Вы тут

Сям'я... з бракам


Кажуць, у вёсцы — не схавацца. Усё тут, маўляў, на далоні — і добрае, і дрэннае. Ледзь нешта гаспадыня недарабіла, недагледзела, і пайшла пагалоска ад парога да парога. Але і «не вынось смецце з хаты» — гэта таксама пра вёску. І паспрабуй у такой вось вёсцы выявіць праблему, разабрацца ды дапамагчы. Паспрабуй, да прыкладу, вызначыць, у якой сям'і дзецям несалодка, дзе мама з татам да сваіх бацькоўскіх абавязкаў па-наплявацельску ставяцца? Тым больш калі ў сям'і гэтай і суседзяў ніякіх няма? Жывуць сабе на хутары, як на востраве...

Зрэшты, рана ці позна гора-бацькі ў поле зроку розных службаў усё ж трапляюць.

— Вядома, лепш, калі рана. Калі сям'ю можна яшчэ выратаваць, не абавязкова звяртацца да такой крайняй меры, як пазбаўленне бацькоўскіх правоў, — тлумачыць сваю пазіцыю намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх (КСН) Баранавіцкага раёна Вольга Клаўсуць, з якой і адпраўляюся ў планавы рэйд па раёне.

1378247249976_1

Такія праходзяць не менш за адзін раз на тыдзень: прадстаўнік КСН, супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра і міліцыі, псіхолагі, сацыяльныя работнікі выязджаюць па трывожных адрасах і на месцы правяраюць, ці трапляе сям'я пад вызначэнне СНС — сацыяльна-небяспечнае становішча. Чаго граху таіць, нараканняў ад тых, каго наведваюць падчас такіх рэйдаў, шмат. Маўляў, і ў халадзільнікі няпрошаныя госці зазіраюць, і прадукты на паліцах па пальцах пералічваюць, і па шафах лазяць, і ў кутках шнараць. А ці маюць права? І чаму раптам з-за аднойчы не зваранага супу і не вынесенага смецця дзіця з сям'і забіраюць? І дзе наогул тут справядлівасць? Вось пасля такіх скаргаў і вырашыла сама, сваімі вачыма на працэс праверкі паглядзець.

Дарэчы, наведваюць супрацоўнікі не ўсе сем'і, а толькі тыя, што трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі з-за скандалаў ды п'янак. Або тыя, дзе дзеці школу рэгулярна прапускаюць ці прыходзяць на заняткі брудныя ды галодныя, або, не дай Бог, з сінякамі. Або тыя, пра якіх дзіцячы ўрач ці фельчар ФАПа паведамілі: антысанітарыя поўная!

...Дом як дом, звычайны, сельскі. Жоўтыя сцены, накрыты шыферам дах, плот, які ледзь пакрывіўся, пабудовы... Зарослы травой прасторны двор не дагледжаны, але і жахлівага ўражання таксама не пакідае. Проста гаспадары — не аматары кветнікаў. А такіх у вёсках хапае. За дзвярыма дома — сенцы, далей — кухня. А ў ёй — газавая пліта, залітая рэшткамі тлушчу і ежы да такой ступені, што адразу ясна: калі і мылі яе хоць раз з моманту «нараджэння», то было гэта, мабыць, у вялікае свята. Менавіта з гэтай пліты пачалося маё знаёмства з сям'ёй Мацкевічаў.

1378247251797_2

За сталом на кухні — трое дзетак: два браты-пагодкі і двухгадовая сястра засяроджана ядуць боршч. 7 гадзін вечара, і, мяркуючы па ўсім, гэта адзіны і першы прыём ежы. Ва ўсякім выпадку, нейкіх іншых прадуктаў у доме знайсці не ўдалося. На паліцах халадзільніка буяе цвіль. Яна ж выразнымі плямамі пакрывае сцены ваннага пакоя. Склад рыззя ва ўмывальніку, якім відавочна не карысталіся ўжо вельмі даўно. Пра прыбіральню лепш наогул не распавядаць: наведванне гэтага месца патрабуе моцных нерваў і фізічнай загартоўкі.

