Цэнтр — той калектыўны камертон, па якім звярае сваю дзейнасць ледзьве не ўся Гомельшчына.
90 гадоў – час росквіту
Ці даводзілася вам бываць у пакоі, у якім няма ніводнай паралельнай сцяны, ды і столь таксама не гарызантальная адносна падлогі, а ідзе пад вострым вуглом? У Гомельскім цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі (ЦСМС) у такім «сюррэалістычным» месцы размешчана аснашчаная камп'ютарамі лабараторыя, дзе вядзецца вызначэнне каэфіцыента гукапранікальнасці будаўнічых канструкцый, а разбалансаванасць у аб'ёме патрэбна, каб узровень гукавога ціску быў усюды аднолькавы. Такія ўмовы найлепш адпавядаюць рэаліям жыццёвага асяроддзя.
Вядучы інжынер па метралогіі Васіль Канцавы праводзіць каліброўку ёмістасцяў з дапамогай перасоўнага комплексу градуіроўкі рэзервуараў.
У выпрабавальным цэнтры, які створаны з мэтай аказання больш эфектыўнай дапамогі будаўнічай галіне і якім заслужана ганарацца гамяльчане, уразіла многае. Той жа стэнд для выпрабаванняў модных сёння пластыкавых акон і дзвярэй. Каб пераканацца, што створка акна падчас эксплуатацыі будзе адкрывацца і закрывацца бездакорна, механічная «рука» стэнда адчыніць яе і зачыніць у адным выпадку 5 тысяч, а ў іншым — 15 тысяч разоў! Для чаго спатрэбіцца каля 36 гадзін бесперапыннага ўздзеяння. У суседніх пакоях увагу прыцягвае сапраўдны НЛА — вялікая сфера для вызначэння каэфіцыента святлопрапускання пры 500, 750, 1000 люксах асветленасці, а яшчэ спецыяльны прэс для праверкі на моцнасць вуглавых зварных злучэнняў каробак і створак (досыць важны паказчык для дзвярэй і вокнаў з ПВХ). Праводзяцца выпрабаванні дзвярэй і акон не толькі з ПВХ, але і металічных і драўляных, а таксама іншых будаўнічых вырабаў. І будаўнічых матэрыялаў — пяску, шчэбеню, гравію, цеплаізаляцыйных пліт, каменю і іншых. І што зручна для заказчыка: выпрабаванні можна правесці амаль па ўсіх неабходных параметрах. Такіх, як цеплаправоднасць, гука- і водапранікальнасць і па іншых важных паказчыках, ад якіх залежыць камфортнасць пражывання, а бывае, што і бяспечнасць.
Шмат цікавага паказалі і ў сектары радыяцыйных выпрабаванняў, таксама няблага «ўзброеным» сучасным абсталяваннем. Апошняе набыццё — новы гама-бэта-спектраметрычны комплекс «Прагрэс».
А ў сектары электрамеханічных выпрабаванняў яго начальнік Уладзімір Зайцаў пазнаёміў з даволі дзіўным жалезным «чалавекам» вагой 100 кілаграмаў, падперазаным рамянямі, якія гарантуюць бяспеку падчас працы на вышыні (гл. здымак). Для пацвярджэння характарыстык такой «прывязі» стальны манекен скідваецца з вышыні 4 метраў. Праз сістэму электронных дынамометраў размах сілы ўздзеяння на прывязь перадаецца на камп'ютар, які апрацоўвае атрыманую інфармацыю. Пры статычных выпрабаваннях гэтыя сістэмы бяспекі павінны вытрымліваць паўтары тоны сілы без разрываў і дэфармацый.
Падраздзяленне па праверцы сродкаў індывідуальнай абароны стварылі ў пазамінулым годзе, і яно адзінае ў краіне. Выпрабоўваюць тут мантажныя і іншыя паясы з арсеналу мантажнікаў-вышыннікаў, пажарнікаў, разнастайныя лямкі і рамяні бяспекі.
З прагрэсіўным абсталяваннем знаёміла і Галіна Кацуба, гаспадыня буйной лабараторыі па выпрабаваннях харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, дзе таксама працуюць высакакласныя спецыялісты. Новае абсталяванне ў асноўным нямецкае, ёсць японскае, практычна ўсё базіруецца на камп'ютарных праграмах. Гэта дазваляе ўкараняць шмат сучасных метадаў даследаванняў.
Начальнік аддзела зазначае:
— Мы мусім не адставаць ад часу. Яшчэ і таму, што пастаянна ўводзяцца ў дзеянне новыя нарматыўныя дакументы, тыя ж тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза на харчовую прадукцыю. Вось і з'яўляецца ўсё больш новых, прагрэсіўных метадаў, ідэнтычных метадам кантролю Еўрасаюза. А наяўнасць сучаснага высокадакладнага выпрабавальнага абсталявання дазваляе іх асвойваць і ўкараняць. Скажам, усё часцей выпрабаванні праводзяцца метадамі высокаэфектыўнай вадкаснай і газавай храматаграфіі. Зусім нядаўна мы набылі яшчэ адзін газавы храматограф: на ім будзем адсочваць міграцыю шкодных рэчываў з упакоўкі ў харчовую прадукцыю.
