Вы тут

Па нерву — аголеным трэндам...


Вядома, не мела рацыі Шапакляк, калі спявала, што добрымі справамі праславіцца нельга. Можна — толькі для гэтага патрэбны час і намаганні. Але не ўсім гэта даспадобы. Некаторыя жадаюць славы адразу і без залішніх клопатаў. І такі просты спосаб апошнім часам няўрымслівымі асобамі быў знойдзены. Больш за тое, ён імкліва набывае папулярнасць. Усяго толькі і трэба, што... распрануцца. Цалкам і ў цэнтры горада. На фотакамеру, з далейшым выкладаннем здымкаў у інтэрнэце. Такім чынам, вітаю вас, і тэма нашых чарговых "Балясаў" — ню на вуліцы. Зараз гэта новы модны трэнд. Плач, Меладзэ, не спявай больш пра натуру вытанчаную, Дастаеўскага і свецкае кола, бо зараз у пашане натура аголеная...

1373541024669_27-23
"Адзначылася" Казань. Прычым неаднойчы (гэта, дарэчы, пасля скандалу з выпускніцай, якая зладзіла эратычную фотасесію ў цэнтры Набярэжных Чалноў). Напачатку ў сеціва патрапілі здымкі цалкам аголенай дзяўчыны, якая пазіравала на лужку перад казанскім Крамлём. Балазе, на фатаграфіях на заднім плане хаця б людзі не прысутнічалі. Але далей — больш. Чарговая німфа напачатку знялася ў чым маці нарадзіла каля Казанскага федэральнага ўніверсітэта (прычым навокал хапала людзей, якія або нейкім дзіўным чынам не заўважалі, што адбываецца, або рабілі выгляд), а затым "прагулялася" па цэнтральным гарадскім парку, пасля чаго "завітала" да рыбакоў на беразе ракі... Не паспела мусульманская грамадскасць Татарстана (толькі ўявіце, якая для яе гэта ганьба!) звыкнуцца з тым, што адбылося, як новы ўсплёск... На гэты раз чарговая фотасесія ў стылі ню прайшла на фоне парка Тысячагоддзя і ў скверы перад будынкам парламента Татарстана. І хаця ёсць меркаванне, што ўсе гэтыя здымкі рабіліся ў розныя часы (проста па нейкай невядомай прычыне былі "зліты" ў сеціва толькі зараз і амаль адначасова), пра Казань ужо загаварылі як пра своеасаблівую Мекку порнаіндустрыі... Зараз спрабуюць устанавіць імёны мадэляў. Калі атрымаецца даказаць, што згаданыя фотаздымкі адносяцца да парнаграфічных, дзяўчатам можа пагражаць да шасці гадоў пазбаўлення волі, сцвярджаюць актывісты Саюза мусульманак Татарстана. Як пішуць у сеціве, лета ў Казані абяцае быць спякотным...
Што прымушае дзяўчат ісці на такія "подзвігі"? Любоў да "мастацтва"? Эксгібіцыянізм? Праява больш цяжкай хваробы? Заклад? Канкрэтна за гэтымі выпадкамі праглядаюцца грошы. Фатограф, які выступае пасрэднікам ад імя замежнага спецыялізаванага сайта, плаціць мадэлі за гадзіну "працы" ад 100 долараў. Колькі складае поўны ганарар за здымкі — застаецца толькі гадаць. Як сцвярджаюць самі фатографы ў стылі ню, ад ахвотных адбою няма... Грошы ж лёгкія. А патрабуецца ўсяго толькі маладое цела, сімпатычны тварык і ...поўная адсутнасць комплексаў.

Па шчырасці (ну хіба ж гэта тайна!), як і большасць мужчын, я вельмі паважаю жаночыя прывабнасці. Але як бы рэагаваў на з'яўленне побач з сабой у цэнтры горада аголенай дзяўчыны, сказаць не магу. Ну, не было дагэтуль у нас кодэксу паводзін у такой сітуацыі! Кодэкс будаўніка камунізму быў некалі, а гэтага — не было! Разгубіўся б, напэўна: ці тое "хуткую" выклікаць, ці аўтограф браць, а можа, сфоткацца побач напрасіцца... Адкуль я магу ведаць, што ў той дзяўчыны ў галаве? Таму, думаю, трэба ў гэтай сферы навесці парадак, і ўношу свае прапановы, як той казаў, па ўдасканаленні...

Самае галоўнае — справу нельга пускаць на самацёк, усё павінна быць планава. Трэба, каб аддзелы кадраў на прадпрыемствах і ва ўстановах склалі спісы маладых дзяўчат для абавязковага праходжання фотасесій у стылі ню на фоне архітэктурных славутасцяў гарадоў і мястэчак. Прафкамы таксама не павінны заставацца ўбаку: няхай адказваюць за транспарт, актыўнасць удзельніц. Калі якая работніца Іванова будзе без імпэту ставіцца да здымак, можна і квартальнай прэміі пазбавіць. Або водпуск на зіму перанесці. Па прынцыпе: не хочаш распранацца — будзеш апранацца. Самым актыўным, наадварот, каштоўныя падарункі і іншыя прыемныя бонусы. Уяўляеце гэты малюнак?.. Да плошчы без перапынку пад'язджаюць аўтобусы, у розных яе кутах адны чародкі дзяўчат, распрануўшыся, цярпліва чакаюць сваёй чаргі да прафесійнага фатографа, другія, ужо трохі стомленыя доўгімі здымкамі, але задаволеныя вынікам, няспешна сыходзяць з імправізаванай студыі пад адкрытым небам... У цішыні гучыць голас кіраўніка адной з груп: "Дзяўчаткі, калі ласка, затрымайцеся, дайце магчымасць замежным турыстам зрабіць колькі фатаграфій на памяць пра наведванне нашага горада!". Ідылія... Ці абсурд?
А як назваць дзеянні маладзіц? У сваёй кватэры ці ў якім бязлюдным куточку кожны вольны хадзіць так, як пажадае. А ў грамадскім месцы ўсё ж трэба прытрымлівацца нормаў маралі і паводзін цывілізаванага чалавека.

Р.S. Пэўна ж, супадзенне... Літаральна ўслед за вышэйапісанымі падзеямі ў Расіі эратычная фотасесія адбылася на цэнтральнай плошчы Гомеля. Дзяўчына-мадэль "прыадкрыла" з-пад лёгкага паліто грудзі. Здымкі доўжыліся літаральна некалькі хвілін раніцай, хаця на задні фон нават у такі час патрапілі людзі. Гэты ж фатограф адносна нядаўна здымаў увечары іншую мадэль у стылі ню ў вагоне мінскага метро. Як асабіста па мне, дык наш прыклад эратычных здымак можна назваць не толькі прыгожым (казаў жа, што люблю жаночыя "прывабнасці"), але нават цнатлівым. Галоўнае, каб далей галаву моцна не напякло. Наперадзе ж — лета...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.