Вы тут

Канцлер. Рыцар. Гаспадар


У Нясвіжы прайшла канферэнцыя да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага

Якім быў дакладны адрас жыхарства Сымона Буднага ў Клецку? Дзе напісаныя першыя кнігі на беларускай мове, надрукаваныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі? Чаму Радзівілы ў якасці сваёй рэзідэнцыі абралі Нясвіж, а не Клецк, дзе была намнога лепшая інфраструктура? Даследчыкі гісторыі Новага часу ўжо ведаюць адказы на гэтыя пытанні. Вынікамі сваёй працы яны падзяліліся падчас Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі да 500-годдзя з дня нараджэння канцлера Вялікага Княства Літоўскага «Мікалай Радзівіл Чорны: палітык, дыпламат, мецэнат», што прайшла ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж».

Сёлета дзве гістарычныя асобы, чый лёс быў звязаны з Нясвіжам, маюць юбілейныя даты. Гэта канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны (споўнілася 500 гадоў з дня яго нараджэння) і Марыя Дарота дэ Кастэлян (у 2015 годзе мы святкуем яе 175-годдзе), якая пакінула адзін з самых значных слядоў у гісторыі Нясвіжскага замка. Таму мерапрыемствы музея-запаведніка прысвечаныя менавіта гэтым асобам. Так, у адной з залаў Нясвіжскага палаца адкрытая выстаўка да юбілею Марыі Дароты дэ Кастэлян. Яна аднавіла палац, сачыла за тым, каб гарадскія старажытнасці таксама трымаліся ў добрым стане, прыводзіла іх у парадак. Побач з замкам Марыя Дарота заснавала вялікі парк, плошча якога — больш як сто гектараў, ён захаваўся і па сёння. На выстаўцы наведвальнікі Нясвіжскага замка могуць пабачыць шматрэчаў, звязаных з гісторыяй жыцця Марыі Дароты. Гэта мэблевы гарнітур, кнігі з бібліятэкі. Некаторыя прадметы перададзены для выстаўкі нашчадкамі Марыі Дароты, напрыклад, срэбны сервіз.

— Сучасны музей мусіць быць не толькі захавальнікам рэчаў, але і цэнтрам, вакол якога гуртуюцца даследчыкі, навукоўцы, — лічыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Зміцер Яцкевіч. — Таму мы праводзім некалькі канферэнцый на год, арганізоўваем «круглыя сталы», выдаём зборнікі навуковых артыкулаў. Такім чынам могуць пазнаёміцца даследчыкі розных аспектаў гісторыі роду Радзівілаў, падзяліцца знаходкамі і адкрыццямі.

І сапраўды, канферэнцыя, прысвечаная 500-годдзю Мікалая Радзівіла Чорнага, стала не проста пляцоўкай для абмеркавання вынікаў навуковых росшукаў, нагодай для сустрэчы даследчыкаў з Беларусі і Расіі, але і магчымасцю спаткацца са старымі сябрамі, калегамі, у цёплай, сяброўскай атмасферы (хай і ў строгім акадэмічным фармаце) задаць важныя пытанні і атрымаць грунтоўныя адказы. Доўгія дыскусіі і абмеркаванні дакладаў, мноства пытанняў да выступоўцаў, розныя версіі і інтэрпрэтацыі падзей, ролі асоб — усё гэта было як на пленарным, так і падчас секцыйных пасяджэнняў канферэнцыі.

Доктар гістарычных навук, прафесар Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта і супрацоўнік Грайфсвальдскага ўніверсітэта ад фонду Гумбальта Канстанцін Ерусалімскі пазнаёміў калег з вынікамі свайго вывучэння вельмі вузкага сюжэта, што тычыцца дапламатычных сувязей паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Існуе нават меркаванне, што ў канцы XVIстагоддзя разглядалася ідэя уніі паміж дзяржавамі.

— Гэтая тэма яшчэ дакладна не вывучалася, але ёсць шэраг прычын, каб пра яе разважаць, — сцвярджае расійскі даследчык. Гаворка ідзе пра сакрэтную перапіску і перамовы, якія вялі польскія магнаты з мэтай перацягнуць маскоўскую эліту на службу каралю. Кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст прадстаўляўся ў «лістах завартых» (менавіта так называлі пасланні з прапановамі) як міласцівы гаспадар, уважлівы да эмігрантаў не толькі першага шэрагу эліты, але і другога. Дарэчы, сакрэтныя лісты, якія згадваюцца ў дакументах XVIст., нідзе не захаваліся. Магчыма, яны знішчаліся адразу пасля знаёмства адрасата са зместам паслання, бо маглі выклікаць міжнародны канфлікт, а іх аўтары мусілі быць пакараныя смерцю. А можа, іх лічылі другараднымі дакументамі, якія проста няварта захоўваць.

Натуральна, увага даследчыкаў была скіраваная не толькі на асобу Мікалая Радзвіла Чорнага, але і час, у які ён жыў і працаваў. Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры БДЭУ Юрый Бохан разам з магістрам гісторыі і гісторыі мастацтваў, малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалаем Волкавым разгледзелі малюнкі на сюжэты XVIст. з калекцыі графаў Машыньскіх з Музея Войска Польскага ў Варшаве. Мікалай Волкаў распавёў:

— Верагодна, гэтыя малюнкі паслужылі асновай для стварэння баталістычных карцін у другой палове XVIII—ХІХ ст. На двух малюнках прадстаўлены перамогі Радзівілаў. Пад усімі выявамі маюцца лацінамоўныя подпісы, некаторыя — вершаваныя. Адметна, што адлюстраванне гарадоў і замкаў тут прыдуманае. Гэта не сапраўдныя помнікі, але нейкія аб’екты з фантазіі аўтара. Чалавек, які іх маляваў, не бачыў рэальных падзей і месцаў. Таму можна меркаваць, што работы не створаныя людзьмі, якія прымалі ўдзел у адлюстраваных на іх падзеях. Гэта, хутчэй за ўсё, спроба стварыць гістарычную рэальнасць, зробленая як візуальная прапаганда.

