Вы тут

Сёння адвакаты бясплатна пракансультуюць маламаёмных грамадзян


30 лістапада ўсе адвакацкія ўстановы бясплатна пракансультуюць маламаёмных грамадзян.


Адвакаты расчыняць свае дзверы ў рамках рэспубліканскай акцыі "Права на службу людзям", якая прымеркавана да Дня юрыста 2 снежня. Любы беларус таксама зможа атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю па розных пытаннях у нацыянальных цэнтрах прававога рэгулявання, акрамя таго, дарма набыць буклеты з актуальнымі адказамі на тэмы прававога рэгулявання.

Акцыя праводзіцца з мэтай павышэння прававой культуры насельніцтва, развіцця сістэмы прававой асветы і забеспячэння даступнасці прававой інфармацыі. Арганізатарам выступіла Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з кампаніяй "Юрспектр".

Намеснік міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Аўдзееў паведаміў, што міністэрствам у рамках акцыі падрыхтавана 12 буклетаў тыражом у 79 тысяч экзэмпляраў. Іх будуць распаўсюджваць у максімальна даступных для насельніцтва месцах: загсах, органах натарыята, органах прымусовага выканання і іншых.

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь імкнецца прыцягнуць грамадзян, прадстаўнікоў суб'ектаў гаспадарання, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў для фарміравання заканадаўства, паведаміў дырэктар цэнтра Яўген КАВАЛЕНКА.

— Для гэтых мэтаў цэнтрам створаны рэсурс "Прававы форум Беларусі". На ім ужо зарэгістравана вялікая колькасць карыстальнікаў, прычым гэта не толькі прафесійныя юрысты, але і звычайныя грамадзяне, якія могуць выказаць свае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні ўжо існуючых прававых нормаў, — сказаў ён.

Адной з найважнейшых задач адвакатуры Беларусі разам з аказаннем кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі з'яўляецца ўдзел у прававым выхаванні грамадзян. Пра гэта расказала намеснік старшыні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Таццяна МАТУСЕВІЧ.

— Мы выступаем і ў школах, і перад студэнтамі, і ў працоўных калектывах. Зараз асаблівую значнасць набыло тлумачэнне Дэкрэта № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" і Дэкрэта № 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Расце цікавасць у грамадзян да тэматычных сустрэч з адвакатамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэтыя сустрэчы праходзіць раз у месяц, тэма размяшчаецца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі загадзя. Прыйсці можа любы ахвотны, — расказала яна.

Дарэчы, бясплатныя кансультацыя адвакатаў для маламаёмных грамадзян, па словах намесніка старшыні калегіі адвакатаў, праводзяцца з 2004 года штогод у Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка), Дзень заснавання адвакатуры (26 чэрвеня), Дзень юрыста (2 снажня) і Дзень пажылога чалавека (1 кастрычніка). У рамках акцыі калегія адвакатаў выпусціла тэматычны буклет на тэму "Абарона правоў спажыўца".

— Мы пастараліся коратка выкласці ў буклеце важныя моманты, улічваючы і тое, што ад 23 снежня 2018 года ўступае ў сілу Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў", — сказала Таццяна Матусевіч.

Начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця падатковых органаў Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Сяргей ШКУТ падзяліўся падрабязнасцямі пераўтварэння падатковай сістэмы ў "сэрвісную кліентаарыентаваную службу":

— Сёння ў нас ужо 16, а да канца года будзе 21 цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў. У цэнтрах мы ствараем камфортныя ўмовы для ажыццяўлення любых падатковых паслуг і атрымання тлумачэнняў аб падатковым заканадаўстве. Мы ставім перад сабой задачу мінімізаваць паходы нашых падаткаплацельшчыкаў у падатковыя органы і пераходзім у фармат электроннага ўзаемадзеяння.

Прывабнымі для падаткаплацельшчыкаў могуць быць і электронныя сэрвісы для смартфонаў, такія як "Ствары свой бізнес" і "Падатковы калькулятар". Дзякуючы ім плацельшчык можа самастойна разлічыць сумы выплаты падаткаў па сваіх відах дзейнасці, а таксама праз асабісты кабінет падаць заяву аб ажыццяўленні відаў дзейнасці, якія не патрабуюць дзяржаўнай рэгістрацыі.

З пытаннямі, звязанымі з падаткаабкладаннем, плацельшчыкі таксама могуць звяртацца на кантакт-цэнтр падатковых органаў па нумары 189 і абсалютна бясплатна атрымаць ад аператара інфармацыю.

Ганна ЮНЧЫЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з нявесткай вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.