Праца Міколы Труса «Янка Купала ў Славакіі» (2012) — адна з самых цікавых манаграфій апошняга часу. Падрабязнае апісанне вандроўкі савецкай дэлегацы ў Славакію ў 1935 г. і — магчымасць распавесці пра культурную і палітычную сітуацыю ў абедзвюх краінах, а таксама прадставіць Купалу не ў звыклым вобразе Песняра, а як гістарычную асобу, пра якую захавалася нямала згадак. Мікола Трус — кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, намеснік старшыні таварыства дружбы «Беларусь — Славакія». Размова з даследчыкам прысвечана яго навуковай дзейнасці, а таксама беларуска-славацкім культурным сувязям.
— Мікалай Валянцінавіч, чым тлумачыцца ваша цікавасць да Славакіі, як пачалося гэтае захапленне?
— Захопленасць Славакіяй, а таксама даследаванне беларуска-славацкіх сувязей звязана з прафесійнай і навуковай дзейнасцю. Спачатку вабіла тое, наколькі падобныя гістарычныя лёсы нашых народаў. Часам іх называюць меншымі, а мне даспадобы слова мінарытарныя — як найбольш паліткарэктнае з існуючых сёння гісторыка-культурных вызначэнняў.
Варта было наведаць краіну, спраўдзіць адчуванні, атрыманыя з пісьмовых крыніц, каб сімпатыя пераўтварылася ў трывалы грунт навуковых росшукаў. Адзначым, што беларуска-славацкія сувязі ўзбагачаюць і вывучаюць загадчык кафедры славянскіх літаратур БДУ прафесар Іван Чарота, дацэнт Алена Вострыкава, дацэнт Вікторыя Ляшук, паэт і даследчык Сяргей Панізнік ды іншыя.
— Прайшло ўжо тры гады, як выйшла ваша манаграфія «Янка Купала ў Славакіі». Як паставілася да гэтага выдання навуковая грамадскасць?
— Паводле былога пасла Славакіі ў Беларусі Марыяна Сэрваткі, манаграфія «Янка Купала ў Славакіі» спарадзіла своеасаблівую ланцуговую рэакцыю. Яна стала адмысловым зыходным пунктам для шэрагу культурных славацка-беларускіх праектаў, у рэалізацыі якіх з нашага боку рэй вядзе Дзяржаўны літаратурны музей Я. Купалы на чале з дырэктарам Аленай Ляшковіч.
З вялікай прыемнасцю хочацца засведчыць, што ў асобе шаноўнага Марыяна Сэрваткі мы займелі яшчэ аднаго ўплывовага сябра нашай краіны за мяжой, які паслядоўна і плённа рупіцца пра развіццё славацка-беларускіх культурных сувязей.
Манаграфія выклікала даволі шырокі рэзананс у навуковых і культурніцкіх колах Беларусі і Славакіі. Ухвальная словы на карысць яе зместу і фармату падачы выяўленага матэрыялу прагучалі на старонках многіх беларускіх газет. Інфармацыйна-азнаямленчых допісаў у айчынных і славацкіх СМІ набярэцца не менш за паўтара дзясятка. У Славакіі станоўчая рэцэнзія на беларускае выданне была апублікавана ў прэстыжным навуковым славістычным часопісе «Slavica Slovaca» (І. Сліўкова). Карыстаючыся нагодай, хачу падзякаваць калегам за ўвагу да кнігі, добрыя словы і каштоўныя парады.
— У манаграфіі вы адкрылі шэраг невядомых старонак у гісторыі беларуска-славацкіх культурных сувязей. Якія пытанні ў гэтым кірунку даследаванняў бачацца вам асабліва актуальнымі?
— Варта прызнаць, што сярод традыцыйных і часта ўжывальных вызначэнняў нацыянальнай прысутнасці ў Еўропе і свеце са складнікам узаема- (сувязі, дачыненні, уплывы і г. д.) не хапае зыходнага, базіснага, немудрагелістага па сваім гучанні — узаемаведанне. Напрыклад, у Славакіі Янка Купала рэпрэзентаваны ледзь не выключна ў анталогіях савецкай паэзіі, даведніках — і абсалютна ў духу свайго часу. Сёння можам сказаць, што вельмі тэндэнцыйна, — як тыповы савецкі паэт, які ўсхваляў поспехі сацыялістычнага будаўніцтва і калектывізацыі. Класіка славацкай літаратуры — падмурак нацыянальнай ідэнтычнасці — прадстаўлена ў Беларусі, трэба прызнаць, таксама даволі слаба. І гэта не выключэнне, а тыповая і агульная праблема сённяшняй недастатковасці тых праяў узаемаведання, якія звыкла завуцца мастамі дружбы.
