Вы тут

Прэч з участкаў!


1-5

Радзіма гэтага паласатага жучка — Паўночная Амерыка, дзе ён ціха і мірна жыў, пакуль не падчысціў у канцы ХVІІІ стагоддзя ўвесь ураджай бульбы ў штаце Каларада. Вось тады шкоднік і атрымаў ганаровае амерыканскае імя — каларадскі. А яго сваякі і да гэтага часу мірна ядуць дзікія віды амерыканскіх паслёнавых і ні на што больш не прэтэндуюць.

У Еўропу жука некалькі разоў завозілі караблямі з бульбай, але ён хутка і паспяхова знішчаўся. І нарэшце, ужо ў 1940-я гады, яму ўдалося пачаць масавы наступ на нашы палі і агароды. Цяпер гэты жук паўсюдна. Здольны знішчыць цалкам пасадкі бульбы, баклажанаў, таматаў, перцу і іншых паслёнавых.

Чаму ён такі жывучы?

Метадаў барацьбы дзясяткі, калі не сотні, але каларадскі жук упарта распаўсюджваецца, заваёўваючы ўсё большыя тэрыторыі.

На нашым мацерыку, у адрозненне ад Амерыкі, у каларадскага жука амаль няма прыродных ворагаў — ніхто не перашкаджае яму размножвацца ў неймаверных колькасцях. За лета адна самка адкладае ад 350 да 1000 яек. Жук умее ўпадаць у шматгадовую дыяпаўзу — да 3-х гадоў. Гэта дазваляе яму перажыць галодныя гады, пасля чаго ён здольны вывесці цалкам здаровае патомства. Зімоўка глыбока ў глебе робіць жука маладасяжным для хімічных інсектыцыдаў. Калоніі жукоў здольныя здзяйсняць масавыя пералёты на дзясяткі кіламетраў. Ну і нарэшце, няма ніякай магчымасці правесці адначасова працэдуры, якія знішчаюць жука, на ўсёй велізарнай тэрыторыі.

Народныя метады барацьбы

Ядаў супраць жука поўна, але рана ці позна ўсе яны трапляюць на наш стол і ў нашы страўнікі, таму гаварыць мы будзем толькі пра народныя, экалагічна бяспечныя метады.

Дастаткова эфектыўным застаецца самы старажытны метад барацьбы — ручны збор жукоў і механічнае знішчэнне лічынак. Падчас збору не рэкамендуецца душыць жукоў у міжраддзях (як гэта часта народ і робіць) — іх трэба збіраць у слоік з моцным саляным растворам на дне. Калі плантацыя бульбы невялікая і вы зможаце рэгулярна аглядаць расліны, ваш ураджай не пацерпіць.

Пры вялікіх плошчах уручную сабраць жукоў нерэальна. Тады на дапамогу прыйдуць прыродныя і падручныя сродкі.

«Сухія» метады

Гэтыя метады з самых простых, але калі ўжываць іх рэгулярна, чаргуючы паміж сабой, яны даволі эфектыўныя. Выдатна сябе зарэкамендавалі апыльванні зялёнай часткі раслін і пасыпанне глебы паміж раслінамі.

Вельмі добры эфект дае апыльванне кустоў бульбы (таматаў, баклажанаў) прасеяным попелам. Найбольш пагібельным лічыцца бярозавы, але добрыя вынікі паказвае і ўвесь астатні. Рэкамендуецца рабіць гэта раніцай, пакуль лісце яшчэ вільготнае ад расы, або пасля дажджу. Нават пры аднаразовым апыльванні з разліку 10 кг попелу на 1 сотку праз 1-2 сутак, як правіла, гінуць і лічынкі, і дарослыя жукі. Да цвіцення апыленні праводзяць 1 раз на 2 тыдні, пасля цвіцення — 1 раз на месяц. Калі яшчэ і пасыпаць попелам зямлю паміж кустамі, эфект будзе максімальны.

Апыльванне цэментам або гіпсам. Сустракаюцца такія рэкамендацыі нярэдка. Дачнікі, якія практыкуюць гэты метад, сцвярджаюць, што лічынкі гарантавана гінуць.

