Вы тут

У Купалаўскім тэатры пачаўся 100-ы сезон


Яго называюць тэатральнай скарбніцай Беларусі. Знакаміты Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 3 верасня традыцыйна паказам спектакля «Паўлінка» ўвайшоў у новы, соты, сезон, тым самым распачаў святкаванне 100-годдзя з моманту стварэння. Дата знакавая і важная, бо Купалаўскі тэатр — гісторыя нашай краіны, беларускай культуры і кожнага з нас. З нагоды юбілею ў тэатры плануецца шэраг урачыстых мерапрыемстваў, інфармацыйнавыдавецкіх праектаў, гастроляў і, вядома ж, прэм’ер на галоўнай і камернай сцэнах. На мінулым тыдні ў Каміннай зале тэатра адбылася маштабная прэс-канферэнцыя, дзе кіраўніцтва, супрацоўнікі і спонсары агучылі, якія сюрпрызы для аматараў рыхтуе Купалаўскі.


Галоўная тэндэнцыя тэатра — рухацца наперад і не забываць асноўныя прынцыпы функцыянавання тэатральнай прасторы: баланс паміж класічным, сучасным і наватарскім.

— Тры словы будуць галоўныя для нас на працягу ўсяго юбілейнага сезона: «гісторыя», «сучаснасць» і «будучыня», — падкрэсліў на прэс-анферэнцыі дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка. — Нам ёсць чым ганарыцца ў гісторыі Купалаўскага тэатра, ёсць што прадставіць на высокім творчым узроўні, і на падставе гэтага і праз гэта мы пракладваем перспектывы і ствараем асновы для будучага развіцця. З павагай да стагадовага мінулага будуем мост у заўтрашні дзень — для свайго тэатра і беларускага мастацтва ў цэлым.

На прэс-канферэнцыі ўзяў слова мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін, які падкрэсліў, што вельмі рады прызначэнню Паўла Латушкі на пасаду генеральнага дырэктара тэатра.

— У мяне вялікія надзеі. Бо прыйшоў чалавек, які разумее, што такое культура, цікавіцца ёй, — адзначыў мастак.

Прэм’еры

У пастановачных планах тэатра на 100-ты сезон — спектакль «Кароль Лір» у рэжысуры мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна. Прэм’ера адбудзецца ў снежні. Сцэнаграфію да спектакля стварае Кацярына Шымановіч — лаўрэат прэстыжнай прэміі імя Івана Ушакова. Яе работы добра вядомыя кожнаму гледачу Купалаўскага тэатра па спектаклях «Запалкі», «Зямля Эльзы», «Радзіва “Прудок”» і па сумеснай працы з Сяргеем Ашухам над апошняй прэм’ерай «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Самы доўгачаканы спектакль Купалаўскага ў новым сезоне — «Тутэйшыя». Пастаноўка запланавана на лета 2020 года. У спектакля няпростая гісторыя. Мікалай Пінігін паставіў яго ў 1990 годзе, у 1992-м «Тутэйшыя» атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі. Потым узніклі праблемы.

— Сёлета я павінен паставіць спектакль «Тутэйшыя». Шчыра скажу, што для мяне гэта складана, — расказаў Мікалай Пінігін. — Але многія прасілі: найлепшая п’еса Купалы! Купала ў Купалаўскім тэатры ў юбілейны сезон дакладна павінен быць.

Мікалай Пінігін таксама плануе абнаўленне знакамітага спектакля «Ідылія» па творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Над касцюмамі будзе працаваць Кацярына Шымановіч, а сцэнаграфію створыць Зіновій Марголін — яго працу ў Купалаўскім можна бачыць у спектаклях «Ноч на Каляды» і «Пан Тадэвуш». Прэм’ера «Ідыліі» запланавана на чэрвень 2020 года.

На галоўнай сцэне прадставіць сваю пастаноўку вядомы расійскі рэжысёр Сяргей Зямлянскі. Прэм’ера яго пластычнага спектакля «Мой Шагал» адбудзецца ў студзені.

У канцы 2019 года новы спектакль чакаецца і на камернай сцэне. Акцёр і рэжысёр Раман Падаляка прадставіць доўгачаканую пастаноўку пад назвай «Першы». Яна будзе створана ў жанры вербацім па аднайменнай п’есе, напісанай Раманам Падалякам і Міхаілам Зуем. Дарэчы, іх плённы творчы дуэт атрымаў увасабленне ў інсцэніроўцы да спектакля «Радзіва “Прудок”» па дзённіку Андрэя Горвата.

