21 жніўня Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па фарміраванні новага механізму дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Выказаныя прапановы выклікалі шырокі рэзананс у грамадстве. Карэспандэнт «Звязды» звярнулася па каментарый да кампетэнтных у азначаных пытаннях асоб.
Аб неабгрунтаваных ільготах
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Зінаіда Мандроўская:
— Мне як чалавеку, які на працягу апошніх шасці гадоў займаўся сацыяльнымі пытаннямі, хочацца сказаць аб неабгрунтаваных ільготах. Да гэтага пытання было вельмі складана падступіцца, але, тым не менш, яго трэба вырашаць. Трэба даваць дапамогу тады, калі ў гэтым мае патрэбу само дзіця, а не спансіраваць людзей, якія не жадаюць працаваць.
У прыватнасці, вельмі шмат было такіх бацькоў, якія не працавалі і жылі на дзіцячую дапамогу. Асабліва гэта было заў-
важна ў малых населеных пунктах, дзе ўсё навідавоку. Некаторыя вялі амаральны лад жыцця і не рабілі ніякіх намаганняў для таго, каб утрымліваць сваіх дзяцей. Гэта выклікала нараканні людзей і падрывала аўтарытэт сям'і. Атрымлівалася так: калі ёсць дзеці — за кошт пастаяннай дапамогі, якую давала дзяржава ўжо пасля таго, як дзіцяці споўнілася тры гады, можна было не працаваць. Пры гэтым атрымлівалі такую дапамогу не абавязкова шматдзетныя сем'і. Калі бюджэт сям'і не дацягваў да бюджэту пражытковага мінімуму, яна таксама атрымлівала дзяржаўную падтрымку — так званыя «дзіцячыя». І ў некаторых гэта цалкам адбівала жаданне працаваць і самім утрымліваць сваіх дзяцей.
Вядома, асноўная частка нашага насельніцтва — адказныя людзі, якія плацяць падаткі, дзякуючы чаму і аказваецца дзяржаўная падтрымка сем'ям, у якіх ёсць малыя дзеці. Любая цывілізаваная дзяржава, якая хоча, каб раслі сем'і і вырашалася дэмаграфічнае пытанне, аказвае такую падтрымку. Трэба адзначыць, што мы толькі-толькі аднавілі ўзровень даваеннага насельніцтва, і для нас гэтае пытанне вельмі важнае. Нам патрэбны здаровыя, прыгожыя людзі, таму сям'і трэба дапамагаць. Але толькі тады, калі гэтая падтрымка сапраўды патрэбна.
Мы з Міністэрствам працы і сацабароны вельмі доўга прапрацоўвалі пытанне аб тым, каб даць магчымасць маці, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, атрымліваць дапамогу на дзіця, не звязаную з яе заробкам. Было шмат нараканняў на тое, што некаторыя не зусім сумленныя прадпрымальнікі завышалі заработную плату перад дэкрэтным водпускам. Але ў асноўным мамы атрымлівалі маленькія дэкрэтныя — гэта тычыцца студэнтаў, нізкааплатных катэгорый насельніцтва. Цяпер гэта ўжо няважна — бо гэтыя грошы дзяржава плаціць на дзіця, таму не мае значэння, колькі мама зарабляла — памер дапамогі зараз залежыць ад сярэдняй заработнай платы ў краіне.
Хачу яшчэ сказаць, што вельмі павабнай выглядае прапанова аб бацькоўскім капітале. Гэта яшчэ адна магчымасць дапамагчы сям'і, калі яна бярэ на сябе такую сур'ёзную нагрузку. Бо вырасціць дзіця — вялікая праца, і гэта разумеюць усе.
Падтрымка — не толькі для шматдзетных
Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяна Краўчанка:
— Тыдзень таму адбылася нарада па гэтым пытанні ў прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Я таксама была запрошана на гэтае пасяджэнне. Там абмяркоўваўся апошні варыянт праекта «Вялікая сям'я». І, пачуўшы 21 жніўня выступленне Прэзідэнта, я зразумела, што гэты варыянт быў ухвалены.
Хачу адзначыць, што асабліва важнай разам з іншымі мерамі я лічу падтрымку маладой сям'і, якая выхоўвае дваіх дзяцей. Такой сям'і плануецца прадастаўленне крэдыту на будаўніцтва жылля па паніжанай працэнтнай стаўцы. Гэта вельмі важна. Таксама плануецца, што пры нараджэнні трэцяга дзіцяці і наступных дзяцей памер крэдыту будзе пералічвацца. Я лічу такую падтрымку, як і іншыя меры (у прыватнасці, укараненне мацярынскага капіталу), своечасовымі і вельмі патрэбнымі.
Святлана Бусько.
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».