Вы тут

"Настаўнік года": умовы адбору лепшых змяніліся...


Конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь", які стартуе восенню гэтага года, упершыню пройдзе па новых правілах.

Лепшых педагогаў збіраюцца вызначыць адразу ў сямі намінацыях: "Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка"; "Замежная мова"; "Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура"; "Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і спорт, дапрызыўная падрыхтоўка"; "Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія".

Таксама асобна за званне лепшага педагога будуць змагацца настаўнікі пачатковай школы і педагогі дашкольнай адукацыі. Першы этап пройдзе ў сценах устаноў адукацыі, другі этап — раённы (гарадскі), трэці — абласны і чацвёрты — заключны рэспубліканскі. Фінал конкурсу пройдзе восенню 2014 года.

Нагадаем, што рэспубліканскія конкурсы педагагічнага майстэрства праводзяцца, пачынаючы з 1995 года, з перыядычнасцю раз у два—тры гады. Пераможцам апошняга конкурсу "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь" стала ў 2011 годзе настаўніца англійскай мовы дзятлаўскай гімназіі № 1 Інэса Зубрыліна. У першым этапе конкурсу па ўсёй краіне ўзялі ўдзел каля 10 тысяч педагогаў, а ў заключным этапе былі прадстаўлены настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры, фізікі, замежнай мовы, матэматыкі, біялогіі, гісторыі, хіміі, геаграфіі і пачатковых класаў. І ніякіх праблем з тым, каб параўнаць педагагічны талент настаўніка фізікі і, скажам, беларускай мовы ў журы не ўзнікала.

Лепшага педагога дашкольнай установы ў Беларусі пакуль не вызначалі. Але ў тым жа 2011 годзе прайшоў першы рэспубліканскі конкурс сярод дашкольных устаноў. Калі прымалася рашэнне аб яго правядзенні, разглядаліся розныя варыянты: праводзіць конкурс або сярод выхавальнікаў, або сярод дашкольных устаноў. Два гады таму вырашылі спыніцца на другім варыянце, паколькі палічылі, што асяроддзе, у якім знаходзіцца дзіця, трэба ацэньваць у цэлым, паколькі ўсё лепшае, што яго акружае, стваралася не адным педагогам, а ўсім калектывам. Цяпер жа "прафесійная дыскрымінацыя" ліквідавана: сярод педагогаў дашкольных устаноў таксама будуць вызначаць лепшага.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.