Вы тут

«Паўлінка» для народнай


Штогод Беларускі саюз тэатральных дзеячаў шырока адзначае галоўнае прафесійнае свята, вылучае лепшых з лепшых праз адметныя ўзнагароды. Гэтым разам Дзень тэатра адсвяткавалі ў іншым фармаце: святло сафітаў і глядзельныя залы засталіся ў працоўных буднях, а ўрачыстасці перанесліся са звыклай сцэны ў сцены сталічнага Дома дружбы.


Народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова атрымлівае ўзнагароду ад Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

«Міжнародны дзень тэатра адзначаюць дзеячы тэатра і яго шчырыя прыхільнікі як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце, — адзначыў міністр культуры Юрый Бондар. — У лепшых перажываннях прыгожага тэатр аб’яднаў мільёны людзей незалежна ад іх светапогляду, нацыянальнасці і культурных традыцый».

На ролю мастацтва Мельпамены ў нашым жыцці звярнуў увагу і старшыня БСТД вядомы драматург Аляксей Дудараў. Ён заўважыў, што тэатр быў, ёсць і будзе кафедрай:

— Тэатр узнік разам з чалавекам разумным і з таго часу суправаджае яго ў розных формах і іпастасях праз усю гісторыю існавання. Ён не проста адлюстроўвае лепшыя якасці чалавечай душы, але і стварае мадэль таго, да чаго людзі павінны імкнуцца, што трэба будаваць.

Галоўная інтрыга вечара — прысуджэнне прыза «Крыштальная Паўлінка» за значны ўплыў на станаўленне, развіццё і аўтарытэт айчыннага тэатра. Пасля таго, як Аляксей Дудараў па традыцыі агучыў увесь спіс уладальнікаў прэстыжнай узнагароды, да іх дадалося імя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народнай артысткі Беларусі Зінаіды Зубковай. Рада БСТД адзначыла «Крышталёвай Паўлінкай» актрысу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якая мела ролю ў знакамітай камедыі беларускага Песняра. Статуэтка за заўважнае тэатральнае жыццё, як і заўсёды, патрапіла па адрасе: артыстка працуе ў Купалаўскім з 1960 года. І ўжо сёлета ў яе галоўная роля ў прэм’ерным спектаклі «Зямля Эльзы» рэжысёра Алены Ганум.

Прымаючы статуэтку, Зінаіда Зубкова прапанавала даваць больш узнагарод маладым артыстам — каб быў стымул. Яе параду адразу скарысталі: «Крыштальную кветку», якую ў тэатральных колах жартаўліва (ці ўсё ж прадбачліва?) называюць кветкай з вянка «Крыштальнай Паўлінкі», гэтым разам павязе ў Віцебск актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Настасся Рэўчанка. Паедзе з Мінска і «Крыштальны анёлак»: прызам за дасягненні ў галіне лялечнага тэатральнага мастацтва ўганаравана вядучы майстар сцэны Гродзенскага абласнога тэатра лялек Людміла Паўлоўская.

Сапраўдным трыумфатарам цырымоніі стаў прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў, мастаксцэнограф Дзмітрый Мохаў. Вядома, што «Крыштальная зорка» прысуджаецца тым, хто ўжо стаў зоркай сярод сваіх калег і аматараў тэатра, але яшчэ не мае ганаровых званняў. У Дзень тэатра Дзмітрый Мохаў адначасова атрымаў і «Зорку», і званне — нагрудны знак Міністэрства культуры Беларусі за ўнёсак у развіццё культуры нашай краіны. Па стыпендыю БСТД «Тэатральная дынастыя» і прыз «Агмень» выйшла актрыса Лідзія Мардачова: тэатральнае асяроддзе высока ацаніла ўнёсак у мастацтва Пятра Юрчанкава-старэйшага і Пятра Юрчанкава-малодшага...

«Справа не ў тым, з чаго зробленыя ўзнагароды, а ў тым, хто іх атрымлівае», — кажа Аляксей Дудараў. А беларускія тэатралы ўмеюць шчыра радавацца за сваіх.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.