Вы тут

За што мы плацім: «расшыфроўваем» новую жыроўку


Мінчане гэтай восенню пачалі атрымліваць жыроўкі з дэталізацыяй фактычных затрат па графе «Тэхнічнае абслугоўванне». Камунальнікі абяцаюць, што ўжо ў 2014 годзе такія падрабязныя жыроўкі будуць атрымліваць усе жыхары Беларусі. Але ў многіх жыльцоў новае паведамленне для аплаты камунальных паслуг выклікала шэраг пытанняў. Не ўсе ўяўляюць сабе, што менавіта маецца на ўвазе пад «кіраўніцкімі выдаткамі», «паслугамі іншых арганізацый» і г.д. «Звязда» папрасіла «расшыфраваць» некаторыя віды работ і паслуг па тэхабслугоўванні начальніка разлікова-даведачнага цэнтра № 3 ЖРЭА Цэнтральнага раёна Мінска Наталлю Чарнуху.

Такім чынам, глядзім на дадатковую інфармацыю ў рахунку.

Прыбіранне прыдамавой тэрыторыі, унутрыдамавых дапаможных памяшканняў, абслугоўванне смеццеправода

— першы, другі і дзясяты радкі выдаткаў — «Прыбіранне прыдамавой тэрыторыі», «Прыбіранне ўнутрыдамавых дапаможных памяшканняў», «Абслугоўванне смеццеправода, утрыманне кантэйнерных пляцовак» уключаюць у сябе наступныя выдаткі:
— на аплату працы рабочых па комплексным прыбіранні (дворнікаў),
— на матэрыялы,
— агульнавытворчыя выдаткі (зарплата майстроў, выдаткі на ўтрыманне майстэрняў участкаў).

Пры гэтым разлік затрат па кожным канкрэтным жылым доме робіцца, зыходзячы з аб'ёмаў выкананых работ, адлюстраваных у нарад-заданнях на рабочых па комплексным прыбіранні прапарцыянальна плошчам, замацаваным за брыгадай.

Наталля Чарнуха тлумачыць, якія віды работ уключаюць у сябе гэтыя радкі выдаткаў.

Прыбіранне прыдамавой тэрыторыі

Усе віды прыбірання на прыдамавых тэрыторыях; касьба травы; паліў двароў, праездаў; вываз буйнагабарытных адходаў звыш аплаты насельніцтвам (г.зн. звыш 0,11 куб. м. на чалавека ў год); сартаванне другасных матэрыяльных рэсурсаў і буйнагабарытных адходаў; ачыстка урнаў, дошак аб'яў, мемарыяльных дошак.

Прыбіранне ўнутрыдамавых дапаможных памяшканняў

Усе віды прыбірання ўнутры дамоў (акрамя санітарнага абслугоўвання смеццепрыёмных камер і смеццеправодаў), прыбіранне ліфтаў.

Абслугоўванне смеццеправода, утрыманне кантэйнерных пляцовак

Усе віды работ па санітарным, тэхнічным утрыманні смеццеправодаў, смеццепрыёмных камер; выдаленне цвёрдых камунальных адходаў са смеццекамер; прыбіранне кантэйнерных пляцовак.

1385527940987_27-32

1385527940987_27-32

 

Кіраўніцкія выдаткі

Трэці радок выдаткаў — «Кіраўніцкія выдаткі» уключае ў сябе выдаткі на аплату працы работнікаў апарату кіравання ЖЭСаў і ЖРЭА, а таксама на інтэрнэт-паслугі, праграмнае забеспячэнне, пазаведамасную ахову, пажарную сігналізацыю, паслугі сувязі, канцылярскія прыналежнасці, утрыманне службовага аўтатранспарту і інш.

Асвятленне дапаможных памяшканняў (пад'езд, падвал)

Чацвёрты радок — «Асвятленне дапаможных памяшканняў (пад'езд, падвал)» уключае ў сябе выдаткі на асвятленне шляхам прамога размеркавання выдаткаў.

Наша суразмоўца патлумачыла, што пад дапаможнымі памяшканнямі маюцца на ўвазе памяшканні, размешчаныя ўнутры блочнага дома па-за кватэрамі (вестыбюль, калідор, галерэя, лесвічныя пляцоўкі, ліфтавыя холы і інш.).

Тэхнічнае абслугоўванне канструктыўных элементаў жылога дома

У радок выдаткаў — «Тэхнічнае абслугоўванне канструктыўных элементаў жылога дома» ўключаюцца наступныя выдаткі:

— аплата працы рабочых, якія выконваюць тэхнічнае абслугоўванне канструктыўных элементаў жылых дамоў ўласнымі сіламі,
— выдаткі на набыццё матэрыялаў,
— агульнавытворчыя выдаткі (зарплата майстроў).