Прысутнасць Янкі Купалы ў кастрычніку 1935 года ў Славакіі ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў дазваляе весці гаворку пра славацкую літаратуру і культуру, прадстаўленую ў канкрэтных імёнах і фактах, у абсалютна новым ключы. Гэта ўжо не абстрагаваны экскурс здалёк у гісторыю іншага народа, а канцэптуальна новы алгарытм разгляду — ад факта; асвятленне канкрэтнага знаёмства, замацаванага поціскам рукі класіка беларускай літаратуры. Пры гэтам гаворка пра некаторых славацкіх пісьменнікаў і літаратурную сітуацыю сярэдзіны 1930-х гадоў набывае адмысловую сяброўскую цеплыню, а пэўныя тэмы міжнацыянальных адносін — жыццёвую пульсацыю, надзённасць. На прыкладзе візіту 1935 года мы маем справу з народнай дыпламатыяй — дзейснай сілай умацавання культурных сувязей.
— Як была ўспрынята ваша праца ў Славакіі?
— Ведаеце, купалаўскія паэтычныя словы, звернутыя да Маладой Беларусі, — займаць свой «пачэсны пасад між народамі» — застаюцца істотнымі і сёння. Але наш час вельмі дынамічны і вельмі прагматычны.
Дзялянка, на якой я даўно ўжо працую, — гэта выкладчыцкая справа і літаратуразнаўства. Манаграфія «Янка Купала ў Славакіі» стваралася па ўласнай ініцыятыве, на энтузіязме, выдавалася за ўласны кошт. Яе выхад у 2012-м, юбілейным купалаўскім, годзе для мяне асабіста быў вельмі важным. Такім чынам аб’ектыўна сведчылася, што з майго сціплага боку беларуска-славацкі кірунак гісторыка-літаратурных даследаванняў — не прыватная дэкларацыя аб намерах, а сур’ёзная праца, мяркуючы па рэцэнзіях, — даволі важкая і цікавая.
У манаграфіі рознабакова асветлена купалаўская паездка па Славакіі: прадстаўлены невядомыя здымкі, аўтографы беларускага песняра і прадстаўнікоў савецкай дэлегацыі, сабраны і абагулены матэрыялы тагачаснага славацкага друку. У выніку нязмушана вымаляваўся адмысловы купалаўскі турыстычны маршрут: Браціслава — Святы Юр — Модра — Пешцяны — Высокія Татры. Для Славакіі, вядомай сваімі курортамі і камфортным адпачынкам, сёння гэта таксама немалаважна.
Для славацкіх навукоўцаў усходнеславянскі вектар гісторыі міжкультурных сувязей вельмі добра распрацаваны і закранае найперш рускую і ўкраінскую літаратурную класіку. Часта ён абапіраецца на непасрэднае знаёмства дзеячаў нацыянальнай культуры з выбітнымі замежнымі пісьменнікамі. Напрыклад, лекарам і сакратаром Льва Талстога быў славак Душан Макавіцкі.
Трэба прызнаць, што ў гэтым плане пачэсныя, «пасадныя» месцы ўжо даўно заняты. Але новы віток еўрапейскай гісторыі дае ўнікальныя магчымасці, якімі варта скарыстацца. У Славакіі, у Беларусі, у іншых краінах апошніх дзесяцігоддзяў ідуць актыўныя працэсы новага прачытання сваёй культурнай спадчыны — на хвалі вяртання імёнаў, твораў, вызначэння іх месца ў нацыянальнай і сусветнай культурнай парадыгме. Зараз магчыма і неабходна не толькі сведчыць, але і браць удзел у асэнсаванні аб’ёмістага рухомага матэрыялу, яго мадэрновай «фармоўцы», якая ў нашым выпадку звязана з міжнароднымі культурнымі дачыненнямі.
— Ці не было жадання даследаваць іншыя вандроўкі паэта за мяжу?
— Вядома, Янка Купала наведваў розныя краіны: толькі ў Чэхаславакіі ён пабываў тройчы (1925, 1927, 1935). Сёння купалазнаўства — сцверджаная галіна літаратуразнаўства, усе візіты класіка літаратуры зафіксаваны і збольшага апісаны, не была пад грыфам сакрэтнасці і яго вандроўка 1935 года. Справа ў іншым. Я імкнуўся паказаць, што вядомыя тэмы не вычарпаны як радовішча, наадварот, сёння варта і магчыма прадставіць вядомыя падзеі куды больш падрабязна, дыскусійна, дынамічна — і гэтым ажывіць, надаць новы імпульс нашаму бачанню мінулага, асабліва звязанаму з умацаваннем сваёй культурнай прысутнасці ў свеце. Мной створаны своеасаблівы даследчыцкі гісторыка-культурны прэцэдэнт. Гэта не падвядзенне рысы, а пачатак, запрашэнне да працы з замежнымі архівамі, якія, нягледзячы на пакручастую гісторыю ХХ стагоддзя, няблага захаваліся. Манаполій на тэмы існаваць не можа. Мяркую, знойдуцца аўтары, якія, улічыўшы мой вопыт, асветляць Купалавы замежныя падарожжы больш дасканала і арыгінальна. Хочацца спадзявацца, што гэта будуць не толькі прыватныя ініцыятывы энтузіястаў ад навукі…
Янка НАТАВЕЦ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.