Але патрэбна не толькі высокадакладнае выпрабавальнае абсталяванне, але і такое ж надзейнае дапаможнае, — удакладняе Галіна Хамітаўна. — Яно неабходна для падрыхтоўкі ўзора да выпрабавання. Тыя ж гамагенізатары, высакахуткасныя цэнтрыфугі (ад 1000 да 22 000 абаротаў у мінуту, часам яны з двума-трыма ротарамі). А таксама ратацыйныя выпарнікі, сістэма мікрахвалевага раскладвання... Усё гэта — аснова надзейнасці і якасці атрымліваемых вынікаў. А яшчэ — скарачэння працаёмкасці і працягласці хімічнага аналізу. За мінулы год колькасць правераных узораў склала 5,5 тысячы.
...Кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні. Тое, што мы бачылі ў Гомельскім ЦСМС недзе восем гадоў таму і зараз, нельга параўнаць. Сёння гэта не проста цэнтр, а сапраўдны кангламерат цудоўна аснашчаных лабараторый, аддзелаў і іншых структур, што ўдала аб'яднаў адразу некалькі важных для рэгіёна функцый.
За 90 гадоў, якія цэнтр нядаўна адзначыў, яго калектыў заслужыў рэпутацыю надзейнага памочніка. Калі паспрабаваць коратка сфармуляваць асноўную задачу, што вырашае калектыў, то гэта садзейнічанне выпуску айчыннымі вытворцамі канкурэнтаздольнай прадукцыі для ўнутранага і знешняга рынкаў, абарона рынкаў ад недабраякаснай, небяспечнай для здароўя і жыцця людзей прадукцыі, забеспячэнне адзінства вымярэнняў. Скажам нават крышку больш. Цэнтр — той калектыўны камертон, па якім звярае сваю дзейнасць у гэтай далікатнай справе ледзьве не ўся Гомельшчына.
Якасць плюс бяспечнасць
Пра вялікія магчымасці цэнтра гутарым з дырэктарам Аляксандрам Казачком і яго калегамі.
— Апошнія гады разам з іншымі надзённымі справамі сур'ёзна займаемся сертыфікацыяй сістэм менеджменту. Гэта надзвычай важна і актуальна для эканомікі краіны, перад якой пастаўлена задача шырокага выхаду на замежныя рынкі, нарошчвання экспарту. У Гомельскай вобласці сертыфікавана больш за 420 сістэм менеджменту якасці на базе ІSO 9001, і большую іх частку сертыфікавалі мы.
Настойліва займаемся ўкараненнем сістэмы кіравання бяспекай харчовых прадуктаў на аснове аналізу небяспекі і крытычных кантрольных рызык (HACCP) у харчовай прамысловасці (у рэгіёне сертыфікавана 59 сістэм), сістэм аховы працы (сертыфікавана 184 сістэмы), аховы навакольнага асяроддзя (50).
Інжынеры Людміла Захарчанка і Святлана Малашкова праводзяць сертыфікацыю паслуг.
Цікавімся, наколькі ўсё ж энергічна ідзе ўкараненне прынцыпаў HACCP у грамадскім харчаванні. Начальнік аддзела сістэм кіравання Жанна Батаева тлумачыць:
— З уводам тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ТР ТМ 021/2011 «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» ўкараненне прынцыпаў HACCP на прадпрыемствах грамадскага харчавання стала абавязковым. На працягу мінулага года было праведзена шэсць семінараў для работнікаў грамадскага харчавання па вывучэнні прынцыпаў HACCP і іх укараненні. Самы першы семінар прайшоў пры непасрэдным удзеле і падтрымцы Гомельскага аблвыканкама. Гэта дало добры штуршок, і прадпрыемствы звярнуліся да нас па практычную дапамогу.
Пра яшчэ адзін ёмісты напрамак дзейнасці цэнтра — метралогію, якая забяспечвае адзінства вымярэнняў, распавядае намеснік дырэктара па метралогіі Сяргей Рудзянкоў.
— Штогод мы праводзім метралагічны кантроль больш як 500 000 сродкаў вымярэнняў амаль на 1000 прадпрыемстваў і арганізацый нашага рэгіёна, асвойваем паверку новых тыпаў сродкаў вымярэнняў. У планах на 2015 год асвоіць паверку нівеліраў аптычных, аналізатараў біяхімічных, люфтамераў, манітораў пацыента, пульсаксіметраў, вымяральнікаў артэрыяльнага ціску аўтаматычных і г.д. Калі будуць выконвацца правільныя і дакладныя вымярэнні, даследаванні, лабараторныя аналізы з дапамогай сродкаў вымярэнняў, якія прайшлі метралагічны кантроль, будзе добрая якасць выпускаемай прадукцыі, правільная пастаноўка дыягназу і выбар лячэння хворых пацыентаў, бяспечная эксплуатацыя транспарту, добры экалагічны стан паветра, зямлі, вады і г.д.
