Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі распрацавала алгарытм захадаў па зніжэнні выдаткаў «на ваду». У першую чаргу спецыялістамі галіны прапануецца аптымізаваць колькасць абслуговага персаналу з дапамогай аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў.
Паводле разлікаў, нарматыўная колькасць працуючых можа быць зніжана на 33%, што прывядзе да істотнага змяншэння долі выдаткаў на аплату працы ў структуры сабекошту паслуг па водазабеспячэнні. Асноўным індыкатарам вызначэння такога штату павінны быць суадносіны колькасці работнікаў на 1000 асабовых рахункаў (падобная практыка існуе ў многіх краінах). Гэта стане дадатковым стымулам да павелічэння прадукцыйнасці працы і дасягнення апераджальнага росту гэтага паказчыка над ростам сярэдняй заработнай платы. Аптымізацыя колькасці супрацоўнікаў можа даць зніжэнне сабекошту 1 кубаметра вады не менш чым на 114 рублёў, упэўнены першы намеснік міністра ЖКГ Аляксандр Церахаў.
Кіраўніцтва міністэрства лічыць, што для арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія аказваюць паслугі па водазабеспячэнні і водаадвядзенні, неабходна падкарэктаваць тарыфы на электраэнергію да ўзроўню тарыфаў для насельніцтва (у частцы аб'ёмаў паслуг насельніцтву). Такое энергазберажэнне дасць дадатковы эфект па сабекошце вады яшчэ на 50 рублёў за «куб». Прыкладна на 380 рублёў можа паменшыцца сабекошт вады пры адмене амартызацыйных адлічэнняў на бюджэтныя аб'екты, пры забеспячэнні захаванасці абаротных сродкаў апошніх Мінжылкамунгас таксама ініцыюе зніжэнне на 50% ставак падатку на здабычу і экалагічнага падатку пры рэалізацыі паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення насельніцтву. Прыняцце паніжальнага каэфіцыента да ставак падатку на нерухомасць, зямельнага і экалагічнага падаткаў дазволіць знізіць цэннік вады яшчэ на 120 рублёў. Прапануецца таксама зацвердзіць (тэрмінам на 1 год) абгрунтаваны нарматыў страт і няўлічаных расходаў вады з сістэмы камунальнага водазабеспячэння, што будзе стымуляваць іх зніжэнне. Калі паменшыць такія страты водазабеспячэння з цяперашніх 21% да 15%, то гэта можа даць яшчэ каля 54 рублёў эканоміі ў структуры сабекошту.
Нагадаю, што сёння ўзровень кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў на аказанне паслуг па водазабеспячэнні і водаадвядзенні складае каля 20%. Прапанаваныя захады павысяць гэты паказчык на 4%, а сабекошт у структуры міністэрства можа знізіцца на 15% па паслузе водазабеспячэння і на 14,8% — па водаадвядзенні. А гэта шлях да зніжэння бюджэтнага субсідавання.
Эксперты галіны адзначылі, што штогод арганізацыямі ЖКГ рэалізуецца насельніцтву і іншым спажыўцам каля 500 млн кубаметраў вады, а ў сярэднім гэта складае 1,5 млн «кубоў» за суткі, дзе толькі насельніцтву — каля 1 млн за суткі. Усяго ў сістэме міністэрства налічваецца 136 арганізацый, якія аказваюць паслугі па водазабеспячэнні і водаадвядзенні, з якіх 18% з'яўляюцца самастойнымі, а 82% — комплекснымі арганізацыямі ЖКГ. Пры гэтым 66% вады адпускаецца менавіта самастойнымі арганізацыямі, якія функцыянуюць у Мінску, абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны.
Па сістэме водазабеспячэння сабекошт 1 кубаметра вады ў сярэднім па краіне складае 5017 рублёў. У структуры сабекошту 22,7% (1140 рублёў) займаюць выдаткі на аплату працы. Высокая тут доля выдаткаў і на электраэнергію — 20,2% (больш за 1 тысячу), на амартызацыю — каля 15% (766,5 рубля), на капітальны і бягучы рамонты асноўных сродкаў, аварыйна-аднаўленчыя работы — 10% (500 рублёў). Падлічана, што сабекошт кубаметра сцёкаў складае 3984 рублі, а структура выдаткаў практычна тая ж, як і па водазабеспячэнні.
Усе гэтыя прапановы разглядаліся на пасяджэнні рабочай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, якую ўзначальвае старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон. Кіраўнік групы выказаў думку, што прапановы Мінжылкамунгаса неабходна старанна прааналізаваць на міжведамасным узроўні, бо ёсць меркаванні «за» і «супраць».
«Міністэрства ЖКГ прапануе знайсці кампраміснае рашэнне па многіх прынцыповых пазіцыях, якія ўплываюць на кошт выдаткаў, у мэтах іх зніжэння, — адзначыў на пасяджэнні віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін. — Фактычна гэта новая эканамічная мадэль, якую яшчэ неабходна дапрацоўваць. Таму прымаць канчатковыя рашэнні ў сферы ЖКГ трэба з улікам таго, як яны адаб'юцца не толькі на сабекошце, але і на якасці паслуг».
Сяргей КУРКАЧ.
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.