Вы тут

Беларускі народны каляндар 2015


Народны каляндар — гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Гэта пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культур. Ён уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Змяшчае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя дзякуючы шматгадоваму вопыту.

13-3

У народным календары на 2015 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, вылучаны курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы «рухомай» царкоўнай пасхаліі.

Умоўныя абазначэнні: п. — панядзелак, а. — аўторак, с. — серада, ч. — чацвер, пт. — пятніца, сб. — субота,
н. — нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду падаюцца для Мінска.

Студзень

1. ч. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія — з 1700 г.

6. а. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскіраваны абрад «Тры каралі», або «Гэроды».

7. с. Раство Хрыстова. Пачатак Калядаў. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі...». Калядавалі. Насілі «звязду». Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы («вадзілі казу», «жанілі Цярэшку», «пяклі ката», гулялі ў «Яшчура» і інш.).

9. пт. Сцяпан. «На Святога Сцяпана вышэй слуга за пана».

13. а. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. «Мароз, хадзі куццю есці».

14. с. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. «Сею, сею, пасяваю, з Новым годам вас вітаю».

18. н. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Калядаў. «Каляда ад'язджае».

19. п. Вадохрышча (Кшчэнне). «Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла». «На Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама».

20. а. Прывадохрышча — заканчэнне Калядаў. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. сб. Аксіння. «Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце». Фядос. «На Фядоса цёпла».

25. н. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. «Вее вецер — будзе вайна».

31. сб. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз».

Люты

1. н. Ігнат. «На Святога Ігната зіма багата».

2. п. Грамніцы, Стрэчанне. «Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы». «Грамніца — хлебу палавіца».

5. ч. Агата. Каровіна свята. «Хлеб і соль Святой Агаты не пусціць бяды да хаты».

6. пт. Аксіння-паўзіміца. «На Аксінню мяце». Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце».

8. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі «вея» ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак — то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер — то пакідалі «дзесяцінкі дзве».

11. с. Ігнат. «Ігнат Грамніцам рад».

13. п. *Дзедава пятніца.

14. сб. Трыфан. «На Трыфана зорна — вясна позняя». Валянцін. Свята закаханых. *Масленыя Дзяды (Бабы). «Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі».

15. н. Грамніцы, Стрэчанне. «Зіма з летам сустракалася», «На Грамніцы палавіна зіміцы». *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленічным тыдні, у той дзень ад Ільлі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі «калодкі» нежанатым хлопцам.

18. с. Агата. Каровіна свята. *Папяльцовая серада (пач. Вялікага посту ў католікаў). *Лыся серада. Праталіны-залысіны.

19. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валоссе. Свята жывёлы. «На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі».

22. н. *Масленіца. «Масленіца ў «вятху» (пасля поўні) — дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку». Гуканне вясны. «Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці». На Палессі вадзілі карагоды, «спявалі чырачку», насілі ёлку з вянком.

23. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

24. а. Улассе. Свята жывёлы. «Аўлас на сыры лас». Мацей. «На Мацея дарога пацее». «На Мацея адліга — будзе мароз».

25. с. Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і скакалі праз пень.

26. ч. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

28. сб. *Зборава субота. Абрад «споведзі дзежкі».

29. н. *Зборніца, Ізбор. Пачатак збору ў поле. «А Святы Ізбор — бяжыць вада з гор».

Сакавік

4. с. Казімір. «Святы Казімір дровы сячэ».

9. п. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. ч. Рыгор. «На Святога Рыгора ідуць рэкі ў мора».

13. пт. Васіль-Капальнік. Са стрэх капае.

14. сб. Аўдоцця-вясноўка. Гуканне вясны. «На Аўдокі голы бокі». (1.03 Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. н. Хвядот. «На Хвядота занос — усё сена знясе».

16. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі «храсты». Засеўкі. Абрад «жаніцьбы коміна».

17. а. Герасім-гракоўнік. «Герасім гракоў прыгнаў».

18. с. *Серадапосце. Выпякалі «храстцы».

19. ч. Язэп. «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту». «На Язэпа пагода — год ураджайны».

21. сб. Вясновае раўнадзенства. Усход — 6.16, захад — 18.18. Маладзік.

22. н. Саракі. Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. «Святыя Саракі ў поле саху валаклі». Прыска. «На святога Прыску праб'е лёд і пліска».

23. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. «Дзікая качка яйцом пахваліцца».

25. с. Рыгор. «На Рыгора зіма ідзе ў мора». Дабравешчанне, Звеставанне. «І птушка гнязда не кладзе». Прылёт бусла. Гуканне вясны.

26. ч. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на «запасванне» кароў.

27. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.

28. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

29. н. *Пальмова нядзеля. «Вярба б'е, не я б'ю».

30. п. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова — на верас, а бортнік — на хвою». Пачатак *Вербнага, Белага тыдня. *Чысты, Блакітны панядзелак.

Красавік

1. с. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

5. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў). *Вербніца. Арына. «На Арыну сей капусту ў расадніках».

