Вы тут

Ініцыятыва не караецца


Сталіца падтрымлівае прадпрымальніцтва і словам, і дзеяннем, і фінансамі

Кожны павінен займацца сваёй справай. На нелюбімай працы чалавек не можа быць шчаслівым. Гэта ўсё ў нейкім сэнсе сацыяльныя штампы. Але нікуды не падзецца — гэта праўда. Толькі не трэба думаць, што ў сталым узросце мяняцца позна, што адкрываць свой глыбінны талент не мае сэнсу. Прывядзём, можа быць, банальны, але доказны прыклад: Генры Форд сваю кампанію заснаваў толькі ў 40 гадоў. Хто сказаў, што ў вас так не атрымаецца? Таму пачаць сваю справу можа не толькі моладзь. Асабліва ў Мінску, дзе безліч магчымасцяў і сур'ёзная кансультацыйная ды фінансавая падтрымка для бізнесу.

26-50

У сталіцы больш за 46 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў. І больш за 70 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Удзельная вага ў паступленнях горада — 32,2% (23,6 трлн рублёў). Колькасць работнікаў у гэтай сферы — каля 480 тысяч чалавек (чвэрць горада). Мінск — лідар у краіне па гэтых паказчыках. Аднак 44,6% займае сфера гандлю, 13,3% — прамысловасць, 8,9% — будаўніцтва і 7,4% — транспарт. Таму з большай ахвотай дапамагаюць менавіта вытворчым ініцыятывам.

Вузкая дапамога

«Сёння ў Мінску працуе 26 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, — гаворыць Наталля Смоліна, галоўны спецыяліст аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама. — Асноўны напрамак іх дзейнасці — аказанне кансультацыйных паслуг і правядзенне мерапрыемстваў (семінараў па нейкіх вузкіх напрамках, форумаў, акцый па развіцці стартапаў). Ёсць два цэнтры падтрымкі менавіта для пачаткоўцаў — супольнасць бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў «БАВІН» і «Стартап-тэхналогіі». Актыўна падтрымлівае гэты рух таксама «Maхі.by» і Цэнтр дзелавых камунікацый «БелБіз» (клуб «Імагуру»)».

Летась больш за 60 тысяч кліентаў звярнуліся па паслугі цэнтраў. Было праведзена больш за 2 тысячы семінараў, накіраваных на аказанне інфармацыйных, метадычных, кансультацыйных паслуг па пытаннях арганізацыі і вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. «Адметная рыса цэнтраў — вузкая спецыялізацыя. Адзін займаецца знешнеэканамічнай дзейнасцю, другі — юрыдычнымі паслугамі, трэці — аховай працы і гэтак далей. Пералік цэнтраў можна знайсці на сайце Мінгарвыканкама», — удакладняе Наталля Смоліна.

Акрамя гэтага, працуе 7 інкубатараў малога прадпрымальніцтва. Іх асноўная функцыя — здача ў арэнду плошчаў для новых прадпрыемстваў. Сярод іх 6 вытворчых і 1 маладзёжны. Сёння ў інкубатарах размешчана больш за 200 прадпрыемстваў. Толькі ў Маладзёжнай сацыяльнай службе — каля 140 суб'ектаў гаспадарання.

Для голай ідэі ёсць «гарачы стол»

«Інкубатары таксама аказваюць паслугі, якія дазваляюць пачаткоўцам набраць абароты, выйсці на бясстратнае існаванне. Размяшчацца на такіх ільготных плошчах можна да 5 гадоў, — распавядае спецыялістка. — Сёння права размяшчэння ў інкубатарах маюць прадпрыемствы, тэрмін дзейнасці якіх не перавышае 3 гадоў. Як правіла, больш за тры гады ніхто не застаецца — гэтага тэрміну хапае для падняцця на ногі сваёй справы. У асноўным прадпрыемствы інкубатараў займаюцца аказаннем паслуг (62%), вытворчасцю (27%) і будаўніцтвам (8,7%)».

Асноўны крытэрый адбору — эфектыўнасць бізнес-плана. Вы рыхтуеце бізнес-праект і даказваеце, што, размясціўшыся на гэтых плошчах, вы дасягнеце пэўных вынікаў.

Ці можна прыйсці без вытворчасці, з голай ідэяй? «Не, так не атрымаецца, — адказвае Наталля Смоліна. — На тое ён і інкубатар, што туды трапляюць хоць і кволымі, але ўжо пачаўшы рост. Чалавек павінен укласці ў гэтую справу свае рэсурсы». Аднак ёсць іншы варыянт. У Маладзёжнай сацыяльнай службе існуюць так званыя «гарачыя сталы». Скажам, вы маеце ідэю і пралічылі, што яна выгадная, але пакуль што ў вас няма рэсурсаў, абсталявання, інвестараў. Вы можаце зарэгістраваць прадпрыемства ў інкубатары і атрымаць працоўнае месца ў 5 квадратных метраў. Вы зможаце прыходзіць туды, працаваць, наладжваць кантакты. А раптам праз паўгода ў вас з'явіцца інвестар? Тады і пойдзе справа далей.