Мы таксама арганізуем і праводзім міжлабараторныя параўнанні (зверкі) сярод выпрабавальных лабараторый прадпрыемстваў, займаемся распрацоўкай і метралагічным пацвярджэннем прыдатнасці методык выканання вымярэнняў, разлікам ацэнкі нявызначанасці, ацэнкай стану прыборнай базы і абсталявання прадпрыемстваў, распрацоўкай і правядзеннем метралагічнай экспертызы праграм метралагічнай атэстацыі, методык паверкі і каліброўкі.
Ідучы ў нагу з часам, асвойваем такія новыя накірункі дзейнасці, як распрацоўка праграм вытворчага кантролю для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, кансультаванне індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб па пытаннях адпаведнасці тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза, аналіз узораў маркіроўкі прадукцыі, заяўляемай на рэгістрацыю дэкларацый (харчовая прадукцыя, прадукцыя лёгкай прамысловасці) і нават кантроль якасці будаўніча-мантажных работ на аб'ектах заказчыка...
Пра тэндэнцыі і перспектывы
Не змаглі мы абмінуць у размове і новыя тэндэнцыі ў дзейнасці органаў па сертыфікацыі прадукцыі і паслуг.
— Адна з найбольш відавочных — узрастае роля прадпрыемстваў-вытворцаў, якія ўсё смялей бяруць на сябе адказнасць і самі дэкларуюць якасць і бяспечнасць таго ці іншага прадукту, — гаворыць намеснік дырэктара па сертыфікацыі Ірына Жукава. — Дэклараванне — гэта адна з формаў ацэнкі адпаведнасці прадукцыі. Пры сертыфікацыі яна пацвярджаецца незалежным бокам — акрэдытаваным органам па сертыфікацыі, а дэклараванне ажыццяўляецца вытворцам альбо яго ўпаўнаважаным прадстаўніком ці прадаўцом. Цяпер, з уступленнем у сілу тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, дэклараванне з'яўляецца найбольш распаўсюджанай формай ацэнкі адпаведнасці.
Начальнік сектара Уладзімір Зайцаў знаёміць з жалезным «чалавекам», з дапамогай якога правяраюцца на трываласць сродкі індывідуальнай абароны.
— У гэтых выпадках роля цэнтра зводзіцца да кансультавання, аказання дапамогі. Мяняюцца правілы «гульні», але гэта не азначае, што ў цэнтраў стала менш клопату, — дадае дырэктар. — Мы як працавалі з прадпрыемствамі, так і працуем. Як выпрабоўвалі іх прадукцыю, так і працягваем гэта рабіць. Кансультуем, дапамагаем афармляць дэкларацыю, рэгіструем яе і гэтак далей.
— Свае перспектывы развіцця, — працягвае Аляксандр Казачок, — мы звязваем з рэканструкцыяй былога завода «Эталон», які перайшоў у падпарадкаванне да цэнтра ў 2012 годзе. Сёння цэх «Эталон» аказвае паслугі па рамонце бензазаправак, зачыстцы ёмістасцяў, рамонце вагавымяральнага абсталявання — пачынаючы ад простых цыферблатных вагаў і заканчваючы складанымі электроннымі. А па габарытах — пачынаючы ад лабараторных і заканчваючы грузападымальнасцю да 200 тон. У нашых планах і стварэнне тут новых службаў па абслугоўванні і рамонце тахометраў і таксометраў, лічыльнікаў.
Плануем арганізаваць правядзенне рамонту і паверкі сродкаў вымярэнняў у такіх умовах, каб прадпрыемствам-кліентам не патрэбна было вазіць іх у іншыя гарады.
Кажучы пра перспектывы для ўсяго цэнтра, падкрэслім, што мы і надалей будзем развіваць метралогію і выпрабавальную базу, падтрымліваць на належным узроўні і развіваць харчовую лабараторыю, удзяляць больш увагі лёгкай прамысловасці, будаўнічаму комплексу, нават тары і ўпакоўцы.
Як бачым, планы ў калектыву сур'ёзныя, і настрой адпаведны — дзелавы. Гэтаму спрыяе і сацыяльная палітыка кіраўніцтва, пра што расказала старшыня прафкама Ніна Кавалёва.
— Усе сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя калектыўным дагаворам на 2013—2015 гады, выконваюцца, — падкрэсліла яна. Калектыў, у якім працуе 240 чалавек, адметны актыўным грамадскім жыццём і ўмее не толькі добра працаваць, але і цікава, з карысцю для здароўя праводзіць грамадскія мерапрыемствы. Сталі ўжо традыцыяй штогадовыя агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці, спартыўныя спаборніцтвы, у якіх прымае ўдзел большасць нашых супрацоўнікаў, — зазначыла Ніна Міхайлаўна.
І апошняе. У цэнтра ёсць свая тэхнічная бібліятэка, у якой знаходзіцца больш за
25 000 адзінак нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі, неабходнай не толькі для функцыянавання гэтай установы, але і для працы спецыялістаў прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. Звяртайцеся, вас чакаюць!
Падрыхтаваў
Уладзімір Хількевіч.
Здымкі прадастаўлены цэнтрам.
Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.
Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.
На прасторах яе вялікасці кнігі.