Вы тут

Эх, дарогі...стэп ды... ікра!


...Праехаць у цягніку з пяццю вялізнымі катамі пароды мэйн-кун, прастаяць у стэпе трое сутак амаль без ежы і вады, атрымаць у падарунак пакет з чырвонай ікрой, не спаць 62 гадзіны... Гэта не спіс бязглуздых жаданняў, а рэальныя сітуацыі, якія давялося перажыць мінчанцы Юліі Баркоўскай. Дзяўчына ўжо другое лета ў складзе будатрада праводзіць у Расіі. Там на некалькі тыдняў яна становіцца правадніцай...

Мара, мора і «бяссонніца»

— Справу, якой давядзецца займацца, можна было выбраць. Некаторыя, напрыклад, ехалі на будаўніцтва ці аддавалі перавагу працы важатых у дзіцячых летніках, — расказвае Юлія. — Варыянт папрацаваць правадніком мне неяк адразу здаўся прывабным. Па-першае, такая праца дае шмат новых уражанняў і знаёмстваў — лічы, што кожны дзень. Па-другое, пасля заканчэння школы ў мяне была думка пайсці вучыцца на правадніка, але, так бы мовіць, перамог рацыяналізм, і ў выніку я стала студэнткай Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, атрымала дыплом менеджара-эканаміста. Так што, дзякуючы будатраду, мара нібыта дагнала мяне.

Трапіць у будатрад ёсць магчымасць не толькі ў студэнтаў, проста ім гэта, відаць, найбольш цікава. Юля, напрыклад, скончыла ўніверсітэт тры гады таму, а цяпер працуе галоўным спецыялістам Мінскага абласнога камітэта БРСМ. Але насамрэч не ўсё так проста. Перш-наперш трэба прайсці навучанне і атрымаць пасведчанне. Для беларусаў гэтая працэдура выглядае акурат як вучоба ў студэнтаў-завочнікаў: за некалькі месяцаў да паездкі дасылаюцца вучэбныя праграмы, па якіх патрэбна здаваць іспыты. Юлі абодва разы працаваць давялося на Беларускім вакзале ў Маскве, ездзілі ж пераважна ў Анапу. З надыходам лета, як вядома, колькасць цягнікоў, што ідуць у «курортным» кірунку, значна павялічваецца, таму штатных праваднікоў не хапае. На такую сезонную працу прыязджае сапраўды шмат моладзі. Не толькі з Беларусі, працуюць таксама расіяне і ўкраінцы.

1378935563307_12-8

Нягледзячы на тое, што для Юліі праца правадніка аказалася цікавай, дзяўчына не адразу да яе прызвычаілася:

— Не трэба думаць, што гэта — райская асалода. Пакуль не адчула на сабе ўсе яе «прыемнасці», я нават і здагадацца не магла, што буду настолькі вымотвацца. Напрыклад, што б ні здарылася, трэба хадзіць у ідэальна памытай і адпрасаванай форме. Паверце, што падтрымліваць на належным узроўні ў дарозе свой выгляд, не так і лёгка.

Тым не менш самым цяжкім для Юлі аказаўся не «спартанскі» побыт і строгае кіраўніцтва, а амаль што поўная адсутнасць сну. Увесь рэйс доўжыцца дзесьці 72 гадзіны. Ад Масквы да Анапы цягнік ідзе 36 гадзін, па прыбыцці 6-8 гадзін даецца на прыборку вагона, пасля чаго яшчэ нейкі час — стаянка, можна і на мора схадзіць (ад месца, дзе была стаянка цягніка, да яго ісці было хвілін 25). З 72 гадзін на сон прыпадала дзесьці 8-10.

— У Анапе мы не спалі, хацелася пагуляць, у моры пакупацца. Праз нейкі час арганізм прывыкае да ўсяго, — смяецца Юля.

Грошы, каты́ і сюрпрызы...

— Для правадніка амаль не існуе такога паняцця, як «прабавіць час у дарозе». Прынамсі, я зрабіла такую выснову са свайго вопыту. Калі выпадае свабодная хвіліна, заўжды знойдзецца люстэрка, якое трэба працерці, альбо нейкая іншая праца. На нядоўгі час можна схадзіць да суседзяў-праваднікоў альбо паразгадваць крыжаванку, — працягвае суразмоўца.

Усе «сезонныя» праваднікі падпісваюць кантракт, згодна з якім трэба абавязкова адпрацаваць 550 гадзін, а інакш давядзецца плаціць кампенсацыю. Раней адпрацуеш — раней паедзеш дадому. Летась Юля норму ў 550 гадзін перавысіла, адпрацавала амаль 1000 гадзін. Але нават мінімум вытрымліваюць не ўсе. У асноўным чамусьці хлопцы. Быў такі выпадак, што проста пасярод дарогі праваднік сабраў рэчы і пакінуў вагон.

