Вы тут

МАСТАЦТВА ЗАЎСЁДЫ ВАРАГУЕ З СІМЕТРЫЯЙ…


Сённяшні суразмоўца «Звязды» — паэт і празаік Алесь Бадак. А «па сумяшчальніцтве» — яшчэ і галоўны рэдактара часопіса «Нёман».

1381181711381_8-4

— Алесь Мікалаевіч, пачну з таго, што падказвае рэчаіснасць… А сёння ўвогуле «тоўстыя» літаратурна-мастацкія часопісы ці не з'яўляюцца «архаізмамі»?.. Няма ж ужо мільённых тыражоў «Нового мира» і «Дружбы народов»…
— Як няма зараз дзесяцітысячнага накладу ў «Полымя», «Маладосці» і «Нёмана»… Не трэба забывацца на тое, што ўсё ж такі мільённыя тыражы ў часопісаў з'явіліся, калі тыя пачалі друкаваць раней недасяжныя для шырокага чытача па ідэалагічных прычынах творы, нейкія смелыя мастацкія рэчы, што дагэтуль было абсалютна немагчыма. Акрамя таго, гэты перыяд узлёту супаў з дэфіцытам у кніжных крамах добрай сучаснай замежнай літаратуры. Калі «Нёман» надрукаваў Маркеса, тыраж часопіса адразу ж рэзка падняўся — амаль пад 200 000 экзэмпляраў. Але хутка ўсё недасягальнае было надрукавана, кніжныя паліцы пачалі прагінацца ад наяўнасці самай разнастайнай, у тым ліку і замежнай, літаратуры, а смеласцю сёння нікога не здзівіш. І тыражы, як тэмпература ў хворага, паколькі яны сведчылі пра хваробы ў грамадстве, сталі падаць. Іншая справа, што гэтае падзенне нечакана лёгка праскочыла папярэднюю, «здаровую» адзнаку, скажам, у 100 тысяч экзэмпляраў і застыла на крытычных, небяспечных некалькіх тысячах. Прычыны гэтага трэба, у першую чаргу, шукаць у грамадстве, а не ў саміх часопісах. Бо раней грамадскі статус інтэлігенцыі, гуманітарыяў быў непараўнальна вышэйшым. І малады чалавек, які чытаў у метро літаратурны часопіс ці «Литературку», выклікаў у пасажыраў павагу. Дзе яшчэ, як не ў гэтых выданнях, можна было знайсці глыбокія, мудрыя развагі пра чалавечае прызначэнне, пра наша існаванне, надзённыя і не вельмі клопаты, вострыя праблемы. Сёння гэтым на крайні выпадак, што датычыць праблем, спрабуюць займацца ўсе — вунь колькі на тэлеканалах розных перадач-клонаў. Але ўсё гэта неяк вельмі павярхоўна, прыхапкам. І як аказалася, шырокаму спажыўцу гэта больш цікава, прымальна, паколькі ён сам усё робіць па ходу, паколькі ў яго ўжо, як мы гаворым, выпрацавалася кліпавае мысленне.

— Калі гаварыць пра чытацка-геаграфічную прастору часопіса «Нёман», то чым, якой тэрыторыяй ахопу яна вымяраецца? Раней ужо адна прыналежнасць да рускай мовы дазваляла шукаць чытача на крайні выпадак па ўсёй савецкай прасторы…
— Алесь Жук, наш вядомы празаік і адзін з папярэдніх рэдактараў «Нёмана», мне казаў, што тыраж часопіса, якія распаўсюджваўся на тэрыторыі Беларусі, ніколі не перавышаў 18 тысяч экзэмпляраў. Гэта значыць, ад амаль 200 тысяч экзэмпляраў адымем васямнаццаць і даведаемся, які працэнт чытачоў «Нёмана» ў савецкі час знаходзіўся за межамі рэспублікі. Цяпер, зразумела, усё наадварот. З трох з нечым тысяч экзэмпляраў лічаныя асобнікі ідуць за межы Айчыны. У асноўным, зразумела, у Расію. Верагодна, ішло б і болей, але, на жаль, падпісацца ў той жа Расіі на «Нёман» нашмат даражэй, чым у нас. І наадварот, падпіска на расійскія літаратурна-мастацкія часопісы ў Беларусі істотна даражэйшая, чым у Расіі. Але гэта што датычыцца папяровай версіі. Дзякуючы інтэрнэту, сёння нас чытаюць і ў Еўропе, і ў Азіі, і ў Амерыцы. Я мяркую аб гэтым па пошце, якую мы атрымліваем. Прычым пішуць з розных куточкаў свету не толькі звычайныя чытачы, але і аўтары, якія хочуць надрукавацца ў «Нёмане».

