Вы тут

Свой супраць сваіх


Для зборнай Беларусі па баскетболе наступаюць вызначальныя, гістарычныя дні. Падапечныя Руслана Байдакова пераадолелі кваліфікацыю першынства Еўропы, якое ў наступным годзе прыме Украіна, і цяпер прэтэндуюць на месца сярод лепшых зборных Еўропы. Аднак для таго, каб паехаць на баскетбольнае свята, беларусам неабходна двойчы перамагчы упартую зборную Эстоніі. Што цікава, дапамагаць у дуэлі з прыбалтамі нашым хлопцам будзе… эстонец! І не проста памочнік глаўкама зборнай Беларусі, а сапраўдная легенда тамтэйшага спорту, адзіны эстонец, які ў сваёй кар'еры паспеў пагуляць у НБА. Наш карэспандэнт наведаў у гасцініцы "Юбілейная" Марціна МЮРСЭПА і пагутарыў з ім пра беларускія грошы, эстонскі лікёр і непаўторны амерыканскі баскетбол.

Даведка "Звязды"

Марцін Мююрсэп нарадзіўся 26 верасня 1974 года ў Таліне. Рост — 208 см. Выступаў за "Калеў", "Тарту Рок", "Ракверэ Тарвас" (Эстонія), "Алвік" (Швецыя), Макабі (Тэль-Авіў, Ізраіль), "Маямі Хіт", "Далас Маверыкс" (ЗША), "Арыс", АЕК (Грэцыя), УНІКС, "Дынама" (Масква), "УРАЛ-Грэйт", ЦСКА (Расія), "Мельбурн Тайгерс" (Аўстралія). З 2010 года памочнік галоўнага трэнера каманды "Калеў" (Эстонія). З лета 2013 — асістэнт глаўкама зборнай Беларусі. У НБА правёў 83 гульні. 7 разоў прызнаваўся лепшым баскетбалістам Эстоніі. Чэмпіён Расіі ў складзе маскоўскага ЦСКА (2004/05).

1377178242855_1

— Марцін, ваш тэлефон, напэўна, не сціхае ад званкоў эстонскіх журналістаў, бо менавіта з беларусамі ваша родная зборная будзе аспрэчваць квіток на чэмпіянат Еўропы. Як адказваеце на іх пытанні?

— Кажу, што сёння на паркеце будзе цяжка. Апошнім часам эстонцы паляпшаюць сваю гульню. І гэта пры тым, што рыхтавацца да кваліфікацыі яны пачалі у ліпені, а мы трэніраваліся ўжо з чэрвеня. Зборная Эстоніі — вельмі добры, небяспечны сапернік. Амаль кожны з яе складу можа забіваць трохачковыя кідкі. Мы рыхтуемся да гэтага супрацьстаяння сур'ёзна і цалкам канцэнтруемся на гульні.

— Цікава, а што ведалі пра нашу зборную да таго моманту, калі трапілі ў яе трэнерскі штаб?

— Шчыра кажучы, няшмат. Я ведаў ключавых гульцоў: Пашу Ульянка, які гуляў за талінскі "Калеў", Сашу Кудраўцава, Арцёма Парахоўскага і Сашу Пустагвара. Астатніх не ведаў. Праўда, калі я ўбачыў каманды, супраць якіх мы павінны гуляць у адборачным раўндзе (зборныя Славакіі і Венгрыі — аўт.), падумаў, што маем шанцы прайсці далей. У нашым калектыве ўсе працуюць добра. Ёсць пэўны малюнак гульні. Зборная добра бяжыць, але мы не павінны быць цалкам задаволенымі сабой. Каманда дэманстравала і вельмі дрэнную гульню ў Славакіі. У таварыскіх матчах таксама не ўсё цудоўна складвалася. Праўда, спадзяюся, Эстонію мы пераможам.

"Руслана Байдакова перамагаў у настольны тэніс"

— Між іншым, як з'явіўся ў вашай трэнерскай кар'еры беларускі варыянт?

— Руслана Байдакова, галоўнага трэнера зборнай Беларусі, я ведаю ўжо даўно. Яшчэ на зборах моладзевай зборнай СССР мы разам дзялілі нумар на базе ў падмаскоўным Навагорску. Памятаю добра тыя гады. У вольны час мы гулялі ў шахматы, пінг-понг. У тэніс я Руслана перамагаў. У мяне была добрая падача, якую ён не мог прыняць, — узгадвае Мююрсэп і характэрным жэстам дэманструе ў паветры рух ракеткай. — Байдакоў, напэўна, лічыць інакш. А яшчэ мы вельмі добра харчаваліся. І калі людзі ежу аплачвалі талонамі, нас частавалі ікрой. Летась у снежні мне патэлефанаваў Руслан і прапанаваў дапамагчы яму ў працы са зборнай. Я прыкінуў, што летам у мяне ёсць некалькі вольных месяцаў, паразважаў пару месяцаў і адказаў: "Добра, працуем!".

