Вы тут

Сварогаў: "Не страціць прыхільнікаў дапаможа толькі шчырасць"


Музыка стала яго вернай спадарожніцай з дзяцінства. У роднай Славеніі сёння ён вядомы супрацоўніцтвам з такімі артыстамі, як Ян Плестэньяк, Нуша Дарэнда, кіраўніком каманды якой, дарэчы, з'яўляецца вось ужо на працягу дванаццаці гадоў. Выступаў у складзе гурта сусветнай зоркі Крыстафера Кроса. Цяпер Сварогаў, клавішнік і аранжыроўшчык, вырашыў паспрабаваць сябе ў "вольным плаванні", бо, як прызнаецца артыст, дасягнуў той кропкі, калі трэба нешта мяняць, каб рухацца далей і развівацца... Як ні дзіўна, першую кампазіцыю ён напісаў на рускай мове. З яго "Трылогіяй" беларуская публіка пазнаёмілася на сёлетнім конкурсе "Славянскі базар у Віцебску". Аднак прыхільніц артыст зацікавіў, не толькі расказаўшы пранікнёную гісторыю чароўным голасам, але і сваёй публічнай заявай ажаніцца на адной з прыгажунь. Ці сапраўды тыя словы азначаюць "зялёнае святло" для дзяўчат, чым зацікавіў спевака беларускі фестываль і што можа забяспечыць поспех на эстрадзе, ён распавёў пры сустрэчы.

1376583276912_1

— Якія ўражанні засталіся ад знаёмства з нашымі гарадамі?

— У Віцебску мне ўдалося паназіраць падчас фестывалю за начным жыццём горада. Было вельмі весела. І ў Мінску гулялі ноччу. Асаблівае ўражанне пакінуў ваш Палац Рэспублікі.

Наогул мне ўсё вельмі спадабалася, пачынаючы з першага дня майго прыезду ў Беларусь. Я адчуваў сябе так, нібыта трапіў у іншы час, і мне гэта падабалася, бо я прыхільнік эпохі СССР.

— Як вы даведаліся пра "Славянскі базар"?

— Пра фестываль я ўпершыню пачуў ад сваёй рускай сяброўкі, якая жыве ў Славеніі ўжо недзе каля пяці гадоў. Потым я пацікавіўся ў майго сябра Юрыя Антонава, ці будзе ўдзел у конкурсе карысным для мяне. Ён сказаў, што паспрабаваць варта, бо фестываль вядомы.

— Перад конкурсам настройвалі сябе на ўдзел ці на перамогу?

— Фестываль у Віцебску — маё першае сольнае выступленне на вялікай сцэне. Я не ставіў перад сабой мэту спаборнічаць з кімсьці. Проста хацелася паказаць сваю творчасць. І фестываль стаў лепшым варыянтам зрабіць гэта на прасторах СНД. Я нават не браў фестывальных кампазіцый, якія дазволілі б прадэманстраваць усе мае вакальныя здольнасці, таму што больш важна для мяне было паказаць сваю музыку.

— Як з'явілася ваша песня "Трылогія"?

— Кампазіцыю напісаў дома. Для натхнення не спатрэбілася ніякай нагоды. Проста ў маёй галаве ўзніклі тры гісторыі, якія я аб'яднаў у адну. Гэтая песня адлюстроўвае маю філасофію жыцця, бо я веру, што трэба аддаваць толькі добрае. Незалежна ад таго, думкі гэта ці нешта іншае.

— У якім накірунку плануеце развівацца сольна?

— Я думаю, што буду эксперыментаваць з матэрыялам. Бо развівацца толькі ў нейкім адным стылі не заўсёды правільна для артыста. Нават калі паглядзець на альбомы многіх вядомых выканаўцаў, то можна заўважыць, наколькі яны адрозніваюцца. У мяне ёсць вопыт працы ў джазавых калектывах, поп- і метал-групах. Мне падабаецца шукаць і адкрываць для сябе нешта новае. Але, незалежна ад стылістыкі, галоўнае — памятаць, што песня — каралева, якой трэба проста пакарыцца.

— Як артысту заставацца цікавым публіцы?

— Усё залежыць ад таго, хочаш ты зацікавіць аўдыторыю "тут і зараз" ці для цябе важна, каб яе інтарэс да тваёй творчасці не знік з часам. Пры жаданні не страціць сваіх прыхільнікаў і праз дзясяткі гадоў дапаможа толькі шчырасць. Трэба быць гатовым адкрыць людзям сваю душу. Яна павінна поўніцца пачуццямі, якімі захочацца падзяліцца.