— У рэдакцыі «Нёмана» ёсць нейкія асаблівыя канцэптуальныя падыходы да выбару аўтараў?.. Размова не толькі пра перакананні паэтаў і празаікаў… Размова і пра тое, колькі вы аддаяце месца пісьменнікам з Беларусі, мастакам слова з Расіі? Ці трымаеце ў полі зроку літаратуру іншых краін?
— Безумоўна, асноўныя нашы аўтары — пісьменнікі, якія жывуць у Беларусі. Але пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ўжо шмат гадоў запар адзін з нумароў часопіса робім беларуска-расійскім, у якім ільвіную частку нумара займаюць творы сучасных расійскіх пісьменнікаў. Для беларускага чытача гэты праект мае выключна важнае значэнне, паколькі ў яго ёсць дадатковая магчымасць пазнаёміцца з сучаснай рускай літаратурай — не масавай, не з дэтэктывамі, жаночымі раманамі і г. д., якіх на паліцах і беларускіх кніжных крам звышдастаткова, а з сур'ёзнай літаратурай. З тымі творамі, у якіх працягваюцца традыцыі вялікай рускай класікі. Дарэчы, некаторыя расійскія аўтары прапаноўваюць нам свае творы ў якасці эксклюзіўнай публікацыі.
Ёсць у часопісе і пастаянная рубрыка «Сусветная літаратура ў «Нёмане», дзе друкуюцца творы замежных аўтараў, якія, як правіла, дагэтуль на рускую мову не перакладаліся.

— І ўсё ж такі пра яркія імёны, пра тое, што, на ваш погляд, надрукавана істотнага ў апошнія год-два… Грымеў жа некалі «Нёман» пасля публікацыі рамана Габрыэля Гарсіа Маркеса…
— Калі б гадоў дваццаць назад я сказаў, што ў «Нёмане» ўпершыню будзе надрукаваны адзін з раманаў Сіменона, не сумняваюся, тыраж яго імгненна падскочыў бы. А такі раман нам сапраўды нядаўна прапанавалі. Толькі вось нельга вярнуць тое, што засталося ў мінулым. І яшчэ, усё ж такі націск мы робім на айчынную літаратуру, якая, на жаль, мала вядомая за межамі Беларусі, але якая вельмі цікавая і разнастайная. Узяць хаця б нашых пастаянных аўтараў — празаікаў сярэдняга пакалення: Андрэя Федарэнку, Анатоля Казлова, Валерыя Гапеева, Уладзіміра Сцяпана. З рускамоўных аўтараў «Нёмана» я з задавальненнем магу назваць Алену Папову, Алега Ждана, Зінаіду Краснеўскую.

— Гавораць, што сёння праблемы з нарысам, з літаратурнай крытыкай… А ўвогуле, ці так ужо неабходны публікацыі такіх жанраў у «тоўстым» літаратурна-мастацкім часопісе?
— Нарыс — жанр, які ўсё ж такі вельмі залежны ад рэчаіснасці, ад свайго часу. Багацце нарысаў у друку прыпадае на савецкі час, калі для літаратараў усё было надзвычай ясна і зразумела: вось наша вялікая Радзіма — СССР, вось вялікая будоўля — БАМ, вось рабочы і калгасніца — перадавікі працы. І г. д. і да т. п. Так, ёсць праблемы: недзе не выканалі план, спазніліся з сяўбой… Але вострым пяром змагацца з гэтай безгаспадарчасцю (хоць і не заўсёды перамагаць) было дастаткова проста і, безумоўна, ганарова. А пасля не стала СССР, адбылася пераацэнка каштоўнасцяў. Перадавікі вытворчасці рабочы і калгасніца адышлі на другі план. Героямі дня сталі бізнесмены, якіх яшчэ нядаўна тыя ж нарысісты называлі спекулянтамі. Грамадства аказалася ўцягнутым у такія складаныя працэсы, якія зламалі ранейшыя зразумелыя большасці арыенціры, што асэнсаваць усё гэта пісьменніку ці журналісту аказалася не так і лёгка. Хоць і сёння, напрыклад, той жа «Наш современник» сярод іншых часопісаў вылучаецца менавіта яркай публіцыстыкай, вельмі цікавай, дзе дастаткова вялікае месца займае якраз нарыс.
А ўвогуле, сёння месца нарыса ўсё болей упэўнена займае эсэ — як жанр больш гібкі для творчага самавыяўлення.
Літаратурная крытыка сёння таксама перажывае далёка не лепшыя часіны. Пра гэта гавораць і ў Расіі, і ва Украіне, і ў Беларусі. Крытыкі страцілі свой некалі вельмі вялікі ўплыў на літаратурны працэс, на чытача. Час ад часу мне трапляе ў рукі часопіс «Читаем вместе», так званы «навігатар у свеце кніг». Тыраж яго складае 10 тысяч экзэмпляраў. Для часопіса такой скіраванасці тыраж нават вельмі вялікі. Але ў ім няма аналітычных артыкулаў, глыбокіх разваг пра літаратуру. Гэта нешта сярэдняе паміж крытыкай і журналістыкай, разлічанае на чытача з кліпавым мысленнем. Гэтае «нешта» замяняе сабою рэцэнзію, якая сёння зусім не запатрабавана.
З другога боку, як у сённяшнім часе крытыкам-рэцэнзентам дагнаць усе літаратурныя навінкі? Не выпадкова, відаць, у «Новом мире» з'явілася рубрыка «Бібліяграфічныя лісткі», дзе пра гэтыя навінкі гаворыцца ўсяго некалькімі сказамі. Трэба ж, атрымліваецца, неяк фіксаваць для гісторыі літаратуры тое, што адбываецца ў ёй сёння. Гэта, дарэчы, адна з важных задач «тоўстых» часопісаў: не проста друкаваць вершы, апавяданні, раманы, а пісаць гісторыю літаратуры. І без крытыкі тут ніяк не абысціся. Гэта датычыцца і публіцыстыкі: яна піша гісторыю сучаснасці. Не важна, папулярныя сёння нарыс ці эсэ. Няхай з'явіцца нават нешта трэцяе. Можа быць, і чацвёртае. Але публіцыстыку нельга выкрасліць з літаратуры.

