасілі мяне паўдзельнічаць у будслаўскай пілігрымцы, наведаць Беларусь.

Шчыра кажучы, чуў пра вашу краіну няшмат. Ведаў толькі пра Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, біятланістку Дар’ю Домрачаву, а таксама некалькі гістарычных фактаў. Беларусь стала для мяне самай экзатычнай краінай, якую я наведаў. Са мной павінен быў ехаць сябар, але дзяўчына і сваякі яго не адпусцілі. Мае бацькі крыху баяліся за мяне, трывожыліся. Усё ж такі я ніколі не ездзіў вандраваць у краіну, якая знаходзіцца па-за межамі Шэнгенскай зоны. Упершыню ў жыцці мне спатрэбілася віза. Але праз колькі дзён я звязаўся з імі, сказаў, што ўсё са мной добра, і яны сталі менш хвалявацца.

- Хонза, а як часта ты ўдзельнічаеш у пілігрымках?

- Пілігрымка ў Будслаў стала для мяне першай. І яна мне вельмі спадабалася. Цяпер планую пайсці ў паломніцтва ў Чэхіі. У нас самым вядомым і папулярным месцам для  пілігрымаў з’яўляецца мястэчка Велеград, звязанае са святымі Кірылам і Мефодзіем. Менавіта яны прынеслі хрысціянства ў нашу краіну. Праз некалькі гадоў хачу зноў наведаць Будслаў.

- Ты прайшоў 126 кіламетраў з беларускімі пілігрымамі. Як пераносіў дарогу?

-  Калі даведаўся, што прыйдзецца столькі ісці, крыху спужаўся. Аднак я ўбачыў, што ідуць і малыя дзеці, і старыя людзі. Гэта мяне супакоіла. А так пілігрымка атрымалася проста фантастычнай. Я быў уражаны тым, што жыхары вёсак частавалі нас вадой і ежай альбо проста віталі. Калі канчаліся сілы, гэта надавала нам энергіі. Пілігрымка ва ўсім стала для мяне вялікімі досведам.

-  А як табе беларуская кухня?

-  Мяне вельмі здзівіла наяўнасць у ежы кропу, бо ў Чэхіі яго звычайна не выкарыстоўваць пры гатаванні страў. Падчас шляху мы елі суп з хлебам, кропам, мясам. Мне падаецца, што апошні раз я еў кроп 12 гадоў таму, калі яшчэ вучыўся ў пачатковай школе. І кампот з садавіны я таксама апошні раз каштаваў у школе. Дарэчы, у пілігрымцы вяскоўцы некалькі разоў частавалі нас хатнім кампотам, і ён мне надта спадабаўся.

-  Што цябе найбольш уразіла падчас пілігрымцы?

-  Малыя дзеці і некалькі старых жанчын, якія пераадолелі такую ж дыстанцую, як і мы. Яны прайшлі гэты шлях без аніякіх праблем. Але найбольш моцным уражаннем падчас пілігрымкі стаў момант, калі мы ўбачылі ўдалечыні будслаўскі касцёл. Усе ўкленчылі. А пасля гэтага падняліся на узгорак, абняліся, перапрасілі адно аднаго за нязручнасці, якія стваралі падчас пілігрымкі.

А яшчэ мяне ўразіла ваша лазня. Я ніколі ў сваім жыцці не спрабаваў падобнае. Маю на ўвазе душ з вядра. Усё ж такі ў нашых вёсках большасць людзей маюць ванну, водаправод і прыбіральню ў доме. Нават у маленькіх чэшскіх вёсках працуюць вялікія крамы, якія трымаюць пераважна в’етнамцы. Выбар прадуктаў у іх значна большы, чым у беларускіх вясковых крамках.

- Да якіх разваг цябе падштурхнула наведванне Беларусі?

- Я адчуў вялікае задавальненне ад паломніцтва. І ў наступны раз хачу прыехаць у Беларусь з сябрамі, пайсці у пілігрымку з Баранавічаў, ад якіх да Будслава больш 250 кіламетраў. Праўда, я не ўпэўнены, калі здолею наведаць зноў Беларусь, бо паеду вучыцца ў Іспанію. Мне таксама вельмі спадабаліся беларусы. Яны вельмі сардэчныя і добразычлівыя людзі. У тым ліку заўважыў, што ў вас больш людзей ходзяць у касцёл, чым у нас. Чэхія наогул з’яўляецца самай атэістычнай краінай у свеце. Толькі каля дзесяці працэнтаў чэхаў лічаць сябе хрысціянамі.

 

Я таксама ўсцешаны, што сустрэў новых сяброў. Атрымаў асалоду ад розных старых штук, якія бачыў у вашым грамадскім транспарце. Я быў у захапленні ад дызельнага цягніка, якім дабіраўся ў Нясвіж. Такі ў Чэхіі можна ўбачыць толькі ў музеі. І вельмі класна, што я здолеў на ім пакатацца.

-  А ці падалася табе Беларусь еўрапейскай краінай па укладу?

-  Беларусь – краіна Усходняй Еўропы. Аднак я ўсё роўна быў здзіўлены, калі на вуліцах вашых гарадоў, у метро ўбачыў шмат савецкай сімволікі. У нас яе даўно прыбралі, бо да савецкага многія ставяцца даволі варожа. У пражскім метрапалітэне таксама няма, напрыклад, станцыі метро Маскоўскай, якая існавала пад такой назвай да 1990 года. Цяпер яна называецца “Андэл” (“Анёл” – Аўт.). Пры гэтым я ўбачыў у вашых касцёлах шмат выяў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Гэта цудоўна.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота Надзеі Бужан і з архіва Хонзы Дойча

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.