— А ў эстонскую зборную вас не запрашалі?

— Запрашалі. Толькі гэта было ўжо пасля нашай дамовы з Русланам. Маўляў, можа, не трэба ехаць у Беларусь, далучайся да нас. Але я вырашыў, што больш цікава працаваць мне будзе менавіта ў зборнай Беларусі.

"У дзяцінстве я быў неблагім футбольным варатаром"

— Марцін, дзесьці вычытаў, што ваш спартыўны шлях у Таліне пачаўся з футбола.

— Гэта было ў дзяцінстве. Сям'я не была спартыўнай. Бацька калісьці трохі займаўся боксам. У нашых дваровых футбольных гульнях я быў неблагім варатаром, але потым, ужо ў секцыі, добра гуляў і ў атацы. Неяк за тры гульні наша каманда забіла двойчы, і ўсе трапныя ўдары выканаў менавіта я.

— Аднак галоўных поспехаў у жыцці вы дасягнулі менавіта ў баскетболе. Прызнайцеся, з вашым высокім ростам у маладосці таксама было складана?

1377178244192_2

— Было. Цяпер усё прасцей: можна і столь дома вышэй зрабіць, і машыну больш прасторную набыць. А раней і ў самалётах было нязручна. Ніколі не любіў спаць у ложках, дзе ў нагах зроблена спінка. Гэта проста немагчыма для ног! А вось у Навагорску мы спалі наогул на трохметровых ложках, на якіх у свой час адпачывалі Арвідас Сабоніс і Уладзімір Ткачэнка.

— Як у той час успрынялі развал Саюза?

— Гэта быў вельмі цяжкі момант для маёй спартыўнай кар'еры. Я ўжо паспеў тады пагуляць за моладзевую зборную СССР на чэмпіянаце Еўропы, аднак наперадзе нас чакалі вялікія турніры. У наш "Калеў" мяне не ўзялі. Паехаў на падпрацоўку да сястры ў Швецыю. Паралельна вучыўся у школе, а пасля трапіў у стакгольмскую каманду "Алвік". Затым у маёй кар'еры быў ізраільскі "Макабі", зноў родны "Калеў". Ужо потым я трапіў у НБА. Між іншым, савецкая зборная дапамагла мне паверыць у сябе. Я ведаў, верыў у тое, што магу паехаць за акіян. У сваю чаргу, мой агент таксама казаў мне, што мной цікавяцца вялікія клубы з Еўропы і ЗША. Мая амерыканская кар'ера больш запомнілася па матчах за каманду "Далас Маверыкс". Раней гуляў за "Маямі". Быў маладым, крыху нахабным хлопцам. Калі мне нешта не падабалася, дэманстраваў тое, што хачу гуляць. Праўда, калі трэнеры бачаць тваю незадаволенасць, можна лёгка вылецець з каманды. За табой заўсёды ёсць вялікая чарга! Напэўна, менавіта з‑за гэтага мяне абмянялі ў "Далас".

— Дарэчы, у "Маямі" з вамі працаваў Пэт Рэйлі — адзін з найбольш таленавітых трэнераў НБА, стыляга, які выключа носіць касцюмы ад "Армані".

— Так, а яшчэ ў рэстаране ён ніколі не глядзіць у меню, а замаўляе тое, што любіць. Ён вельмі ўдачлівы трэнер. Па вялікім рахунку, дрэнныя спецыялісты там не працуюць. У ЗША любяць казаць, што НБА — гэта вялікая сям'я. Але гэта не сям'я, а вялікі бізнес. Калі трэнеру нешта не спадабаецца, ён памяняе цябе, як шахматную фігуру. Яго не хвалююць твае асабістыя пытанні. Ён проста імкнецца якасна выконваць сваю працу.

— Вы памятаеце свае тагачасныя мары?

— Калі яшчэ не трапіў у Амерыку, мне вельмі хацелася згуляць супраць легендарнага харвацкага баскетбаліста Дражэна Петравіча. І я паўдзельнічаў у апошнім яго матчы. У 1993 годзе зборная Эстоніі ў Польшчы гуляла супраць харватаў у кваліфікацыйным турніры да першынства Еўропы. Памятаю, як падчас сустрэчы я перахапіў у Петравіча мяч і, закінуўшы яго ў карзіну, прынёс сваёй камандзе два ачкі. У мяне гэты момант нават на відэа захаваўся! Праўда, пра некалькі секунд ён балюча ўдарыў мяне локцем у жывот (нават сіняк з'явіўся) і паклаў мяч ужо ў наша кольца. На наступны дзень зборная Эстоніі вярталася ў Талін, а я ляцеў у Ізраіль. Сустрэў у аэрапорце і харвацкіх хлопцаў. Петравіча сярод іх не было. І ўжо тады, калі прыляцеў у Тэль-Авіў, даведаўся, што Дражан загінуў у Германіі ў аўтакатастрофе. Я быў шакіраваны.