— Мне складана называць сябе рэжысёрам, хутчэй пачатковец, — адзначыў на прэс-канферэнцыі Раман Падаляка. — На мой погляд, соты сезон пачаўся ў нас крышку раней. Летам мы са спектаклем «Радзіва “Прудок”» ездзілі на гастролі па Палессі, дзе наш спектакль пабачыў просты глядач. Там і зразумеў: тэатр краіне сапраўды патрэбен. Я быў уражаны зацікаўленасцю і прыемнай рэакцыяй. Гэта было сведчаннем таго, што наш тэатральны прадукт стрэліў. У Пінску была такая сітуацыя. Ідзе спектакль, бачу: выбягае жанчына. Я ўжо практычна засмуціўся, што яна сыходзіць. А яна кажа мне: «Выбачайце, толькі па кветкі схаджу». І для мяне гэта паказальнік таго, што мы рухаемся ў правільным напрамку.

Што тычыцца спектакля «Першы», то ён цікавы тым, што раней у нас ніхто не звяртаўся да жанру вербацім. А мне вельмі захацелася. Тут будуць гісторыі рэальных людзей, распрацаваныя праз спецыяльную кампазіцыю. Спектакль расказвае пра тое, што першы раз адбылося ў жыцці: першае каханне, пацалунак, расчараванне, страх і смерць. Мне хочацца правесці мяжу рэальнасці, трошкі папрацаваць з маладымі акцёрамі, каб яны адчулі эмацыянальны пераход ад сябе да вобраза.

Гастролі

Купалаўскі тэатр лічыць важным развіваць тэатральную прастору праз новыя праекты, пашырэнне гастрольнай карты і адкрыццё новых пляцовак. Так, у 2020 годзе зноў пачне працу малая сцэна тэатра ў гістарычным будынку па вуліцы Энгельса, 17, дзе зараз знаходзіцца тэатральнае Бюро друку. Гэтая шматфункцыянальная пляцоўка будзе выкарыстоўвацца для паказу спектакляў і кіно, музычных канцэртаў, а таксама выконваць функцыю галерэі сучаснага мастацтва.

У гастрольных планах Купалаўскага тэатра — шэраг гарадоў Беларусі: Гомель, Гродна, Слонім, Баранавічы, Маладзечна, Бабруйск, Салігорск і іншыя. А таксама гастролі за мяжой і ўдзел у еўрапейскіх тэатральных фестывалях. Хутка Купалаўскі тэатр пакажа спектакль «Пінская шляхта» ў Беластоку, а таксама прадставіць спектакль «Ураджай» па п’есе Паўла Пражко ў сусветнай культурнай сталіцы — Парыжы.

— Гастролі — важная частка функцыянавання тэатра, якая дазваляе паказваць і папулярызаваць тое, што было назапашана гадамі, — адзначыў Павел Латушка. — Для паказу ў іншых краінах і беларускіх гарадах мы выбіраем спектаклі, якія сталі культавымі для самога тэатра і для Мінска ў цэлым.

У юбілейны год Купалаўскі ажыццявіць даўнюю мару: пакажа «Паўлінку» ў Вязынцы. Плануецца, што гэты паказ будзе самы масавы за ўсю гісторыю яго існавання.

Праекты

Новыя праекты Купалаўскага тэатра на Камернай сцэне будуць звязаныя з гісторыяй, знакавымі асобамі, сучаснай літаратурай і адукацыяй. Праект «Легенды Купалаўскага тэатра» раскажа пра выдатных асоб — артыстаў, рэжысёраў, мастакоў.

Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы і намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнту Антон Бладзік падчас прэс-канферэнцыі.

А «Літаратура і тэатр» стане спробай паказаць сучасную беларускую прозу на сцэне Купалаўскага ў якасці эскізаў і чытак у выкананні маладых рэжысёраў і акцёраў. — Канцэпцыя літаратурна-тэатральнага праекта заключаецца ў тым, што мы будзем выбіраць кнігу на беларускай мове, якая ва ўсіх на слыху і з некалькімі рэжысёрамі і акцёрамі паспрабуем зрабіць эскіз да яе, — тлумачыць Раман Падаляка. — Гэта будзе папулярызацыя і беларускай мовы, і беларускай літаратуры. Пакуль яшчэ не магу сказаць, якія менавіта кнігі будуць абраныя. Думаю, дакладна Дзяніс Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч… Хацелася б пазнаёміць акцёраў і гледачоў з такой літаратурай. Думаю, і самі пісьменнікі пазітыўна ўспрымуць ідэю. Любому аўтару прыемна гучаць са сцэны. Ім таксама будзе цікавая і дыскусія з гледачамі пасля паказу.