Пасыпанне міжраддзяў пілавіннем. Ужо даўно заўважана: калі пасыпаць зямлю паміж кустамі бульбы свежым хваёвым (або бярозавым) пілавіннем, жук пачынае абыходзіць плантацыю бокам — ён адчувальны да паху свeжага дрэва. Да цвіцення гэта трэба рабіць 1 раз на 2 тыдні, пасля — 1 раз на месяц.

Апырскванне расліннымі настоямі і адварамі

Маецца шмат сведчанняў пагібельнага дзеяння настояў (і адвараў) розных раслін на дарослых жукоў і лічынак каларадаў. Выконваючы рэцэптуру, прапанаваную спрактыкаванымі дачнікамі, можна істотна знізіць пагалоўе лістагрызаў на сваім участку.

Белая акацыя. 1 кг падсушанай і здробненай кары настояць у 10 л вады 3 дні. Працадзіць.

Таполя. Заліць палову вядра лісця вадой і кіпяціць 15 хвілін, давeсці аб'ём да 10 літраў, настояць 3 дні.

Бярозавы дзёгаць. 100 г дзёгцю развeсці ў 10 л вoды. Апырскваць 3 разы на тыдзень.

Сланечнік. 0,5 кг кветак сланечніка настояць у 10 л вады 3 дні.

Падтыннік. Варыянт 1: 1,5 кг травы настояць 3 гадзіны ў гарачай вадзe. У настoй уліць 1 літр 1,5% раствору хлорыстага кальцыю. Варыянт 2: запоўніць вядро свeжасарванымі раслінамі (або сухімі), заліць вадой, кіпяціць 15 хвілін. Атрыманы адвар выкарыстоўваць у канцэнтрацыі 0,5 л адвару на 10 л вады.

Дзівасіл. 100 г здробненых сушаных каранёў дзівасілу заліць кіпенем, настояць 1-2 гадзіны. Першае апырскванне такім настоeм праводзяць, калі бацвінне дасягне не менш чым 15 см. За сезон рэкамендуецца правесці апырскванне 3 разы.

Цыбульнае шалупінне. 300 г сыравіны заліць 10 л гарачай вады, настояць суткі.

Дзьмухавец. 200 г травы дзьмухаўца і 200 г хвашчу кіпяціць у 10 л вады 15 хвілін, сродак гатовы адразу пасля астывання. Ужываць у канцэнтрацыі 0,5 л адвару на 10 л вады.

Палын горкі. 300 г здробненай травы змяшаць з 1 шклянкай попелу. Заліць 10 л гарачай вады, настояць 3 гадзіны.

Бацвінне памідораў. Варыянт 1:1 кг здробненага лісця і пасынкаў настояць у 10 л цёплай вады 4-5 гадзін, дадаць 40 г мыла (можна 3 ст. лыжкі вадкага мыла). Варыянт 2:3 кг здробненай зeлёнай масы кіпяціць у 10 л вады 30 хвілін. Ужываць у канцэнтрацыі 1:5 з дабаўлeннем 40 г мыла на кожныя 10 л гатовага раствору.

Тытунь. Варыянт 1:0,5 кг сухіх каранёў настояць у 10 л вады 2 дні. Разбавіць 1:2, дадаць 40 г мыла. Апырскваць адразу пасля прыгатавання. Варыянт 2:0,5 кг сцёблаў або тытунёвага пылу настояць у 10 літрах вады 2 дні. Разбавіць 1:2, дабавіць 40 г мыла.

Пры выкарыстанні пералічаных раслінных прэпаратаў трэба ўлічваць шэраг патрабаванняў і рэкамендацый:

1. Апырскванні, у адрозненне ад апыльванняў (якія праводзяць пры наяўнасці вільгаці на лісці — па расе або пасля дажджу), рэкамендуецца рабіць у зацішнае цёплае надвор'е на сухую паверхню лісця.

2. Расліннымі настоямі і адварамі лепш апырскваць ў вячэрні час, бо на сонцы яны значна хутчэй губляюць свае інсектыцыдныя ўласцівасці.

