Вы тут

Пад крыламі бацькоўскай пяшчоты


У доме сямейнага тыпу Рудніцкіх жыве 12 дзяцей

— Усе яны нашы, родненькія, харошыя, прыгожыя, клапатлівыя, дарагія сэрцу, — гаворыць іх мама Таццяна Аляксандраўна. Яна называе імёны сваіх выхаванцаў: Ліля, Паўлік, Лена, Таня, Наташа, Анжэла, Іна, Ваня, Рома, Аліна, Карына, Зарына — і шчасліва ўсміхаецца.

Семья

— А яшчэ Алёна ды Волька, — устаўляе сваю «капейку» ў размову Васіль Вячаслававіч.

— Вой, ледзь не забылася пра тых, хто ўжо вылецеў з нашага сямейнага гнязда ў самастойнае жыццё! Алёна працуе ў Мінску ў краме, а Волька жыве з мужам у Лунінцы і працягвае вучобу ў сельскагаспадарчым каледжы. Два месяцы таму ў іх нарадзілася дзяўчынка, і мы з Васем ездзілі туды з віншаваннямі.

— Дык вы, Таццяна Аляксандраўна і Васіль Вячаслававіч, аказваецца, ужо бабуля і дзядуля?

— Так, і задаволены гэтым.

Захацелася больш падрабязна даведацца пра гэтую сямейную пару. Ён і яна з вёскі Града Жыткавіцкага раёна. У бацькоў Васіля было шасцёра дзяцей, а ў Таццяны толькі адна сястрычка, і яна вельмі шкадавала, што не 10-11 братоў і сясцёр, як у яе родзічаў, дзе заўсёды было шумна, весела, цікава. Таму яшчэ ў дзяцінстве вырашыла: выйдзе замуж і займее вялікую сям'ю. Як выявілася пасля, і Васіль быў не супраць гэтага, калі яны пажаніліся 17 гадоў таму.

Бацькі Таццяны пераехалі тым часам жыць у Вільчу, дзе маладая сямейная пара пасялілася ў новым доме. Неўзабаве ў іх нарадзілася Ліля, а праз два гады і Паўлік.

Больш дзяцей бог сям'і гэтай не даў, і таму пасля доўгіх разважанняў было вырашана ўзяць дзяўчынку ці хлопчыка з прытулку або дзіцячага дома. Так у Рудніцкіх у 2006 годзе з'явілася Леначка, такога самага ўзросту, як і Ліля. Дзяўчынкі адразу пасябравалі, весела гулялі. А Паўлік нечакана засумаваў, і яго бацькі прывезлі з Мазыра Дзіму, які пражыў у новай сям'і толькі чатыры гады, бо па рашэнні суда яго вярнулі біялагічным бацькам. Затым жа на выхадныя да Рудніцкіх прыехалі Леначка і Таня, ды так і засталіся тут жыць. Далейшыя візіты Таццяны Аляксандраўны і Васіля Вячаслававіча ў дзіцячыя прытулкі і дамы таксама не заставаліся безвыніковымі.

Так вось і расла, папаўнялася сям'я. У доме паступова станавілася цеснавата, і Рудніцкія звярнуліся да мясцовых органаў улады, каб ім перадалі будынак, у якім 55 гадоў таму размяшчаўся дзіцячы дом і які падлягаў зносу. Прапанова была задаволена, і Рудніцкія прыклалі шмат намаганняў, каб навесці тут парадак. На дапамогу ім прыйшоў беларускі дзіцячы фонд, які звярнуўся ў ірландскае прадстаўніцтва «Праект дапамогі дзецям Чарнобыля», і валанцёры з гэтай краіны. Выканалі ў будынку ўсе рамонтныя работы. Дарэчы, сёлета ў красавіку споўнілася пяць гадоў, як афіцыйна быў адкрыты дом сямейнага тыпу.