Праект «Экскурсіі пра спектакль» правядуць па месцах, куды ніколі не заглядваў глядач: бутафорскі, реквізітарскі, грымёрны цэхі, арт-фае, партрэтная галерэя, прастора за сцэнай. Працяг атрымае праект «Музычныя Вечары ў Купалаўскім», перадпрэм’ера якога адбылася сёлета ў ліпені.

Сярод новых праектаў у 100-м сезоне — адукацыйная праграма для школьнікаў па развіцці творчага мыслення, навыкаў выразнага чытання, напісання першых драматургічных тэкстаў. Мэта праграмы — фарміраванне і развіццё творчых здольнасцяў вучняў, аналітычнага і творчага мыслення, выхаванне любові да літаратуры, тэатра, беларускай мовы, стымуляванне творчага самавыяўлення. Плануецца таксама стварэнне дакументальных стужак і тэлевізійных ролікаў і выданне асаблівай кнігі пра гісторыю тэатра з каштоўнымі архіўнымі матэрыяламі.

Купалаўскі пачне займацца інфармацыйна-выдавецкімі праектамі — хутка будзе прадстаўлены першы нумар часопіса, які не толькі раскажа пра гісторыю Купалаўскага тэатра, але і стане крыніцай інфармацыі для тых, хто цікавіцца тэатрам як відам мастацтва ў цэлым. Меркаваны тыраж — каля дзвюх тысяч асобнікаў. Набыць выданне можна будзе ў тэатры. Першы нумар купалаўцы плануюць падрыхтаваць да 21 верасня: у гэты дзень Купалаўскі арганізуе опэнэйр.

Тэхналогіі

Генеральным партнёрам 100-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступае А1. Кампанія заўсёды ўдзяляла вялікую ўвагу праектам, звязаным з нацыянальнай ідэнтычнасцю, беларускай мовай і культурай, таму падтрымкай Купалаўскага тэатра вельмі зацікаўлена. Адным з самых адметных сумесных праектаў паміж тэатрам і кампаніяй у межах стагадовага юбілею Купалаўскага стане бясплатная прамая трансляцыя на відэасэрвісе VOKA знакавых спектакляў тэатра. Раз на месяц іх можна будзе ўбачыць ў сеціве. Трансляцыі спектакляў будуць даступныя выключна ў рэжыме рэальнага часу, што толькі ўзмоцніць адчуванне прысутнасці ў тэатральнай зале.

— Для нас вялікі гонар працягнуць супрацоўніцтва з Купалаўскім тэатрам у статусе генеральнага партнёра 100-га сезона, — адзначыў на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнту Антон Бладзік. — Відэатрансляцыі спектакляў — сучасны распаўсюджаны фармат, які карыстаецца велізарным попытам у прыхільнікаў тэатра па ўсім свеце. Ён дазваляе аб’яднаць розныя віды мастацтва і вывесці ўражанні ад спектакля на новы ўзровень. Да гэтай жа мэты імкнёмся, жадаючы пашырыць межы адчуванняў і ўражанняў гледача. Мнагакамерная мастацкая здымка ў Full HD дазволіць максімальна паглыбіцца ў атмасферу спектакля, а новыя ракурсы дапамогуць па-іншаму зірнуць на пастаноўку, нават калі вы глядзелі яе ўжо не адзін раз. Да таго ж такі фармат дае магчымасць убачыць спектаклі Купалаўскага тэатра ў любым пункце Беларусі, што для жыхароў рэгіёнаў асабліва каштоўна.

Першая трансляцыя ў такім фармаце адбудзецца 21 верасня. Будзе паказаны самы папулярны сярод гледачоў спектакль «Радзіва “Прудок”».

На прэс-канферэнцыі Павел Латушка падкрэсліў, што гледачоў чакае яшчэ больш сюрпрызаў. Пакуль тэатр не хоча адкрываць усе карты. Але паступова інфармацыя пра падзеі будзе з’яўляцца ў сродках масавай інфармацыі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.