Вы тут

Прадпрымальнае рамяство. Любімая справа здольна пракарміць?


Для адных гэта хутчэй хобі і дадатковы заробак. Другія ўсур'ёз лічаць, што любімая справа здольна пракарміць. Тры жыхары Маладзечанскага раёна падзяліліся сваімі гісторыямі.


Ад сурвэткі да сукенкі

У вёсцы, дзе расла Аляксандра Клімко, лічылася ганьбай, калі дзяўчына выходзіла замуж без пасагу, зробленага сваімі рукамі. У жанчыны да гэтага часу захоўваецца матчын саматканы абрус з карункавымі краямі. Унікальнай рэчы 80 гадоў, і Аляксандра Іосіфаўна кажа, што аднойчы перадасць яго ў спадчыну праўнучкам.

— Калі я расла, у вёсцы было вельмі цяжка жыць. Маці была занятая працай з ранку да вечара, так што пераймала навуку рукадзелля ад старэйшых суседскіх дзяўчат. Яны пасвілі кароў разам з малымі і бралі на поле дробную работу. Сядзелі, вязалі, а мы назіралі і стараліся запомніць узор. Схем жа тады не было, малюнак перадавалі па памяці, — успамінае жанчына.

Пасля вучобы ў тэхнікуме Аляксандра Іосіфаўна працавала аграномам, потым вывучылася на настаўніцу біялогіі. Пра рамяство ўспомніла, калі людзі зацікавіліся ручнымі вырабамі. Вязала адзенне для сябе, родных — адных толькі абрусаў зрабіла некалькі дзясяткаў.

На пенсіі з ніткамі і кручком працавала, хутчэй, пад ахвоту, бо з'явіўся лішні час. Пра тое, што ў Маладзечне існуе цэнтр рамёстваў, падказала адна з цяперашніх калег. Так Аляксандра Іосіфаўна стала ўдзельніцай клуба майстроў народнай творчасці «Вытокі». Як ні дзіўна, гэта няхітрае дзейства памяняла жыццё з «сядзячага» на больш актыўнае.

— Пенсіянер рэдка куды выбіраецца. Летам сядзіць у агародзе, зімою — перад акном. А мы з калегамі ад цэнтра рамёстваў выязджаем на фестывалі ды выстаўкі-кірмашы. Заўсёды цікава дазнацца нешта новае па культуры і гісторыі, пазнаёміцца з людзьмі. Важу вырабы з сабой, аднак прадаць удаецца не заўсёды. Куды часцей людзі проста разглядаюць і фатаграфуюць рэчы.

Калі майстрыца дазналася, што можна аформіць рамесніцкую дзейнасць, то проста пайшла ў падатковую інспекцыю і падала заяву. Для яе гэта быў шанц рэалізоўваць сваю прадукцыю.

На пытанне, ці можа рамесніцтва быць асноўным заняткам, Аляксандра Клімко адказвае, што многае залежыць ад попыту. У яе выпадку нельга разлічваць на стабільныя заказы, таму рамесніцтва, хутчэй падпрацоўка, работа «для душы». Напрыклад, цяпер работы зноў паменшала — прыйшоў чарговы спад цікаўнасці на вязаныя самаробныя рэчы, а ў іншы год заказвалі па некалькі рэчаў на месяц.

Майстар па дрэве прыедзе дадому

У Генадзя Невядомскага іншая гісторыя. Рамеснікам працуе без малога год, гэта яго асноўны занятак і крыніца заробку.

Сам Генадзь родам з Мінска, але потым вярнуўся на малую радзіму ў вёску Шалыгі. Знайсці прыдатную вакансію па прафесіі ў сельскай мясцовасці не ўдалося, таму мужчына зарэгістраваўся як беспрацоўны ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама. Месяц прачакаў прапановы наймальніка, аднак попыту на спецыяльнасць не было. Тады Генадзь вырашыў выкарыстаць веды на карысць уласнай справе.

— Я амаль усё жыццё займаўся дрэваапрацоўкай. На прадпрыемстве прайшоў шлях ад станочніка да начальніка вытворчасці, бачыў, як людзі будуюцца што ў Беларусі, што ў Расіі. Гэтыя назіранні і навялі на патрэбную думку. Цяпер дачнікі прыязджаюць у вёску не толькі дзеля агарода, але і на адпачынак. Значыць, патрэбны камфортныя ўмовы. На альтанкі, навесы, лаўкі, тэрасы павінен з'явіцца попыт.

Генадзь аформіў рамесніцкую дзейнасць і атрымаў субсідыю на развіццё справы. Да выдзеленых грошай даклаў свае сродкі і купіў універсальны дрэваапрацоўчы станок, які можна перавозіць у багажніку, шліфавальную машынку, дрыль, шрубавёрт — увесь ручны інструмент. Працуе ў адзіночку, бо заказы прыходзяць прыкладна раз на месяц. Зрэшты, гэта нават зручна, бо прыкладна такі ж тэрмін патрэбны, каб пабудаваць навес ці нескладаную альтанку. Фотаздымкі гатовых вырабаў Генадзь збірае ў «каталог паслуг», так кліенту прасцей выбіраць. Калі заказчык хоча нешта асаблівае, майстар пойдзе насустрач і абмяркуе параметры пабудовы.

— Я думаю, што ў гэтым якраз мая перавага перад будаўнічымі фірмамі, — разважае мужчына, — там стандартызаваны падыход, можна купіць толькі выраб, заяўлены вытворцам. А я працую па кожным заказе індывідуальна, сам устанаўліваю кошт. Трэба паступова развівацца, — лічыць Генадзь. — Пакуль заказаў няшмат, буду працаваць як рамеснік. Калі адчую, што попыт расце, пачну думаць аб тым, каб перааформіць дзейнасць.

«Спрабую прадбачыць няштатныя сітуацыі»

Маладая прадпрымальніца Валерыя Шастак раней была аператарам у турыстычнай фірме, але працу даводзілася часта мяняць — не задавальнялі ўмовы. Звольніўшыся чарговы раз, Валерыя трапіла ў спіс беспрацоўных. Пасля месяца пошукаў спецыялісты з упраўлення па занятасці параілі ёй задумацца над арганізацыяй уласнага бізнесу.

— Трэба сказаць, мара пра ўласную справу існавала даўно, а тут так шчасліва склаліся абставіны. Самым складаным было паверыць, што ўсё гэта рэальна і можна насамрэч адкрыць турыстычную фірму, так што да апошняга чакала непрыемнасцяў. Аднак перашкод не ўзнікла. Мне дапамаглі скласці бізнес-план, выручыў і папярэдні вопыт работы ў невялікіх фірмах, дзе ўвесь дакументаабарот навідавоку.

Валерыя пачала працу з канца мінулага года. Атрымала субсідыю ў снежні і за студзень паспела купіць неабходнае абсталяванне, наладзіць сувязі. У прынцыпе, турыстычны бізнес не патрабуе вялікіх фінансавых затрат, так што за асабістыя сродкі набывала толькі рэкламу, вывеску і канцылярскія прылады. У лютым кліент падпісаў першы дагавор з новым індывідуальным прадпрымальнікам...

— Зразумела, заўсёды ёсць рызыка, што падчас тура адбудзецца нейкая непрыемнасць, якую ты не зможаш папярэдзіць, і кліент расчаруецца ў паслузе. Таму перад адпраўленнем тлумачу ўсе нюансы вандроўкі, спрабую прадбачыць магчымыя няштатныя сітуацыі. Затое ў паездку турысты адпраўляюцца маральна падрыхтаванымі.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Прадпрымальнае рамяство

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.