— У вас ёсць на эстраднай прасторы людзі, на каго хацелася б раўняцца?

— Перш за ўсё я хачу быць самім сабой. Але ў мяне ёсць сябры, якіх я паважаю і ў якіх мне прыемна вучыцца. І мне заўсёды важна ведаць іх меркаванне, таму што яны ўжо шмат дасягнулі на тым шляху, па якім я толькі пачынаю крочыць. Адным з такіх людзей з'яўляецца Ян Плестэньяк — зараз ён адзін з самых знакамітых і папулярных выканаўцаў у Славеніі. Мы сябруем, і я ведаю, што калі мне спатрэбіцца яго парада ці дапамога, то Ян не адмовіць. Яшчэ нядаўна я пазнаёміўся з Юрыем Антонавым, творчасць якога таксама вельмі паважаю. Для мяне ён — жамчужына на музычнай прасторы СНД, сапраўдная легенда сцэны. І я цаню магчымасць вучыцца ў яго.

— Раскажыце пра вопыт, які набылі падчас працы ў групе вашага бацькі?

— З бацькам я пачаў працаваць спачатку ў рэстаранах, потым на розных канцэртах. Тады я засвоіў многія ўрокі і здабыў вопыт не толькі ў тым, што датычылася музыкі, але і даведаўся пра жыццё артыста. Зразумеў, што самае галоўнае для музыканта — энергетыка, бо ведаю шмат таленавітых людзей, якія пасля заканчэння акадэміі страцілі сваю непаўторнасць, яна ж — аснова. Так адбываецца таму, што людзі пачынаюць думаць пра музыку, нібы яна матэматыка, дзе ўсё можна пралічыць. Я, напрыклад, у большай ступені давяраю тым музыкантам, якія надзелены талентам ад прыроды. Яны іграюць, кіруючыся сваімі адчуваннямі, укладаючы сваё сэрца і эмоцыі.

— Тое, што ў вас музычная сям'я, і вызначыла выбар прафесіі?

— Гэта вельмі на мяне паўплывала. Безумоўна, калі быў зусім маленькім, то, як усе хлопчыкі, марыў быць пілотам. А потым усё ж такі зразумеў, што больш за ўсё я хацеў бы займацца музыкай, і пасля дзесяці гадоў пытанне было вырашана.

— Бацькі не спрабавалі адгаворваць ад такога выбару?

— Яны заўсёды мяне падтрымлівалі, і за гэта я ім вельмі ўдзячны. Мае маці і бацька дастаткова маладыя, дзякуючы чаму нам заўсёды ўдавалася знаходзіць агульную мову і паразуменне. Я мог быць самім сабой.

— Прыклад бацькоўскіх узаемаадносін паўплываў на ваша ўяўленне аб сям'і?

1376583278320_2

— Тое, які прыклад ты бачыш перад сабой, заўсёды мае пэўны ўплыў на твае ўяўленні пра тыя ці іншыя рэчы. Мае бацькі дапамаглі зразумець, што сям'я — гэта твая абарона. А артысту вельмі важна мець тую гавань, куды можна вяртацца і знаходзіць падтрымку.

— Жаданне ажаніцца з беларускай дзяўчынай — сур'ёзны намер? І якой павінна быць дзяўчына, каб спадабацца вам?

— Усё залежыць ад чалавека. Магчыма, я яшчэ не сустрэў дзяўчыну з тымі якасцямі, якія акажуцца вырашальнымі ў выбары. Безумоўна, яна павінна быць прыгожай, у Беларусі такіх шмат. Важна таксама, каб з ёй было цікава размаўляць. Мне неістотна, напрыклад, ці будзе яна ўмець гатаваць. Не мае значэння і тое, кім дзяўчына будзе па прафесіі. Але важна, каб яна разумела і прымала мой стыль жыцця.

— А ці ёсць перавагі ў вашага стылю жыцця?

— Мне проста падабаецца жыць у рытме, калі мае дні напоўнены канцэртамі, рэпетыцыямі, раз'ездамі. Калі я шмат вандрую, знаёмлюся з новымі людзьмі. Гэта не толькі новыя ўражанні, але і стымулы для мяне, каб рухацца наперад і дзейнічаць.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.