— Крыўдна было, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна, — калі хто-ніхто папрокі ў наш адрас выказваў: маўляў, навошта хамут на шыю вешаеце, вам сваіх дзяцей мала? Цяжкасці вам патрэбны, праблемы? Не, не разумею я такіх людзей. Вядома, клопатаў нам хапала і хапае. Ды толькі справа ў адным — у жаданні. Не хацелі б, не браліся за яе.

У кожнага з дзяцей свае абавязкі і інтарэсы. Таня з Анжэлай птушак даглядаюць, Карына з Зарынай — трусоў, Павел з Ванем — свінак. А Павел яшчэ водзіць у інкубатар качанят, куранят, гусянят, фазанят. Аліна з Інай пасвяць козачак і дояць іх. Рома любіць паліваць кветкі і гатаваць усім чай, каву, бутэрброды. Ліля займаецца (вучыцца яна добра, удзельнічае ў алімпіядах) і г.д.

— Дык у вас вялікая гаспадарка, выходзіць...

— Вялікая, — адказвае ўжо Васіль Вячаслававіч. — Конь ёсць, трактар, вялікі зямельны ўчастак, дзе ўсё вырошчваем. Працуем там разам, разам і адпачываем. Ходзім у лес у грыбы і ягады, ловім рыбу на Случы і Прыпяці. Па сямейнай традыцыі, штодня за шклянкай чаю і свежай выпечкай збіраемся за вялікім сталом, гутарым, спяваем, чытаем розныя гісторыі, у тым ліку і біблейскія. Адзначаем усе хрысціянскія святы, усе дні нараджэння дзяцей і нас, бацькоў.

Мінуўшы гульнявы гарадок, дзе і арэлі ёсць, і турнік, і горка, і альтанка, а затым і малады садок (усё гэта каля дома, дзе жыве прыёмная сям'я), мы апынуліся ў аграсядзібе «Палессе», якая належыць Рудніцкім. Размясцілася яна ў гэтым будынку, з якога яны выселіліся. Прыгожыя мясціны, рачныя прасторы, рыбалка прыцягваюць сюды аматараў адпачыць на прыродзе, і сямейная пара прымае іх, ствараючы камфортныя ўмовы ўжо тры гады. Цікава, што і дзеці тут пры справе, як гаворыцца. Хлапчукі суправаджаюць прыезджых у лес, на рэчку, дапамагаюць у арганізацыі пікнікоў, а дзяўчынкі бяруць удзел у прыгатаванні для турыстаў ежы. Адным словам, у сям'і Рудніцкіх умеюць і працаваць і адпачываць, цікава жыць, чаму хлапчукі і дзяўчынкі вучацца.

— Мы вельмі любім сваіх дзяцей, незалежна ад таго, нарадзілі мы іх ці прынялі, — гэта ўжо зноў Таццяна Аляксандраўна. — Яны ўсе родныя для нас. І лёс кожнага з іх нам неабыякавы. Па магчымасці, тыя, хто ўжо жыве не з намі, прыязджаюць сюды, і мы чым можам, заўсёды гатовы дапамагчы ім. І далей дзверы нашага дома для ўсіх дзетак заўсёды будуць адчыненымі.

У 2012 годзе сям'я Рудніцкіх стала пераможцам сярод дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Гомельскай вобласці, а ў 2013-м на абласным конкурсе «За здаровы лад жыцця» была ўзнагароджана дыпломам другой ступені.

...Наша гутарка праходзіла пад шатамі магутнага дуба, што расце на падворку дзіцячага дома. І ўвесь гэты час побач круціліся двайняткі Карына і Зарына. Яны толькі год жывуць у сям'і Рудніцкіх і сёлета пойдуць у першы клас.

— Напэўна, гэта ваша апошняе папаўненне? — спыталі мы ў Рудніцкіх.

Таццяна Аляксандраўна і Васіль Вячаслававіч адразу ў адзін голас адказалі:

— Ды што вы? Не апошняе, не. Будзе яшчэ.

Па настроі, прыветлівых усмешках, прамяністых іскрынках у вачах было відаць: яны задаволены сваім жыццём. Яны — шчаслівыя! Як, дарэчы, і іх дзеці...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.