6. п. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі «буславы лапы». Пачатак *Белага, Вялікага тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

7. а. Благавешчанне. «Благавешчанне без ластавак — халоднае лета». Абрад «Страла». *Чысты аўторак. Каб на людзей і «гаўядо» не напала «парша», трэба ўсё мыць.

8. с. Благуста. «На Благусту сей капусту». *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае.

9. ч. Матрона. «На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае». *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.

10. пт. *Чырвоная, Велікодная пятніца. Сеялі гарох.

11. сб. *Вялікая, Чырвоная субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

12. н.*ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!».

13. п. Працяг *Велікоднага тыдня. «Першы дзень пірагі маюць, сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць».

14. а. Мар'я. Прабуджэнне хатніка. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. с. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы тыдзень. «Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула».

16. ч. Мікіта. «Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам».

19. н. *Праводная нядзеля. «Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла».

21. а. Руф. Руф рушыць снягі.

23. ч. Юры. (Новы год па задыяку). «Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на «голы» лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла». Войцах. «Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху».

24. пт. Анціп. Ахоўнік зубоў.

25. сб. Марк. «Дождж на Марка, дык зямля як шкварка».

27. п. Радаўнічныя Дзяды.

28. а. *Радаўніца. «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць». Пуд. «Пуд снег пугне».

29. с. Арына. «На Арыну сей капусту».

30. ч. Зосім. Ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Май (Травень)

1. пт. Кузьма. «Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком».

3. н. *Міраносіцы.

4. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.

5. а. Ляльнік. Свята Лялі — дачкі Лады.

6. с. Юр'е. Свята жывёлы. «Як дождж на Юр'я — хлеб будзе і ў дурня». Абрад «Страла». *Градавая, Пераплаўная серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

7. ч. Алісей. «Прыйшоў Алісей — авёс пасей». Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. пт. Марк. «Дождж на Святога Марка — дык зямля, як шкварка». Станіслаў. «Сей лён на Станіслава — вырасце як лава».

10. н. Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. с. Якуб. «На Якуба грэе люба».

14. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Макарэй. Абрады ля вады.

15. пт. Барыс. Апякун поля і жывёлы. *Градабойцы, Ледавіты дзень.

18. п. Арына-расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. с. Антоній. «На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца».

21. ч. *Ушэсце. Абрад «Страла». Іван Веснавы. Апякун земляроба. «На Івана каласок, а на Пятра піражок».

22. пт. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алена. «Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена».

23. сб. Зілот. «Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота».

24. н. *Сёмуха, Зыход Святога Духа. Свята зеляніны. Макей. «Мокра на Макея — і лета не прасушыць». Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокрае.

25. п. Епіфан. «На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае лета».

27. с. Сідары. «Прыйшлі Сідары — прыйшлі і сіверы». *Градавая серада.

28. ч. Пахом. «Святы Пахом павее цяплом». «Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом».

29. пт. Магдалена. Зязюльку прысылае.*Сёмушныя Дзяды.

30. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. «На Духа будзе цёпла і суха».

31. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. «Павядзём Куста пад гай зялёненькі...». Шэсць дзеў. «Лён сей позні». Фядот. «Як на дубе апушка — у Фядота поўна аўса кадушка».

Чэрвень

1. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. «На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...».

2. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Тры пакутнікі. «Няма лета, але пасля іх не бывае зімы».

3. с. Алена, Ульяна. Дзень ільну. *Градабой, Серада-русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.

4. ч. *Божае цела, Зелянок. *Наўская Тройца. Памінанне. *Абліваха. Васіліск. «Ад Васіліска і салавей блізка».

5. пт. Дзень Еўфрасінні Полацкай. Хадзілі пакланіцца і абракацца.

7. н. Ян. «Рой перад Янам — пчаляр панам». *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос.

8. п. *Пятроўка да 11 ліпеня. Пятроўскі пост. Пятроўка-галадоўка.

11. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. «Дзевяць ягадзін на ветцы».

12. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.

13. сб. Ерамей. Антоній. «Антоні, аддай коні».

14. н. Юстын і Харытон. «Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон — лён».

16. а. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна — на добры ўраджай яравых.

18. ч. *Дзясятнік. «Дзясятнік гнаі возіць».

19. пт. *Дзясятка. «Косы точыць». «Жыта паспявае».

20. сб. Летняе сонцастаянне (да 23). Даўжыня дня — 16.52. Усход — 3.45, захад — 20.37.

21. н. Тодар. «На Тодара раса — канапель паласа».

22. п. Кірыла. Дзень сонцастаяння. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. а. Купала. У старажытнасці — Новы год/лета.

24. с. Ян Купальны. «Сонца грае».

25. ч. Анапрэй. «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

26. пт. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

28. н. Амос. «Прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс».

29. п. Ціхан. «Пеўчыя птушкі заціхаюць». Пятрок. «Да Пятра зязюльцы кукаваці». «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілья — ападуць і два».

Ліпень

6. п. Купалле. Свята Сонца і кахання. «Дзень-адбаўленне, ночы прыбаўленне».

7. а. Іван Купала. «Учора была Купала, а сёння Іван».

