Вы тут

Ніна Дзябольская: «Іншая краіна, народ іншы»


Сваё адчуванне і разуменне Беларусі ў масквічкі з'явілася пасля асабістага знаёмства з прадстаўнікамі нашай інтэлігенцыі, пасля ўдумлівага асэнсавання і працы з творчасцю Максіма Багдановіча і іншых паэтаў, пасля неаднаразовага наведвання нашай краіны.

Месца ў сэрцы Дзябольскай Беларусь заняла шмат у чым дзякуючы яе дзядзьку Дзіядору Дзябольскаму. Ён вучыўся ў Яраслаўлі адначасова з Максімам Багдановічам, там яны і пасябравалі. Паэт нават часам бываў у гасцях у доме бацькоў Дзябольскага. Таму менавіта дзядзька праз пэўны час дапамог жанчыне адчуць і зразумець беларускую паэзію, адкрыў ёй, як яна аднойчы пісала, «дзівосна цэласны свет духоўна блізкіх мне людзей...»

У 1960-х, калі ствараўся Літаратурны музей Максіма Багдановіча, да Дзіядора звярнуліся з Мінска, папрасілі, каб ён напісаў свае ўспаміны пра Багдановіча. Ён зрабіў гэта, іх апублікавалі. Пасля смерці дзядзькі ў 1964 годзе супрацоўнікі музея звярнуліся да Ніны Дзябольскай з просьбай занатаваць яе ўспаміны пра Дзіядора. Жанчына не толькі напісала тое, што памятала і адчувала, але і перадала музею прадметы, кнігі, якія яму належалі. Яе сталі запрашаць на розныя канферэнцыі, прысвечаныя класіку беларускай літаратуры. На іх яна даведалася, што Багдановіча перакладаюць на англійскую мову, была вельмі заінтрыгавана і падумала, што на французскай ён будзе гучаць лепш...

1377900892672_31-20

Паспрабавала. Аказалася, Багдановіч сапраўды вельмі добра кладзецца на французскую мову. Перакладчыца адзначае, што ён сам быў пад уплывам французскай паэзіі, часта выбіраў з яе эпіграфы да сваіх твораў. Увогуле ў паэтах пачатку ХХ стагоддзя, мяркуе яна, — узяць і французскіх, і нямецкіх, і рускіх, і беларускіх — можна знайсці нешта падобнае, якімі б рознымі яны ні былі. Гэта агульнае светаадчуванне, моцны лірычны пачатак. Яны адгукаліся на ўсе падзеі, якія адбываліся тады, бо час быў даволі напружаны. Але ў той жа момант у іх ёсць пэўны спакой, лагоднасць, калі параўноўваць з пазнейшымі паэтамі Расіі, з тымі ж Маякоўскім, Ясеніным, у якіх настрой бывае нават агрэсіўным.

Дзябольская стала рэгулярна наведваць Беларусь, наладжваць стасункі з нашымі творцамі. На адным з паэтычных вечароў Сяргея Панізніка ў касцёле падышла і сама пазнаёмілася з ім, бо была надзвычай уражана яго мовай, інтэлігентнасцю. Так пачалося іх творчае сяброўства.

Праз нейкі час Сяргей Панізнік папрасіў яе перакласці «Ксты» Рыгора Барадуліна. Дзябольская спачатку адмаўлялася, аднак яе ўгаварылі, параіўшы выдатнага кансультанта па беларускай мове — Івана Бурсава, беларуса, які жыве ў Маскве (ён усё жыццё перакладаў з беларускай мовы на рускую, у «Літаратурнай газеце» вёў рубрыку «Два стагоддзі беларускай паэзіі», у якой на працягу некалькіх гадоў друкаваў біяграфічныя звесткі пра паэтаў і некаторыя свае пераклады).

Першым вершам Барадуліна, які пераклала Ніна Дзябольская, стаў «Хмарны настрой» — знайшла самы кароткі. Ніна Дзябольская адзначае, што пры даслоўным перакладзе, калі нічога не змяняла, адразу атрымалася ў рыфму. Аднак Барадуліна было больш складана перакладаць, чым Багдановіча, бо ў яго шмат дыялектных слоў, мяркуе яна. Таму Бурсаў вельмі дапамог, і не толькі ў плане мовы. Ён увёў яе ў беларускую паэзію і гісторыю, дапамог адчуць дух народа.

Пасля гэтага Дзябольская ўжо сама зацікавілася, стала шукаць сучасных аўтараў. Яна моцна захапілася перакладамі, і калі заўважыла, што ўжо зроблена даволі шмат, вырашыла, што трэба выдаць кнігу. Так з'явіўся зборнік перакладаў твораў больш чым 20 паэтаў з Беларусі на французскую мову, у тым ліку некалькі дзясяткаў вершаў Багдановіча.

Перакладае Дзябольская і сучасных паэтаў, яе любімыя — Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Раіса Баравікова, Вера Буланда, Валерыя Кустава і іншыя.
Якімі ж убачыліся Дзябольскай сучасныя беларусы? Надзіва ўважлівыя людзі, мяркуе яна і кажа, што на бытавым узроўні мы вельмі адрозніваемся ад расіян мяккасцю, унутранай незалежнасцю і павагай да сябе. Народ у нас нашмат больш жыццесцвярджальны, упэўнена перакладчыца. Адрозненне вельмі вялікае, і пра гэта яна напісала ў маскоўскім часопісе «Скарыніч», які выдаецца беларусам Аляксеем Каўкам, што жыве там. Масквічка надрукавала артыкул пад назвай «Іншая краіна, народ іншы» і адзначыла, што адчувала гэта заўсёды, калі прыязджала сюды.

Жанчына мае добрыя стасункі з беларускай інтэлігенцыяй і адзначае: «ўзаемапавагу, якой няма паміж рускімі пісьменнікамі. Тут не відаць ніякай зайздрасці, а пра Расію гэтага нельга сказаць».

Гэтым разам Дзябольская прыехала ў Мінск, каб забраць новую кнігу. Гэта пераклады на французскую, без арыгіналаў, з рускай, беларускай і польскай. Візіт быў вельмі своечасовым, бо аказалася, што ў Мінску якраз праходзіць Міжнародны з'езд славістаў. Яна пазнаёмілася са славістамі з Францыі, Бельгіі, перадала ім кніжку, папрасіла напісаць свае заўвагі.

Глыбока прапусціўшы праз сэрца, натхніўшыся творчасцю беларускіх паэтаў, Ніна Дзябольская піша і ўласныя вершы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.