Усё геніяльнае — проста

— А ці ёсць увогуле нейкі эфект ад суб'ектаў інфраструктуры прадпрымальніцтва?

— Як член камісіі па адборы ў маладзёжны інкубатар, магу сказаць, што людзі ў нас (асабліва моладзь) прадпрымальныя. Бываюць абсалютна неверагодныя ідэі. Яны стараюцца, рызыкуюць. А бываюць даволі простыя, але геніяльныя праекты. Некалькі месяцаў таму мы размясцілі ў інкубатары прадпрыемства, якое акумулюе вакол сябе рамеснікаў. Ім вельмі цяжка знайсці заказчыка на сваю працу. А ў прадпрыемства ёсць база рамеснікаў і патэнцыйных заказчыкаў — іх проста зводзяць аднаго з адным. Кожны робіць сваю справу, — канстатуе Наталля Смоліна.

За грашыма не асабліва ідуць

Яшчэ адзін від рэальнай дапамогі прадпрымальнікам — фінансавая падтрымка. У Мінску рэалізуецца Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якая распрацоўваецца на тры гады. Сёлета будуць падводзіць чарговыя вынікі.

«Летась па праграме мы мелі амаль 49 млрд рублёў для аказання фінансавай дапамогі. 40 млрд былі разлічаны на прадастаўленне льготных крэдытаў суб'ектам малога прадпрымальніцтва. Гэта самыя танныя крэдыты, якія толькі можна атрымаць (у 2014 годзе стаўка складала 13% гадавых, а сёлета 15,5%), — расказвае Вольга Леошка, начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама. — У нас заключана 11 пагадненняў з банкамі. Фінансавая падтрымка аказваецца толькі вытворчым прадпрыемствам. У іх павінна быць да 100 чалавек работнікаў. А таксама трэба займацца імпартазамяшчэннем ці экспартам. Летась прафінансавана 12 падобных праектаў на суму каля 17 млрд рублёў. Сёлета на праграму прадугледжана таксама 50 млрд, з якіх 40 млрд — зноў на льготныя крэдыты».

Дарэчы, Мінгарвыканкам з 15 лістапада 2014 года па 1 лютага 2015-га праводзіў конкурс на атрыманне фінансавай падтрымкі прадпрыемствамі, якія ўжо ўзялі крэдыты на агульных умовах. «Мы прапаноўвалі кампенсацыю часткі працэнтаў. Дзіўна, але падалі толькі тры заяўкі. Па дзвюх прынята станоўчае рашэнне. Магчыма, гэта выклікана нейкімі інфармацыйнымі недапрацоўкамі. Хутчэй за ўсё, будзе абвешчаны яшчэ адзін этап конкурсу. Таму тыя прадпрыемствы, якія атрымалі крэдыты ў банках і цяпер плацяць па іх працэнты, могуць звярнуцца да нас і атрымаць падтрымку. Аднак зноў жа толькі вытворчыя».

Яшчэ, на жаль, вельмі мала суб'ектаў карыстаюцца кампенсацыяй выдаткаў, звязаных з удзелам у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах. Летась звярнулася літаральна некалькі прадпрыемстваў. «Падтрымалі мы, праўда, толькі адно, якое насамрэч было экспарта-арыентаваным. Увогуле ў нас 4 тысячы малых вытворчых прадпрыемстваў. Скарыстацца, можа быць, многія б хацелі, але ёсць умовы: не павінна быць страт і запазычанасцяў па плацяжах. Таксама мы адмаўляем тым арганізацыям, на якіх вельмі нізкі ўзровень зарплаты. Напрыклад, сярэдні заробак у 1 млн 450 тысяч рублёў — гэта смешна для Мінска. Значыць, прадпрыемства плаціць зарплату ў канвертах».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Дарэчы

Маладзёжныя бізнес-інкубатары створаць у кожным раённым цэнтры Беларусі. Пра гэта паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. «Адразу пасля наведвання прадпрыемства «Маладзёжная сацыяльная служба» мы з кіраўнікамі мясцовых Саветаў дамовіліся, што маладзёжныя бізнес-інкубатары будуць створаны ў кожным раённым цэнтры. Не абавязкова такія ж маштабныя, як у Мінску, але яны павінны быць», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.