Вы тут

...Не памерці з-за жорсткасці іншых


Такія словы ёсць у малітвах, якія чытаюцца штодня. Але бывае, што паход у тэатр па ўздзеянні на душу можа быць падобны да малітвы. Тэатр можа дакрычацца да глыбінь сэрца, спачатку перавярнуць, а потым паставіць усё на свае месцы. Як «(А)палонія» Кшыштафа Варлікоўскага.

1382784735772_26-22

... Сціснула сэрца. Не хоча стукаць. Угаворваю: давай!.. Ну!.. Яшчэ трэба пратрымацца, яшчэ трошкі. Яшчэ трэба выканаць нейкае сваё галоўнае абяцанне перад жыццём. У кожнага — сваё. Наканаванне. Жывеш, жывеш і думаеш, што нічога асаблівага: будзённасць, турботы — пакуль на зразумеў, што нават у тым, што звыкла, правіць баль і напаўняе ўсё сэнсам адна, нават маленькая, іскрынка. Любоў. Грэе. Радуе. А калі не грэе і не радуе, то ўсё адно, толькі яна робіць чалавека жывым. Гэта балюча-адчувальна-крыкліва-жыццёвае бярэ верх і кіруе ўсімі ўчынкамі, што забываеш пра сябе. Ёсць толькі яно. І тады не страшна жыць дзеля іншых і паміраць за іх.

Не ведаю, якіх рэлігійных поглядаў прытрымліваецца польскі рэжысёр Кшыштаф Варлікоўскі. Але яго спектакль «(А)палонія», паказаны ў Мінску ў рамках фестывалю «ТэАрт», мог утварыць шок, падобны да таго, калі грэшны чалавек толькі пачынае спасцігаць 10 запаведзяў: і так нельга з людзьмі, і гэтак немагчыма, і гэта дрэнна, а за гэта вечныя пакуты... Але Біблейскія запаведзі сфармуляваныя некалькі тысяч гадоў таму назад. Але і папярэднія цывілізацыі таксама шукалі адказы на тое, што ёсць добра і дрэнна ў адносінах паміж людзьмі, што разбурае чалавечую душу. І менавіта для сучаснага чалавека з яго тэхналогіямі і зручнасцямі пастаўлены гэты спектакль: праз камфортнасць і сімвалы цывілізацыйнасці нам імкнуцца паказаць штучнасць усяго таго, на што мы мяняем чалавечы пачатак у сабе. Свет рушыць далей, мяняецца форма. А ў чалавеку — усё тая ж барацьба, што і тысячагоддзі таму.

Заснаваны на героях і тэмах яшчэ старажытнагрэчаскіх трагедый, спектакль паказвае: усе іх тыпажы на месцы. Усе дажылі да нашага часу. Мала таго, грэх умацаваўся, павялічыўся ў дзясяткі разоў, ён змяніў сутнасць чалавека, і хоча пайсці далей — знішчыць тое, што яшчэ трымае гэты свет: любоў. Хоць і тут робяцца спробы ўсё перавярнуць, падмяніўшы любоў, гатовую да ахвяравання, любоўю, якая існуе дзеля свайго задавальнення.

Спектакль складаны: нават дзеянні адбываюцца адразу ў розных частках сцэнічнай прасторы, а яшчэ ж трэба паспець сачыць за відэа на сцяне. Але пра жорсткае нельга гаварыць проста. Таму і гаворыцца жорстка — у гэтым сэнсе спектакль правакацыйны.

Пра такую з'яву, як любоў паміж людзьмі, Варлікоўскі разважае праз яе антыпод — нелюбоў. І даследуе, адкуль і як яна бярэцца. Пра тое, як нелюбоў можа прычыняць боль і нават забіваць — ці то асобнага чалавека, ці то групы людзей і нават народы.

