Вы тут

Палескія Афіны


У Слоніме адкрылі шыльду ў гонар Міхала Казіміра Агінскага

На новым будынку Слонімскага драматычнага тэатра ўрачыста адкрылі мемарыяльную шыльду, прысвечаную Міхалу Казіміру Агінскаму (1728 — 1800) — гетману Вялікага Княства Літоўскага, мецэнату, кампазітару, заснавальніку традыцый тэатральнага мастацтва ў Слоніме.
Аўтар мемарыяльнай шыльды — слонімскі скульптар Леанід Богдан.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Падчас яе адкрыцця прысутнічалі сам скульптар, дырэктар тэатра Мікалай Лішык і старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі. Таксама завіталі члены Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам міністра адукацыі Беларусі Сяргея Маскевіча.

З дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага быў звязаны росквіт Слоніма ў другой палове ХVІІІ стагоддзя. У ноч на 23 верасня 1771 года яго трохтысячнае войска было разбіта пад Сталавічамі (цяпер Баранавіцкі раён) войскамі Суворава, таму Агінскаму давялося эміграваць. Але праз чатыры гады, атрымаўшы амністыю і секвестраваныя маёнткі, ён вярнуўся ў гэты горад. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў створаны канал, які носіць яго імя. Ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр і капэлу.

У тэатры Міхала Казіміра Агінскага працавалі прафесійныя беларускія, польскія, нямецкія, італьянскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Тэатр меў свае філіялы ў Целяханах і ў Сельдцах. Збор нот твораў, што выконваліся на сцэне тэатра, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў. У 1781 годзе функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канале. А «дом оперы» меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і артыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказваць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі.

Побач з тэатрам у 1765 годзе ў Слоніме пачала дзейнічаць першая кавярня («кафенхаус»). Гэта быў сапраўды шыкоўны цагляны будынак, аздоблены ўсярэдзіне шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы варшаўскай вытворчасці.

Сам Міхал Казімір Агінскі пісаў музыку і літаратурныя творы, некаторыя з іх былі надрукаваны ў слонімскай друкарні. Ён выдаў кнігу «Байкі і не байкі» ў двух тамах.

Тэатр Агінскага знаходзіўся на Опернай вуліцы. Але, на вялікі жаль, гэты будынак не захаваўся. Але ёсць Оперная вуліца — назвы такой не мае ніводзін горад у свеце. І той, хто наведае Слонім, можа прайсціся па ёй, уяўляючы, як некалі спяшаліся тут артысты ў свой родны тэатр, славуты ў Еўропе.

Затое захавалася аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барачных надворных пабудоў. Палова першага паверха аўстэрыі была адведзена пад гасцёўню, перакрытую чатырма паруснымі скляпеннямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтай часткай дома знаходзяцца шырокія скляпеністыя падвалы. Цэнтральная лесвіца вузкага вестыбюля вядзе на другі жылы паверх. Аўстэрыя — адзіная ўцалелая пабудова гэтага найцікавейшага палацавага ансамбля другой паловы ХVІІІ стагоддзя. Яна дае ўяўленне пра агульны характар барочнай архітэктуры.

Слонім часоў Агінскага нярэдка называлі палескімі Афінамі. Сюды ў святочныя дні з'язджаліся вяльможы і багацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак. Скверы, сады, аранжарэі і рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланэза «Развітанне з Радзімай». Тут ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю ў вядомага музыканта і кампазітара Іосіфа Казлоўскага.

Той тэатральны шлях, які пачаў у Слоніме Міхал Казімір Агінскі амаль 250 гадоў назад, працягваецца і сёння. У горадзе 24 гады існуе прафесійны дзяржаўны драматычны тэатр, які ставіць спектаклі па п'есах беларускіх, рускіх, польскіх, французскіх, украінскіх і італьянскіх драматургаў. А сёлета на месцы старога Народнага дома адкрыўся новы будынак для тэатра. На ім цяпер красуецца і мемарыяльная шыльда, прысвечаная Міхалу Казіміру Агінскаму.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.