— Мы карыстаемся тым, што ў двары, — паведамляе мама чатырох дзяцей. Аказваецца, старэйшай дзяўчынкі дома няма, гуляе з сяброўкамі.

— І двухгадовая малая карыстаецца тым, што ў двары? — цікавімся.

— Не, у яе свой гаршчок , — удакладняе мама і паказвае пасудзіну, брудную да млоснасці...

У пакоі нядбайных бацькоў — дзіцячы ложачак з гарой шэрага рыззя. А побач — новы камп'ютар з... порнакарцінкай на ўвесь экран. У секцыі, дакладна на ўзроўні росту двухгадовай дачушкі, — адкаркаваная бутэлька віна... І ва ўсім доме — ніводнай дзіцячай цацкі.

Бацькі, між іншым, не з тых, што моцна п'юць. Але жыллё выглядае «бамжатнікам», а не домам, дзе выхоўваюць чатырох малых. Такія вось карцінкі з глыбінкі...

...Ці трэба ў такіх сем'ях зазіраць у халадзільнікі і ўнітазы? Думаю, проста неабходна. Пазней я пабывала на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, куды былі выкліканы нядбайныя бацькі. У залу пасяджэнняў увайшла прыстойна апранутая маладая пара. У адказ на пытанні камісіі здзіўлена паціскалі плячыма: маўляў, няпраўда, усё было чыста і прыстойна. Яны шчыра не разумелі, аб якой такой антысанітарыі і пагрозе здароўю дзяцей ідзе гаворка.

1378247253347_3

У рэйдзе мы наведвалі адну сям'ю за другой. Дзесьці шафы і халадзільнікі гаспадары дэманстравалі з задавальненнем: ідэальны парадак, паліцы ломяцца ад слоікаў з нарыхтоўкамі, бо на двары канец лета. А дзесьці ў калідоры, заваленым хламам, маладая кабета паціскала плячыма: «А што я магу? Муж не дазваляе прыбіраць...»

Прадстаўнікі службаў выпытвалі ў адзінокіх маці, ці знайшлі яны працу і якую, ці наведваюць нарколага, ці кінулі курыць. Муж і жонка з гонарам распавядалі аб тым, што скандалаў у сям'і не бывае, а самі яны ўжо завяршаюць капітальны рамонт... Розныя сям'і, розныя лёсы, рознае стаўленне да сваіх бацькоўскіх абавязкаў...

Але вернемся да сям'і Мацкевічаў, той самай, умовы жыцця якой пакінулі такое моцнае ўражанне. Наступны за першасным наведваннем спецыялістамі этап — збор дакументаў, пастаноўка на ўлік. А калі сям'я на ўліку ўжо знаходзіцца, то высвятленне своеасаблівай дынамікі выпраўлення або невыпраўлення. Мацкевічаў, а таксама мясцовага ўчастковага інспектара міліцыі і прадстаўнікоў сельвыканкама, ФАПа, школы, дзіцячага садка выклікалі на камісію па справах непаўналетніх Баранавіцкага райвыканкама. Не, дзяцей у нядбайных бацькоў не адабралі, бо гэта крайняя мера. Але нагляд за сям'ёй з гэтага часу будзе самы пільны. На камісіі высвятлялі, што перашкаджае маладой сям'і жыць нармальна, якая дапамога ад мясцовых улад патрабуецца, як паказалі сябе дзеці ў садку і школе, як характарызуюцца бацькі на працы...

— Спецыялістамі будзе распрацаваны план сямейнай рэабілітацыі, і бацькам давядзецца пастарацца, каб яго выканаць. Толькі так яны змогуць застацца разам з дзецьмі, — кажа намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх (КДН) Баранавіцкага раёна Вольга Клаўсуць

.

Застаецца толькі дадаць, што часам пусты халадзільнік вельмі яскрава сведчыць пра стаўленне бацькоў да свайго дзіцяці.

Прозвішча герояў матэрыялу зменена па этычных меркаваннях.

Таццяна ГРЫНКЕВІЧ
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа

Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа.