Вы тут

Рэп з... беларускай дудой


Музычны праект SP Kava, у якім элементы рэпа спалучаюцца з гучаннем беларускай дуды, з'явіўся ў нашай краіне прыкладна паўтара года таму. За гэты час музыкі выдалі міні-дыск «Што табе сніцца», сталі  фіналістамі конкурсу «Заспявай BY» (умовай якога было ператварыць верш беларускага паэта ў песню) і ўдзельнікамі праекта «Re: Песняры» (на лепшы кавер кампазіцый гурта «Песняры»), выступалі на многіх імпрэзах. Аўтар музыкі і слоў падчас гутаркі просіць не называць яго сапраўднае імя, бо сярод рэпераў ён вядомы менавіта пад псеўданімам. Пра тое, як праект задумваўся і развіваўся, як нараджаюцца новыя песні і калі слухачам чакаць паўнафарматны альбом, распавядае сам SP Kava.

28-28

— Як у цябе ўзнікла ідэя спалучыць рэп з гучаннем беларускай дуды і запрасіць у праект дудара гуртоў «Ветах» і «Кашлаты Вох» Вячку Красуліна?

— Ідэя ўзнікла вельмі даўно, і яна была відавочнай. Рэп сам па сабе прадугледжвае сэмпліраванне — выкарыстанне нейкіх гатовых матываў для стварэння новых «інструменталак», пераасэнсаванне іх. Можна сцвярджаць, што гэта пэўнага кшталту постмадэрновая рыса. Калі рабіць беларускі рэп, то нешта ў ім павінна быць наша, нацыянальнае. Патрэбна спалучыць электроннае і аўтэнтычнае. Раней не існавала рэп-праектаў з дудой, таму мне было вельмі цікава. Я ніколі не магу прадбачыць, што атрымаю ў выніку, але, падаецца, мы маем досыць цікавае гучанне. Перш за ўсё я раблю музыку, якая мне падабаецца, таму збольшага эксперыментую. Нават не ведаю, ці ёсць у мяне сталы слухач, чый больш-менш дакладны партрэт можна было б намаляваць, таму што мае песні могуць быць вельмі нечаканымі і рознымі. Мне падабаецца шукаць сябе. Не люблю стаяць на месцы. Заўжды цікава ствараць штосьці новае.

— Што цябе натхняе на напісанне новых песень?

— Людзі і падзеі ў жыцці. Слухаю шмат рознай музыкі, але яна мяне натхняе хіба толькі на тое, каб зрабіць штосьці не падобнае да ўсяго, што чуў, напісаць нешта свежае. Хочацца зрабіць сапраўды сваё. Калі размаўляць пра літаратуру, то падабаецца экзістэнцыялізм, але мая творчасць наўрад ці можа лічыцца экзістэнцыяльнай. Тое, што мяне натхняе, і тое, што ў выніку атрымліваецца ў творчасці, можа быць зусім не звязаным паміж сабой.

— Калі яны дакладна не экзістэнцыяльныя, то як бы ты сам ахарактарызаваў свае песні? Якія яны?

— Гэта ўжо і не рэп насамрэч. Зараз я спрабую пакінуць нешта з гэтага музычнага кірунку — у прыватнасці, рэчытатыў, але і яго зрабіць не вельмі стандартным.

— Мы ўжо чулі міні-альбом «Што табе сніцца», які выйшаў летась. Калі чакаць поўнафарматны дыск?

— Не ведаю. Кампазіцыі, што ўваходзяць у альбом, павінны быць канцэптуальна падобнымі. Але ўсе мае песні вельмі розныя, таму іх аб'яднаць складана. Мне нашмат лягчэй рабіць меншыя рэлізы. Думаю, што ў верасні — пачатку кастрычніка выйдзе невялічкі новы міні-альбом, што будзе складацца з трох-чатырох песень.

— У межах праекта «Re: Песняры» вы разам з рэперам Angst і Вячкам прадставілі цалкам новую кампазіцыю, якая змяшчае толькі адсылку да песняроўскай «Малітвы». Чаму адмовіліся ад простага кавера і пайшлі на такі смелы крок?

Калі рабіць беларускі рэп, то нешта ў ім павінна быць наша, нацыянальнае. Патрэбна спалучыць электроннае і аўтэнтычнае. Раней не існавала рэп-праектаў з дудой, таму мне было вельмі цікава.

— Першапачаткова хацелася зрабіць нешта яшчэ больш эксперыментальнае, але я адмовіўся ад гэтай ідэі. Задумваўся не проста звычайны кавер, але кампазіцыя выклікам. За рытмічную аснову трэка ўзята зашыфраванае ў купалаўскім вершы асананснае слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам, і думамі». Такім чынам мы зрабілі спасылку на «Малітву» і атрымалі цалкам новую песню. Тут і музыка, і словы нашы, але можна сцвярджаць, што яны паказваюць погляд сучаснага пакалення і на спадчыну «Песняроў», і на творчасць Янкі Купалы. Гэта своеасаблівы ланцужок Купала — Мулявін — мы. Паміж кожным са звёнаў — прыкладна пяцідзесяцігоддзе.

— Ёсць меркаванне, што класіка павінна заставацца класікай. Яе не трэба вельмі часта перачытваць. Ты згодны?

— Вядома ж, не. Але справа ў тым, што ў музыцы ў стылі рэп не прынята выкарыстоўваць чужыя тэксты. Выканаўца павінен сам пісаць для сябе словы. Інакш тое, што будзе выконвацца, нельга будзе назваць рэпам. Што тычыцца іншай музыкі, то,
безумоўна, варта перачытваць класіку па-новаму. Больш за тое, мала хто з сучасных выканаўцаў стварае тэксты лепшыя, чым напісаныя папярэднікамі.

— Ты казаў, што шмат слухаеш музыкі. Як лічыш, чаго не хапае сучаснай музычнай прасторы нашай краіны?

— Перш за ўсё беларускай музыцы вельмі моцна не хапае самастойнасці, таму што выканаўцы збольшага спрабуюць паўтарыць нейкія рысы, прыёмы, характэрныя для іншых музыкантаў з розных краін. Не хапае менавіта свайго стылю, не падобнага да іншых, нават замкнутасці культуры, у якой бы круціліся ўсе музыканты і бралі нешта адзін ад аднаго...

— Што можаш параіць падлеткам, якія хочуць стаць рэперамі ці распачаць музычную кар'еру ў нейкім іншым стылі?

— Перш за ўсё варта пачаць. Няважна з чаго... Магчыма, нехта хоча напісаць музыку, а нехта — словы. Ды і запісацца зараз не вельмі складана, у кожнага ёсць камп'ютар ці планшэт, на які можна ўсталяваць спецыяльную праграму. А з цягам часу ў любым выпадку будзе відаць, атрымліваецца штосьці вартае ўвагі ці не. Калі атрымліваецца, то можна працягваць шукаць сябе менавіта ў гэтым кірунку.

Марына Весялуха.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.