Вы тут

Пахудзець за 9 дзён?


Можна, але асцярожна

Мы можам вельмі доўга супакойваць сябе тым, што «вось з панядзелка» або «з заўтрашняга дня», або «пасля водпуску» (патрэбнае падкрэсліць) пачнём, нарэшце, барацьбу за бездакорнасць сваёй фігуры. Але прыходзіць такі дзень, калі разумееш — часу для разварушвання больш няма. Пачынаць худзець трэба ўжо сёння, каб да «даты ікс» займець ранейшыя формы і ўлезці ў любімую (але пакуль цесную) сукенку. Зразумела, што за дзень скінуць лішак, які вы наядалі доўгі час, не атрымаецца. Ды і за два — тры дні таксама. Аднак пры пэўных намаганнях з парай-тройкай кілаграмаў можна развітацца за 9 дзён. Як гэта зрабіць правільна?

Усе стравы падчас 9‑дзённага пахудзення варта ўжываць без спецый, солі і цукру. Што да вадкасці, то ў дзень трэба выпіваць не менш як 2–2,5 літра негазаванай чыстай вады або зялёнай гарбаты, прычым 250 мл пажадана выпіць за паўгадзіны да ўжывання ежы — гэта дапаможа значна знізіць апетыт. А вось пасля яды вадкасць не рэкамендуецца піць на працягу адной гадзіны.

Важна, што падчас дыеты ў меню ўводзяцца зусім розныя прадукты. Рыс, як вядома, змяшчае шмат вугляводаў; курынае мяса — гэта крыніца бялку, а гародніна, якую вы ясце заключныя тры дні, шчодра дзеліцца з вамі вітамінамі і клятчаткай. І яшчэ: эфект ад дыеты будзе больш адчувальным, калі на працягу ўсіх дзевяці дзён не зніжаць, а павялічваць фізічную актыўнасць. Паўгадзінная прагулка пасля працы, паход з дзецьмі ў басейн і простая вылазка ў бліжэйшы парк дапамогуць вашаму арганізму вызваляцца ад лішкаў больш актыўна.

7-3

І ЭТАП

Першыя 3 дні ўжываем толькі рыс і ваду.

На адзін дзень вам спатрэбіцца 250 г рысу.

Што робім:

Порцыю рысу з вечара заліваем халоднай вадой. Раніцай адкідваем на друшляк або сіта і старанна прамываем пад праточнай вадой. Наша задача — змыць з круп крухмал. Затым перакладваем у каструлю, заліваем кіпенем і варым 10–15 хвілін. Гатовы рыс дзелім на 5–6 роўных частак і ядзім на працягу дня. Апошняя порцыя павінна быць з'едзена да 19.00. Паралельна п'ем ваду. Прычым яе, гэтаксама як і рыс, трэба размяркоўваць раўнамерна, не дапускаючы вялікіх аб'ёмаў вадкасці ў вячэрні час. Так, пасля 7–8 гадзін вечара ў вас павінна застацца не больш чым шклянка вады.

Тое ж паўтараем на 2‑і і 3‑і дзень.

Калі вам моцна захочацца салодкага, можна выпіць кубак гарбаты з лыжачкай мёду. Але гэта дазваляецца рабіць толькі раз на дзень!

ІІ ЭТАП

Наступныя 3 дні — у меню мяса птушкі.

На адзін дзень спатрэбіцца: курыная тушка вагой да 1–1,2 кг.

Што робім:

Тушку ачышчаем ад скуркі і тлушчу, затым адварваем. Раніцай спачатку выпіваем шклянку вады, затым з'ядаем 1 ножку і частку курынай грудкі. Гэта складзе прыкладна пятую частку ўсёй тушкі. Астатняе мяса аддзяляем ад касцей, абавязкова змешваем белае мяса з ружовым і, падзяліўшы на роўныя часткі, даядаем на працягу дня. Памятаем: апошні прыём ежы павінен быць не пазней чым у 19.00.

Паралельна не забываем піць ваду.

Тое ж меню на 5‑ы і 6‑ы дзень.

ІІІ ЭТАП

Апошнія 3 дні ў вашым рацыёне агародніна, свежая і вараная. Дзённая норма яе па аб'ёме павінна складаць прыкладна 800‑грамовы слоік.

Што робім:

Палову агародніны здрабняем, тушым або адварваем. З астатняй гатуем салату-«шчотку»: бярэм бурак, моркву, некалькі лістоў белакачаннай капусты, трохі свежага зяленіва. Агародніну надзіраем на буйной тарцы, капусту і зяленіва дробна наразаем. Затым усё змешваем, запраўляем аліўкавым алеем, пырскаем лімонным сокам, дадаем сталовую лыжку вады (каб салата была сакавітай). Тушаную агародніну і салату дзелім на роўныя порцыі. На працягу дня чаргуем гэтыя стравы.

Такое ж меню і на 8–9 дзень.

Парады дыетолага

1.Перад тым, як пачынаць хуткую дыету, абавязкова пракансультуйцеся з урачом. Катэгарычна забараняецца экстрэмальнае пахудзенне людзям з хранічнымі або вострымі захворваннямі. Таму, калі ў вас ужо нейкі час «штосьці ные ў баку» або «прабіў насмарк», дыету давядзецца адкласці, пакуль не падлечыцеся.

2.Экспрэс-дыеты супрацьпаказаны падчас цяжарнасці і груднога кармлення дзіцяці.

3.Калі дыета вам патрэбна толькі для таго, каб адзін раз зрабіць уражанне, а потым зноў махнуць на сябе рукой і пачаць есці ўсё без разбору, лепш не пачынайце. Бо дыета — гэта не панацэя ад лішняй вагі, а ўсяго толькі штуршок да яе зніжэння. Таму ў далейшым, каб замацаваць вынік, вам заўсёды трэба будзе, што называецца, трымаць сябе ў руках. А ў адваротным выпадку лішнія кілаграмы хутка вернуцца на сваё месца, а з імі гарантавана расчараванне і яшчэ адзін сур'ёзны стрэс.

4.«Залпавае» зніжэнне вагі — сур'ёзны стрэс для арганізма. І звяртацца да гэтага метаду часцей, чым раз на год, не рэкамендуецца.

Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.