10. пт. Самсон. «На Самсона дождж — сем тыдняў то ж». Сем братоў. «Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды».

12. н. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. п. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. «На Сымана й Юду конь баіцца груду».

14. а. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. «Святы Пятро жыта спеліць, Святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям'ян сена грабе».

17. пт. Андрэй. «Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма». «Андрэй усіх мудрэй».

18. сб. Свята Месяца. «Месяц гуляе».

21. а. Казанская. Пракоп. Пракоп бок прыпёк. Данат. «Святы Данат коскі точыць».

25. сб. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. «На Якуба хлеба поўна губа».

26. н. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.

29. с. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень «зазубрывання» сярпоў.

Жнівень

1. сб. Макрыны. «Глядзі восень па Макрыні».

2. н. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. «Ілля нарабіў гнілля», «Укінуў у ваду кусок ільда».

4. а. Мар'я. «Магдалена — вады па калена».

6. ч. Барыс-палікоп. «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».

7. пт. Ганны. «Святыя Ганны бабкі стаўляюць».

9. н. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. а. Лаўрын. «На Лаўрына спяшай да млына».

12. с. Сіла. Жыта сей.

14. пт. Макавей, Першы Спас. Свята мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. сб. Базыль. «Базыль авечкам воўну дае». Прачыстая, Зельная. «Прыйшла Прачыста — стала поле чыста».

16. н. Антоны-віхравеі. Рох. «Кірмаш на паненак».

17. пн. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. с. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. н. Лаўрэн — свята млынара.

24. п. Баўтрамей. «Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей». «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей».

27. ч. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. пт. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. сб. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. «Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў».

30. н. Міроны-ветрагоны. «Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць».

31. п. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. «Сухая» навальніца, дождж.

Верасень

5. сб. Лупа. «Сей на Лупа — будзе жыта купа».

7. п. Баўтрамей. «Жыта на зіму сей».

8. а. Другая Прачыстая. «Меншая Прачыста — канчай сеяць начыста».

10.ч. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. пт. Калінавік, Іван-крываўнік.

13. н. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. п. Сымон. Абрад «жаніцьбы коміна». Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвіжанне.

19. сб. Цуды, Міхал. «Міхал з поля спіхаў».

21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі збожжавых. Засідкі.

23. с. Восеньскае раўнадзенства. Усход — 6.01, захад — 18.01.

24. ч. Тадора. «На Тадору ўсякае лета заканчваецца».

26. сб. Стаўроўскія Дзяды.

27. н. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі — у кучу.

29. а. Міхал. «Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі».

Кастрычнік

2. пт. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць.

3. сб. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.

4. н. Пранцішак, Францішак. «На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка».

8. ч. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. пт. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. с. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. «Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку — вяночкам». «Пакровы — зарыкалі каровы». Дзявоцкае лета (па 21). Прымалі «ў дзеўкі» сябровак.

21. с. Трыфан, Палагея. «Золкім ветрам вее». Зміцер. «Да Змітра баба хітра».

25. н. Марцін — свята млынароў.

28. с. Сымон і Юда. «Сымон з Юдам працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць». Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. ч. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. пт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. сб. Лука. «Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі». Дзень іканапісцаў. Юльян — ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. н. Усе святыя. Памінальны дзень.

2.  пн.  Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. с. Казанская. Дождж ці снег.

7. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. «Святыя дзяды, завём вас...».

8. н. Зміцер. «Да Змітра дзеўка хітра». Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. п. Тодар. «На Тадора поўна камора».

10. а. Параска. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. с. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. «Мядзведзь кладзецца ў бярлогу».

12. ч. Артошка. Пачатак прадзення.

14. сб. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. сб. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі кладуцца ў спячку.

22. н. Матрона. «З Матроны становіцца зіма».

24. а. Хведар-студзянец. «Хведаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць».

25. с. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярына. «Кацярына забрала лета».

27. пт. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. сб. Піліпаўка — перадкалядны пост.

29. н. Мацей. «На Мацея зіма пацее». Адвент. Перадкалядны пост.

30. п. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

4. пт. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. «Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла».

5. сб. Пракоп. Сава. «Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае».

6. н. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. «Хвалі зіму па Міколе».

7. п. Кацярына. «Забрала край лета».

9. с. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганна. «Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні».

13. н. Андрос, Андрэйка. Варажылі.

14. пн. Навум. Наставіць на вум.

17. ч. Варвара. «Мікола і Варвара ноч урвалі».

18. пт. Сава, Міколін бацька. «Сава мосце, а Мікола гвоздзе».

19. сб. Мікола Зімовы. «Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Мікола марозам гвоздзіць».

22. а. Ганна. «Ганкі — сядайце на санкі».

24. ч. Посная куцця. Пачатак Калядаў (да 6 студзеня).

25. пт. Спірыдон-сонцаварот. Божае Нараджэнне.

26. сб. Сцяпан. «Кожны сабе пан».

31. ч. Марк. «Марка ды Варка — няхай будзе парка». Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Складальнік Алесь ЛОЗКА.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.