3. Для лепшага прыліпання ў растворы дабаўляюць мыла (вадкае або гаспадарчае).

4. Гатовыя растворы пажадана выкарыстаць на працягу некалькіх гадзін.

5. Раслінныя растворы рэкамендуецца чаргаваць — жук хутка адаптуецца да аднаго раздражняльніка.

Расліны-рэпеленты супраць жука

Аказваецца, наш амерыканскі шкоднік яшчэ і «харчы перабірае» — не ўсе пахі нашых раслін яму па душы! Таму можна сустрэць яго на сваіх участках «букетамі» — астраўкамі духмяных кветак пасярод бульбяных і памідорных плантацый. Для гэтага трэба падабраць тыя, пах якіх больш за ўсё непрыемны жуку, тады ён праляціць градкі бокам. Гэта аксаміткі, агурочная трава, календула, каляндра, настурка, начная фіялка.

Многія дачнікі падсаджваюць у міжраддзі, па перыметры і па дыяганалі ўчастка, дзе растуць паслёнавыя, бабы, фасолю агароднінную, цыбулю і хрэн. Двайная карысць — і шкоднікаў адпужваюць, і ўраджай даюць. А піжма і яснотка белая, якія растуць вакол участка, створаць дадатковую пахучую перашкоду для залётных лістагрызаў.

Вядома, не трэба спадзявацца, што ніводзін шкоднік не трапіць на ўчастак, але фітанцыдны бар'ер абавязкова адыграе сваю ахоўную ролю, і няпрошаных гасцей у вас з'явіцца значна менш.

Прыродныя памочнікі — натуральныя ворагі жукоў

Нашымі саюзнікамі ў барацьбе з каларадскім жуком выступаюць некаторыя насякомыя і птушкі.

На жаль, для асноўнай масы птушак і жывёл гэтыя амерыканскія жукі неядомыя. Сілкуючыся лісцем бульбы і памідораў, якія змяшчаюць саланін, каларады назапашваюць яго ў сваіх целах, становячыся хадзячымі (паўзучымі) згусткамі яду. Таму, практычна не маючы прыродных ворагаў, якія жадаюць паласавацца атрутай, яны так прывольна сябе ў нас адчуваюць.

Адзіныя выратавальнікі-патрыёты, якія могуць есці лічынкі каларадаў, — жужалі і залатавочкі з насякомых ды фазаны з птушак. Ходзяць чуткі, што шпакі, драпежныя блышчыцы і божыя кароўкі таксама падключыліся да барацьбы — значыць, памочнікаў стала больш.

Дарослых жукоў здольныя есці толькі цацаркі. Можна прывучыць харчавацца каларадамі індычак, калі дадаваць патроху з дзяцінства тоўчаных або закачаць у хлебныя шарыкі жукоў. З'явіліся звесткі, што можна прывучыць да гэтага і курэй пароды фавероль.

Жук сам супраць сябе

Як ні парадаксальна, але, па сцвярджэннях агароднікаў, самы моцны сродак для знішчэння каларадскага жука — гэта ён сам, дакладней — яд, які змяшчаецца ў целах жукоў і лічынак.

Так што, калі вам удалося набраць 0,5 л атрутных амерыканскіх лістагрызаў, трэба высыпаць іх у
10-літровую ёмістасць, заліць вадой і шчыльна зачыніць вечкам. Усё. Жукі і самі адыдуць у іншы свет, і аддадуць раствору неабходныя таксіны. Пра гатоўнасць зелля прасігналізуе масавае апусканне каларадаў на дно. Да гэтага яны будуць плаваць на паверхні. Увесь працэс зойме ад 4 да 6 дзён.

Прыродны яд для жукоў гатовы. Выкарыстоўваць яго трэба ў канцэнтрацыі 1:2, гэта значыць на 1 літр настою — 2 літры вады. Спецыялісты-агароднікі не рэкамендуюць «для вернасці» апырскваць бульбу неразбаўленым настоем — можаце папаліць лісце!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.