— А як жа гульні супраць непаўторнага Майкла Джордана?

— Я так і не здолеў супрацьстаяць яму на пляцоўцы. Помню, як сядзеў на лаўцы "Маямі" і назіраў за тым, як ён нашай камандзе закідвае мячы адзін за адным — увогуле больш за 50 ачкоў. Уявіце, гэта было ў першым матчы сезона 1996 года.

— Марцін, за вашу багатую кар'еру вас 7 разоў прызнавалі лепшым баскетбалістам Эстоніі.

— Сапраўды? Я гэтага не ведаў.

— Хіба гэта няшмат?

— Не, можна было і больш.

— Шматлікія баскетбольныя званні маюць для вас значэнне?

— Заўжды прыемна атрымліваць узнагароды. Шмат маіх прызоў у сябе захоўвае маці. Імкнецца трымаць іх у пэўным месцы. Губляць нічога нельга, бо кожная медаль мае вялікае значэнне для мяне.

"Галоўнае маё глупства — набыццё "Хамера"

— На якіх мовах вы можаце лёгка размаўляць, напрыклад, з прадаўцом у краме?

— Па-руску, на іўрыце, па-шведску, на фінскай мове, па-англійску і па-грэчаску. Наогул у мяне ёсць здольнасці да вывучэння моў. Калі б не баскетбол, напэўна, працаваў бы гідам. Аднак лепш за іншыя замежныя мовы я ведаю англійскую. Зараз амаль паўсюдна праца ў клубах вядзецца на англійскай мове. Так было нават у казанскім УНІКСЕ. У Беларусі мая руская мова палепшала, але ўсё роўна, калі ехаў сюды, хваляваўся за свае навыкі.

— Пасля доўгіх пераездаў вы зноў жывяце і працуеце ў Эстоніі. Для большай часткі жыхароў постсавецкіх рэспублік яна асацыюецца з лікёрам "Вана Талін", спевакамі Урмасам Отам і Тынісам Мягі.

— Мне не падабаецца "Вана Талін". Але, калі гуляў у Расіі, я часта браў яго з сабой, каб пачаставаць сяброў. Тыніс Мягі і сёння папулярны спявак. А вось Анне Вескі, напэўна, была больш вядомая ў Савецкім Саюзе, чым у сучаснай Эстоніі. Але яна ўсё роўна наша "зорка".

— Я чуў, што вы неяк раней ездзілі на "Хамеры". Напэўна, раскоша, а не машына.

— Гэта самае вялікае глупства ў маім жыцці! Аддаў за яе прыкладна 100 тысяч долараў. Унутры няма месца, яе цяжка прыпаркаваць. Карацей, прадаў яе толькі сёлета, а так на ёй збольшага каталіся мае сябры. Цяпер у мяне сціплы аўтамабіль.

— Менавіта сёлета вы прыехалі працаваць у нашу краіну.

— Мяркую, раней я ніколі не быў у Мінску. Ён выглядае чыстым і прыгожым горадам. Гэта тычыцца і Ліды, і Маларыты, дзе мы былі на зборах. А вось з беларускімі грашыма ў мяне праблемы нават зараз. Паперы вельмі шмат. Статысячная купюра вельмі падобная да двухсоттысячнай. Мне здаецца, я часам памыляюся, калі расплачваюся на касе. Ды і аддаваць купюру ў 10 тысяч за бутэльку мінеральнай вады мне неяк неахвота.

— У Мінску паспелі і на хакей схадзіць?

— Так, — кажа Марцін і папраўляе на галаве бейсболку з дынамаўскім лагатыпам. — Калі прыходжу на якую-небудзь гульню, мне хочацца "хварэць" за каманду, і тады я набываю нешта з атрыбутыкі. Бейсболак у мяне розных хапае. Ёсць і з ЗША — з Нью-Ёрка. Таксама маю футбольную майку нашага футбаліста Ёэля Ліндперэ, які гуляў за "Нью-Ёрк Рэд Булз", а цяпер выступае за каманду з Чыкага. Мы з ім сябруем, жывём непадалёк адзін ад аднаго. Шмат разоў лятаў "хварэць" за яго ў Штаты. Цяпер, калі б не праца, напэўна, таксама быў бы ў Амерыцы. Яэль тэлефануе, трымае кулакі за нас. Званіў мне пасля апошняй гульні са Славакіяй і віншаваў нашу каманду з перамогай. Зараз Беларусь будзе гуляць супраць Эстоніі. Хто ведае, магчыма, і гэтым разам ён будзе за мяне перажываць.

…У сваю чаргу, нам застаецца дадаць, што сённяшні матч адбудзецца ў магілёўскім спарткомплексе "Алімпіец". Пачатак гульні ў 19:00.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара
і з уласнага архіва М. Мююрсэпа.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.