Растаптаная любоў жанчыны ператвараецца ў боль-крыўду, з якой немагчыма жыць. Пра гэта можна толькі крычаць: у голас, і яшчэ гучней — у мікрафон, каб пачулі ўсе і спалохаліся: гэта злачынства, усё адно што забіць чалавека. Пра гэта можна крычаць — каб буйным планам на ўвесь экран твар, перакрыўлены грымасай адчаю. Маці і сын. У яго вачах яна вінаватая ў смерці двух чалавек: свайго мужа і яго бацькі. Яго свядомасць сапсаваная неабходнасцю паслухмянасці і адначасовым жаданнем помсты, трымаючы труп мамы на ўнітазе, на камеру (нібыта ў скайпе) ён імкнецца апраўдацца. Наша сучаснае жыццё наогул падобнае на суцэльную спробу апраўдацца і апраўдаць усё, што ні адбываецца. Напрыклад, ці не дзеля гэтага ў спектаклі прагучаў пафасны маналог пра тое, што трэба адстойваць права дэльфінаў на каханне з людзьмі?.. І адваротны бок кахання, чалавечы — тут жа.

Смерць прыйшла забраць мужа. Ён, кемлівы, вырашыў замест сябе прапанаваць жонку: яна ж, калі ішла замуж, абяцала, што аддасць жыццё за каханага. Цяпер ён можа ёй пра гэта нагадаць: няхай выконвае абяцанне. Алкеста выканала. Яна ахвяравала жыццём дзеля каханага! Яго бацька пытаецца ля яе труны: «Дзе ты яшчэ знойдзеш такую дурніцу, якая аддасць за цябе жыццё?..» Яна — маленькая, кволая, безабаронная — ператварыла свет жорсткіх і самалюбівых герояў гэтага спектакля (пад назвай наша жыццё): яна пакінула веру на тое, што сапраўднае каханне і ахвярная любоў усё ж існуе. І той, хто робіць выбар на яе карысць, не выглядае ахвярай. Ахвяры — тыя, хто не зразумеў, не адчуў, не ўтрымаў. І няўжо ж нельга нічога паправіць, каб такую цуда-жанчыну ўратаваць? Дзіўна, але ёсць працяг гэтаму. Прыходзіць Геракл. Герой! Яго справа — ратаваць іншых. Сучасны Геракл ідзе на вечарыну ў змрочнае месца, дзе «чапляе» на ноч жанчынку. І нібыта ж дапамагае, але ў выніку — проста скарыстоўвае. Свет перакулены. Свет, дзе ніхто нікому непатрэбны.

Але ёсць адзінкі, якім патрэбны іншыя, нават калі яны ім ніхто. Апалонія — жанчына, якая ратавала іншых пад страхам уласнай смерці. Яна ратавала яўрэяў падчас фашысцкай акупацыі ў Польшчы. Яна ратавала тых, хто быў абсалютна не абаронены, проста таму, што так — ПА-ЧАЛАВЕЧЫ. Проста таму, што ахвяраваць сабой дзеля іншых — гэта найвялікшая праява любові, якая пакуль што трымае наш свет.

Не страшна прынесці сябе ў ахвяру, калі ведаеш, што некаму гэта ўратуе жыццё. Страшна быць ахвярай па жыцці — ахвярай чужых амбіцый, чужых жаданняў і прагматычных планаў, чужой волі і халоднага разліку, чужога граху, які забівае. Ён можа забіваць іншых, тых, хто апынуўся ў залежным стане, і тых, хто думае, што ўсё залежыць ад яго — тады душа пакрысе пакідае чалавека, ператвараючы яго ў маральнага мутанта... І калі адзін чалавек можа падпарадкоўваць і гвалціць душу другога, то за гэтым жорсткасць ідзе далей: падпарадкаванне, гвалт можа пераходзіць у масавыя формы. І забойствы бываюць масавымі. Пачынаецца з халодных душ адзінак. Але холад распаўсюджваецца і пакрывае свет ледавіковым перыядам беспачуццёвасці, пустэчы...

Як можна любіць гэты свет, калі жывыя і шчырыя пачуцці ў ім перакрываюцца прагматызмам, выгадай, татальным эгаізмам. Як можна ў ім жыць?..

Вось і жывуць — адны з болем, пакутуючы, імкнучыся да кагосьці дастукацца і абудзіць. Другія — у пустэчы, з клопатам пра ўласны прыемны момант і самасцвярджэнне за кошт іншых. Здагадайцеся: каго больш?

...Сэрца, стукай, кажу, стукай, як бы ні было балюча. Таму што, можа быць, будзе момант, калі спатрэбіцца быць не ахвярай, а ахвярнай. Вось каб можна было сапраўды аддаць сваю душу, каб ажывіць любоўю другую...

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.