— У Льва Талстога ў дзённіку было запісана наступнае перакананне: «Адно мастацтва не ведае ўмоў часу, ні прасторы, ні руху, — адно мастацтва, заўсёды варожае сіметрыі — кругу, дае сутнасць». Часопіс працуе на мастацтва, вызначае самыя каштоўнасныя арыенціры ва ўзаемаадносінах пісьменніка, вашага аўтара ў яго сувязях з грамадствам. Ці вы, даючы слова празаікам і паэтам, хіба ўсяго толькі адлюстроўваеце сучаснасць?
— Вядома ж, часопіс імкнецца не толькі адлюстроўваць сучаснасць, але і накіроўваць чытача да тых эстэтычных, культурных, духоўных ідэалаў, якімі яны нам уяўляюцца. Літаратурны часопіс у Беларусі, як і ў Расіі, — гэта нешта сапраўды ўнікальнае. Гэта, калі хочаце, ствол велізарнага дрэва, якое завецца літаратурай. Ён не дазваляе наступіць у літаратуры хаосу.

— У часопіса «Нёман» ёсць добрая традыцыя — арганізацыя ў межах Дня беларускага пісьменства міжнароднага «круглага стала» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго»… Чым выклікана гэтая ініцыятыва? Што яна дае часопісу і адпаведна чытачам?
— Ініцыятыва выклікана перш-наперш скіраванасцю самога часопіса, у кожным нумары якога можна сустрэць імёны не толькі айчынных аўтараў, але і пісьменнікаў далёкага і блізкага замежжа. З многімі з іх у нас наладжваюцца добрыя стасункі, а гэта вельмі істотны момант, калі размова ідзе аб арганізацыі такога няпростага мерапрыемства, як міжнародны «круглы стол». Часопісу і чытачам гэта дае новыя цікавыя творы, новых цікавых аўтараў, паколькі кожная такая сустрэча дазваляе ў выніку пашырыць кантакты паміж намі і літаратарамі іншых краін.

— Сёння ўсё болей і болей гавораць аб прасоўванні мастацкага слова ў інтэрнэт-прасторы… Ці ёсць у вас, у «Нёмана», нейкія планы ў гэтым кірунку?..
— Несумненна, з часам наша прысутнасць у інтэрнэце будзе толькі расці. Рэальнасць такая, што колькасць чытачоў у інтэрнэце павялічыць прасцей, чым колькасць тых, хто выкарыстоўвае папяровую версію часопіса. Бо на сайт можна выкладваць не толькі самі творы. Можна арганізоўваць чытацкія форумы. Можна без праблем «павялічваць» аб'ём самога часопіса. Можна рабіць яго больш маляўнічым і г. д.

— І ўсё ж «Нёман» — гэта…
— Гэта проста цікавы літаратурны часопіс!.. Калі ў вас ёсць цяга да літаратуры, калі вам цікава, што адбываецца ў беларускай літаратуры, то вам проста не абысціся без нашага часопіса!..

Гутарыў Кастусь ХАДЫКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.