Вы тут

Кветкавае хараство Вольгі Шчур


Настаўніца-філолаг выйшла на пенсію і расквеціла сваё жыццё

Дом на ўскраіне аграгарадка Людзяневічы сваім знешнім выглядам нічым асаблівым ад суседскіх хат не адрозніваецца. А вось падвор'е — зусім іншая справа: невялічкая штучная сажалка, у якой па начах купаюцца зоркі, горка з камянёў над ёй і — кветкі, шмат кветак, якія зіхацяць чырвонымі, жоўтымі, белымі, барвовымі, сінімі колерамі ды ўсміхаюцца сонцу і людзям.

Флорист_1

— Прыгожа? — перапытвае гаспадыня гэтага хараства Вольга Шчур.

— Прыгожа, — ахвотна згаджаемся з ёй.

— Кветкі — маё натхненне, мая радасць, мае дзеткі, — кажа яна і прапануе зайсці ў хату.

Божухна, куды мы трапілі! На кухні, у зале, у калідоры вочы разбягаюцца: што гэта — сапраўдны экзатычны сад ці кветкавы рай? Паўсюдна кветкавыя кампазіцыі, адны невялікія, другія — аб'ёмныя. Ды ўсе такія прыгажэнныя, такія прывабныя, што хочацца любавацца імі яшчэ і яшчэ. Разглядаем іх з вялікай цікаўнасцю і адчуваем, як душа напаўняецца радасцю і павагай да майстрыхі, чые рукі стварылі гэтае хараство.

А яна нібы падлівае масла ў агонь, кажучы: вось гэтая кветкавая кампазіцыя ў старадаўніх начоўках называецца «Лебядзіная вернасць», а вось гэтая, з карчажынай — «Змей Гарыныч».

— І колькі тут зараз кампазіцый, Вольга Мікалаеўна?

— А я і не ведаю, — быў адказ. — Бо не лічу, а ствараю і ствараю іх.

Яшчэ раз пераходзім з пакоя ў пакой і заўважаем у тых кветкавых зборах нешта новае, арыгінальнае, непаўторнае. Уяўляем, якая гэта карпатлівая, ювелірная работа, пра што гаворым гаспадыні і ў жарт пытаем у яе, як яна дайшла да такога жыцця?

— Кветкі люблю з дзяцінства, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. — Памятаю, як маці наносіла малюнак з кветкамі на тканіну і вышывала карціны, а я, гледзячы на яе, малявала на паперы букеты. Ды наогул да самай зімы палявыя кветкі ў нашым доме не пераводзіліся.

Флорист_2

Новы кветкавы «этап-бум» у настаўніцы-філолага пачаўся тады, калі пайшла на пенсію. Неяк яна гасцявала ў сваёй сястры на Міншчыне і была ў захапленні ад таго, што з сухацветаў тая стварала. Тут жа папрасіла яе перадаць тэхніку фларыстыкі.

І пайшло-паехала. Побач з жывымі кветкамі развяла сухацветы на сваіх градках, з вясны да зімы збірала на лузе зязюліны слёзкі, піжму, палявы хвошч, бяссмертнік, дзясяткі відаў іншых кветак-траў, у лесе — мох, шышкі, ягаднікі, дзеразу, карчажыны, у полі — каласы жыта, ячменю, проса, аўсу... А пасля ў сваёй майстэрні чаруе-фантазіруе над тым, як сабраным матэрыялам запоўніць вазы, кошыкі, рамкі, гаршкі, пано, начоўкі і г.д.

Свае кветкавыя кампазіцыі майстрыха дэманструе на розных выставах, конкурсах — як у Жыткавічах, так і іншых гарадах, за што неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі. Дорыць іх сябрам і знаёмым, прадае. Цікавым жыццём жыве чалавек!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.