З заробку абавязкова вылічваецца падатак — 30 працэнтаў. Сёлета, напрыклад, за два месяцы дзяўчына атрымала 33 тысячы расійскіх рублёў, гэта амаль тысяча долараў. Як яна сама гаворыць: «Гэта, у прынцыпе, нядрэнна, але пры жаданні такія грошы можна зарабіць і ў Мінску. Таму я лічу, што перш за ўсё еду па ўражанні, а не па заробак».

— Часам дарога такія «сюрпрызы» падкідвае! — прыгадвае Юля. — Вядома, у цягніках людзі часта забываюць розныя рэчы. Знаходзіла я ў вагоне і фотаапараты, і сярэбраныя ланцужкі. Могуць пакінуць пакет з садавіной ці іншай ежай. Дарэчы, неяк пасажыры з Сахаліна падышлі і сціпленька так прапанавалі забраць у іх сумку з прадуктамі. Маўляў, там рыбка наша «фірмовая», пакаштуеце. Паглядзеўшы, што ж у сумцы ляжыць, я ледзь не падскочыла. Там было 18 бляшанак чырвонай ікры! Захоўваць усё гэта я не мела магчымасці, таму раздала пасажырам.

Яшчэ некаторыя людзі любяць падарожнічаць са сваімі хатнімі гадаванцамі. Гэта асобная тэма!

Аднойчы ў цягніку ехала сям'я з пяццю катамі пароды мэйн-кун. Жывёлы не маленькія, большыя за звычайных катоў. Трэба ж такому здарыцца, што ў іх вагоне зламаўся кандыцыянер. Бедныя пухнатыя мэйн-куны проста паміралі ад спёкі. У выніку іх прынеслі да мяне, са мной яны і ехалі да месца прызначэння.

Пасажыры, стрэс і эмоцыі

— Прыгадваем «сваіх» пасажыраў даволі часта, — сцвярджае Юлія. — Гэта толькі здаецца, што яны выпадковыя спадарожнікі. Бываюць самыя нечаканыя выпадкі.

Напрыклад, аднойчы падыходзіць да мяне ў цягніку мужчына і кажа: «Юля, маёй жонцы вы вельмі спадабаліся, таму я прыйшоў, каб пагаварыць з вамі!»

І мы з ім размаўлялі дзесьці паўтары гадзіны. Ён шмат распытваў пра Беларусь. Казаў, што праз два гады выйдзе на пенсію і думае пра тое, каб купіць у нашай краіне дом і пасяліцца ў ім.

Аднойчы пасажыры ў Анапе мяне нават у госці запрасілі: паказалі дом, смачна накармілі, звадзілі на мора і надарылі падарункаў.

Успаміны, на жаль, бываюць і не вельмі вясёлымі, стрэсавымі. Летась, акурат падчас паводкі ў Крымску, цягнік, дзе ехала Юля, і яшчэ 36 саставаў трое сутак проста стаялі пасярод стэпу.

— Наперад рухацца не было ніякай магчымасці. А ў маім вагоне ехалі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у суседнім — іх бацькі, — прыгадвае дзяўчына. — Уявіце сітуацыю: вада і ежа заканчваюцца, а машыны гуманітарнай дапамогі дабрацца да нас не могуць. Чаго мне каштавала гэта вытрымаць, успамінаць цяжка! Толькі калі з саставаў, якія стаялі паперадзе, здагадаліся перадаць нам прыпасаў, усе крыху супакоіліся.

Па-мойму, быць у добрых стасунках з пасажырамі — гэта самае галоўнае ў працы правадніка. Я заўжды вучу стажораў: «Размаўляйце з людзьмі!»

Ад гэтага залежыць іх стаўленне да вас. Пасажырам тады і смецце пакідаць будзе сорамна, і пасцель яны акуратна згорнуць, каб правадніку працу аблегчыць, а пасля, можа, і ў жыцці дапамогуць.

Напрыклад, неяк быў выпадак. Я хоць і не захапляюся альпінізмам, але чамусьці заўжды марыла пабываць альбо ў Алтайскіх гарах, альбо на Каўказе, але пра гэта нікому асабліва не расказвала. І вось неяк размаўляю я з адным пасажырам, а ён пытаецца:

— Напэўна, ёсць у цябе нейкая мара, якую вельмі хочацца ажыццявіць?

Самае цікавае, што гэты мужчына аказаўся горным экскурсаводам, які ўжо шмат гадоў працуе на Алтаі. Мы з ім дамовіліся, што абавязкова яшчэ раз сустрэнемся і пойдзем разам у горы.

...Часам уражанні важней за грошы... Па-мойму, вельмі правільная думка. Уражанняў за сваё жыццё трэба назапасіць як мага больш.

А летняя праца мне іх якраз і забяспечвае. Эмоцыямі, што перажываю ўсяго за месяц-два летніх вандровак, потым жыву ўвесь год.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.