Юрый Бохан зазначыў:

— Выявы носяць анекдатычны характар, бо чалавек, які іх маляваў, не арыентаваўся ў вайсковых рэаліях таго часу. І не мог па пэўных прычынах замалёўваць рэальныя аб’екты і падзеі. Аднак у рэаліях жыцця ВКЛ аўтары — а іх, хутчэй за ўсё, было два ці тры — арыентаваліся досыць добра. Праблема іканаграфііXVIст. вельмі вострая, усе даследчыкі адзначаюць, што вобразы, намаляваныя на карцінахчасу, вельмі схематычныя. Аднак гэтыя малюнкі цікавыя таму, што яны найбольш рэалістычныя. Вельмі спакусліва было б знайсці іх першаўзоры. Некаторыя падабенствы назіраюцца з мініяцюрамі Радзівілаўскага летапісу, але мне падаецца, што гэта вонкавае падабенства: не столькі капіяванне арыгінала, колькі знаёмства аўтара з рэаліямі жыцця ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Вольга Бажэнава падзялілася вынікамі даследавання культу Мікалая Радзівіла Чорнага, які сфарміраваўся ўжо пасля яго смерці. Вольга Дзмітрыеўна распавяла, што для карцін, якія пісаліся пры двары Радзівілаў з XVIпа XVIIIст., была характэрная познерэнесансная стылістыка. Сам Мікалай Радзівіл Чорны прадстаўляўся ў выглядзе адважнага рыцара, абаронцы родных земляў. На карцінах часта прысутнічаюць містычныя элементы, якія яшчэ больш падкрэсліваюць боскую прыроду ўлады Радзівілаў.

Дарэчы, вобраз Мікалая Радзівіла Чорнага як адважнага рыцара і смелага воіна склаўся і ў літаратуры таго часу. На гэты аспект звярнуў увагу кандыдат філалагічных навук Уладзімір Кароткі. Аднак кандыдат гістарычных навук Андрэй Янушкевіч у сваім дакладзе сцвердзіў памылковасць празмернай увагі менавіта да вайсковых подзвігаў Мікалая Радзівіла Чорнага:

— Ён не вылучаўся ваяўнічасцю, і калі пачалася вайна з Маскоўскай дзяржавай, рабіў усё, каб зноў дасягнуць перамір’я. Дарэчы, саюз з Польшчай канцлер ВКЛ разглядаў толькі на ўзроўні культурных сувязей, сямейных адносін, лічыў важным захаванне самастойнасці Вялікага Княства. І толькі вайна з Маскоўскім княствам стала для Мікалая Радзівіла Чорнага вырашальнай умовай для заключэння уніі.

На адметнасці гаспадарання Мікалая Радзівіла Чорнага ў сваіх маёнтках звярнуў увагу доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў. Даследчык падкрэсліў:

— Мікалай Радзівіл Чорны ў сваіх уладаннях праводзіў такую ж палітыку, як вялікі князь у дзяржаве. Ён сам пераводзіў маёнткі— ў залежнасці ад таго, што было больш прыбыткова для кожнага з іх — на чынш ці на паншчыну. Даваў зямлю шляхце з умовай выканання ваенных абавязкаў. Ён па-свойму арганізоўваў сістэму кіравання: прызначаў войтаў, якія падпарадкоўваліся толькі яму, умацоўваў сельскую абшчыну, каб людзі разам маглі выконваць свае абавязкі на карысць Радзівіла, каб кантралявалі і аканомаў, і рэвізораў. Ён думаў заўсёды на перспектыву, каб радзівілаўскія ўладанні заставаліся іх уласнасцю, былі дагледжанымі, каб сяляне багацелі і мелі магчымасць плаціць падаткі.

Навукоўцы, што прынялі ўдзел у канферэнцыі, звярнулі ўвагу на розныя аспекты дзейнасці Мікалая Радзвіла Чорнага, распавялі пра час, у якім ён жыў і працаваў, вывучылі яго адносіны да рэлігіі, даследавалі спісы кліентаў канцлера ВКЛ. Па выніках работы канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых работ, дзе можна будзе больш падрабязна пазнаёміцца з тэкстамі дакладаў. Адметна, што на гэтым святкаванне юбілеяў Мікалая Радзівіла Чорнага і Марыі Дароты дэ Кастэлян не скончанае. Так, у верасні ў Нясвіж зноў завітаюць гісторыкі, спецыялісты ў галіне генеалогіі і геральдыкі, краязнаўцы і музейныя работнікі, каб прыняць удзел у «круглым стале»«Генеалогія роду Радзівілаў XV—ХХІ стст.: праблемы вывучэння, здабыткі і перспектывы».

Марына ВЕСЯЛУХА,

8

фота аўтара

На здымках: Кнігі з бібліятэкі Нясвіжскага замка, прадстаўленыя ў межах экспазіцыі да 1750-годдзя Марыі Дароты дэ Кастэлян.

Доктар гістарычных навук Юрый Бохан.

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.