У гэты пункт уключаюцца работы, указаныя ў нарад-заданнях на выкананне работ па прафілактычным аглядзе і рамонце канструктыўных элементаў жылога дома згодна з графікам і ў адпаведнасці з пералікам работ па тэхнічным абслугоўванні і перыядычнасці іх выканання.

Сюды таксама можа ўваходзіць тэхабслугоўванне канструктыўных элементаў жылых дамоў, выкананае з прыцягненнем падрадных арганізацый. Пры гэтым падраднай арганізацыяй павінны быць прадстаўлены ў бухгалтэрыю акты выкананых работ у разрэзе кожнага дома.

Наталля Чарнуха патлумачыла, што пад канструктыўнымі элементамі будынка маюцца на ўвазе падмуркі вонкавых сцен, міжпавярховыя перакрыцці, дах, вокны, дзверы, печы, балконы і балконныя агароджы.

Тэхнічнае абслугоўванне ўнутрыдамавых інжынерных сістэм

Гэты радок выдаткаў складаецца з тых жа выдаткаў, што і папярэдні. Сюды ўключаюцца работы па прафілактычным рамонце і аглядзе інжынернага абсталявання згодна з графікам і ў адпаведнасці з пералікам работ па тэхнічным абслугоўванні і перыядычнасці іх выканання. Таксама ў гэтую графу ўключаюцца работы па ліквідацыі аварый на ўнутрыдамавых інжынерных сістэмах гарадской аварыйнай службай.

Інжынерныя сістэмы, па словах Наталлі Чарнухі, — гэта сістэмы ацяплення, гарачага і халоднага водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыя), газа-, электразабеспячэнне, вентыляцыі, смеццеправоды, ліфты і іншыя сістэмы жылога дома, якія забяспечваюць неабходныя санітарныя і тэхнічныя патрабаванні.

Супрацьдымная абарона

У гэты пункт уключаюцца работы па штотыднёвым тэхаглядзе сістэм, штомесячным тэхабслугоўванні, штоквартальным тэхабслугоўванні прытокава-выцяжной вентыляцыі, штогадовыя аэрадынамічныя выпрабаванні, штогадовыя электрафізічныя вымярэнні электраабсталявання, дыспетчарскі кантроль за спрацоўваннем сістэм.

Тэхабслугоўванне сістэм супрацьдымнай абароны і кіруючых імі сістэм аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ажыццяўляе спецыялізаваная арганізацыя па дамове-падрадзе з ЖРЭА. Пры гэтым акты выкананых работ павінны перадавацца ў бухгалтэрыю падраднай арганізацыяй па кожным доме.

Паслугі іншых арганізацый (па дагаворах)

Гэта паслугі па адлове бадзяжных жывёл, выдаткі на транспарт, што прыцягваецца для прыбірання, вывазу буйнагабарытнага смецця і апалай лістоты. Акрамя таго, у гэтай графе адлюстроўваюцца выдаткі на прыцягненне падрадных арганізацый для прачысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў, рамонт помпаў і цеплаабменнікаў у цеплавых пунктах, наладка і праверка групавых прыбораў уліку вады і цяпла, хімічнае прамыванне бойлераў і сістэм ацяплення (пры неабходнасці). Тут таксама ўлічваюцца паслугі праектных і спецыялізаваных арганізацый, якія ажыццяўляюць розныя абследаванні дома.

Камісійныя выдаткі за пералік жыллёва-камунальных плацяжоў

Гэты радок уключае выдаткі па аплаце банкам і пошце.

Падаткі і абавязковыя плацяжы

Яны ўключаюць у сябе падатак на нерухомасць, зямельны падатак, падатак на дабаўлены кошт (па матэрыялах, асноўных сродках, работах, паслугах), экалагічны падатак, адлічэнні ў Белдзяржстрах.

Дэратызацыя (дэзынсекцыя)

Гэты радок уключае разлік выдаткаў на дэратызацыю і дэзынсекцыю (комплекс мер па знішчэнні грызуноў), які ажыццяўляецца на падставе актаў выкананых работ за месяц.

Амартызацыйныя налічэнні

У гэты артыкул уключаюцца амартызацыя асноўных сродкаў (камп'ютарная тэхніка, мэбля, дарагі інструмент і інш.) і амартызацыя па нежылых памяшканнях.

«Іншыя»

Сюды ўключаны выдаткі на ўтрыманне ўласнага транспарту ЖЭСаў і ЖРЭА (рамонт, запчасткі, тэхабслугоўванне, зарплата вадзіцеляў), а таксама выдаткі на ўтрыманне разлікова-даведачных цэнтраў.

Святлана Бусько.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.