Вы тут

Поўня над Шчарай


У сакавіку 1969 года я з магнітафонам «Рамантык» наведаў кватэру Рыгора Барадуліна на вуліцы, якая сёння называецца Раманаўская Слабада. Там гасцявалі мама Рыгора Акуліна Андрэеўна і навуковец з Акадэміі навук Мікола Грынчык з жонкай Любоўю Аляксееўнай. Некалькі вушацкіх песень, якія аказаліся блізкімі па гучанні з песнямі з майго прыдзвінскага берага, выгукнула цётка Куліна. Ад цёткі Любы змясцілася на магнітафонную стужку ажно 40 народных песень. Самі Грынчыкі — з вёскі Быцень (Бытэнь — у вымаўленні цёткі Любы) Івацэвіцкага раёна. Вось якое я меў тады сакавіцкае адкрыццё! Цётка Люба, 1923 года нараджэння, захавала духоўныя гучальныя скарбы былой Заходняй Беларусі, дзе народнымі песнямі сталі вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Сяргея НовікаПеюна… «Так, — распавядала Цётка Люба, — купалаўскі гімн «Не загаснуць зоркі ў небе» падымаў народ, пяшчотна гучала ў тыя часы песня на словы паэта з Нёмана «Ліпы старыя», а без песень «Зорачкі», «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») НовікаПеюна не абыходзілася ніводная наша бяседа…»

[caption id="attachment_95298" align="alignnone" width="600"]ЛІМ Сяргей Новік-Пяюн на мінскім пасадзе. Кастрычнік 1989 г.[/caption]

Я яшчэ паспеў у новым тысячагоддзі перадаць Любові Аляксееўне Грынчык дыск з алічбаванымі ў Акадэміі музыкі запісамі яе песень. А тыя зорачкі, якія загарэліся нада мною ў 1969 годзе, паказалі дарогу да аўтара — паэта Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна. Перажыўшы жорсткія выпрабаванні, ён з 1960 года жыў у Мінску. І сам друкаваўся ў прэсе, і пра яго пісалі Аляксей Пяткевіч, Алег Лойка… Першая публікацыя — «Іскра з вогнішча» Арсеня Ліса — была змешчана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 22 лютага 1966 г.

У другой палове 1970-х Малады Дзядок на адной з цікавых сустрэч перадаў мне фотакопію свайго малюнка з надпісам: «Царква ў сяле Блячын была пабудавана ў 1621 г. на сродкі Адама і Анны Магільніцкіх». Малюнак тушшу пазначаны 1926 годам, калі Сяргей Міхайлавіч пасля вучобы ў Нясвіжы ў сваіх родных Лявонавічах ствараў гурток ТБШ, бібліятэку, тайную школу, за што і быў пакараны акупацыйнымі ўладамі. Яго аповеды пра Нясвіж, Лявонавічы, Блячын так зацікавілі мяне, што я сабраўся прайсціся яго жыццёвымі сцежкамі. Наведаў аднойчы і Клецкі раён. Але Блячына ўжо не існавала: не спадабаўся айконім з XVI стагоддзя. У вёсцы Садовая і царквы з малюнка Сяргея Міхайлавіча не знайшлося. Мне расказалі з горыччу, што калі яшчэ кіпела барацьба з рэлігіяй, старшыні сельсавета прапанавалі або застацца на пасадзе, або знішчыць драўляную бажніцу. Той наняў малойцаў, і яны тросамі, ламамі разбурылі найстарэйшую ва ўсёй акрузе, а таму і найбагацейшую царкву. Жанчыны кідаліся паведамілі, былі і шматтомная бібліятэка, і даўнія царкоўныя архівы. Настаўніца мясцовай школы прызналася, што тады пачала збіраць рарытэты для стварэння музея, але памяшкання не далі, і яна знайшла прытулак для будучых экспанатаў на гарышчы школы. Пажарная інспекцыя загадала тэрмінова ачысціць гарышча. Прыехаў грузавік… І паболела попелу на радзіннай зямлі Незабытоўскіх, Карскіх, на заціхлых слядах Сяргея Новіка-Пеюна.

Не маю як суцешыць сёння аўтара малюнка царквы ў Блячыне, каб паведаміць, што ў Садовай праз некалькі гадоў была ўсё ж узведзена каменная царква на месцы той самай, 1621 года нараджэння.

У 1984 годзе паэт быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, калі і выйшаў ужо згаданы зборнік «Заўсёды з песняй» (паэма, вершы, песні, творы для дзяцей). А ў 1993 годзе я атрымаў ад Сяргея Міхайлавіча яго зборнік «Песні з-за кратаў» (вершы, песні, паэмы) — «…на шчыры ўспамін з глыбокай пашанай і ўдзячнасцю».

Праз год паэт адышоў на той мацярык, дзе і нарадзіўся, на могілкі ў Лявонавічах. Але не стаўся забытым у прытульным для яго Мінску. Памятаю лістападаўскую вечарыну 2001 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, прысвечаную 95-й гадавіне з дня нараджэння Новіка-Пеюна. Мы пазнаёміліся з цікавым архівам паэта, які захоўваецца ў музеі, угледзеліся ў дароўныя надпісы на кнігах яго сяброў, у экспанаты «ад паплечнікаў па Калыме». А я ўспамінаю мой здымак, калі перад намі нечакана з’явіўся Сяргей Міхайлавіч у гулагаўскай вопратцы. І жорсткая памяць — незнішчальная.

На вечарыне 2001 года я прачытаў верш-прысвячэнне «Хроснік Янкі Купалы»:

Паэтаў планіда не кратае
рукамі лагоды.
Яна чацвяртуе за кратамі
крукамі нягоды.
На годы ссылае без споведзі
у зімную безлюдзь.
У катаў паэты — для поедзі…
Ды — косткаю — песня!
І «Зорачкі» з лагернай наледзі
прыходзяць на помач.
Быў Янка Купала — у памяці.
І ў памяці — Поўнач.
О «Сэрца, не плач!»
З горкай чараю
і словам сыноўнім
нам — воля! І поўня над Шчараю
вальсуе на Слонім.

Не так даўно пісьменнік Алесь Карлюкевіч у «Краязнаўчай газеце» (№ 9, сакавік, 2013 г.) выявіў глубокую зацікаўленасць біяграфіяй і творчасцю паэта Сяргея Новіка-Пеюна, праўдзіва раскрыў многія старонкі яго жыццяпісу. На заканчэнне свайго артыкула, узгадаўшы архіў Сяргея Міхайлавіча, Алесь Мікалаевіч выказаў надзею: «Мажліва, прыйдзе час, і з яго дапамогай якое з выдавецтваў выпусціць у свет грунтоўны том спадчыны Маладога Дзядка (адзін з псеўданімаў заходнебеларускага паэта). Відаць, і эпісталярная спадчына зойме ў ім адпаведнае месца».

Хай нябёсы спраўдзяць такія пажаданні, бо наперадзе сімвалічная дата: спаўняецца 90 гадоў ад першай публікацыі паэта! У часопісе «Студэнцкая думка» (№ 4, 1925 г.) быў надрукаваны верш Новіка-Пеюна «Не бядуй». Не будзем бедаваць і мы разам з поўняй над Шчараю, якая ўсё яшчэ вальсуе на Слонім.

Сяргей ПАНІЗНІК, фота Сяргея ПАНІЗНІКА
"Літаратура і мастацтва" №31 (4831) 7 жніўня 2015 г.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.