Вы тут

Абараніць пакупніка ад незразумелага тавару


На рынку павінны застацца толькі добрасумленныя імпарцёры.

Увядзенне санітарна-гігіенічнай экспертызы прадукцыі замежнай вытворчасці з'яўляецца часовым захадам, заявіў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі. «Пастанова №666 — часовая мера. Як толькі яна запрацуе, будзе разгледжана магчымасць прыняцця іншага рашэння». Паводле яго слоў, дзяржава не зацікаўленая ў «перакантролі» і наяўнасці дадатковых бар'ераў. Мэта, якая пераследуецца, заключаецца ў прысутнасці на рынку толькі празрыстага тавару, які можна прасачыць. «Сёння прысутнічае столькі незразумелага тавару на рынку, што яго заўважаюць нават пакупнікі». Як адзначыў Ігар Гаеўскі, мера, звязаная з увядзеннем абавязковай санітарна-гігіенічнай экспертызы імпарту, наспела абгрунтавана. «Трэба набрацца адвагі і зрабіць тое, што просяць. Далей усё стане на свае месцы. Тыя, хто не хоча выконваць патрабаванні, пакінуць рынак».

Ігар Гаеўскі заклікаў пастаўшчыкоў імпартных тавараў, на якія ўведзена абавязковая дзяржаўная санітарна-гігіенічная экспертыза, актыўна карыстацца паслугамі «гарачых ліній», арганізаваных Міністэрствам аховы здароўя. «Працуюць «гарачыя лініі»: у міністэрстве, дзве — у Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і па адной — у абласных і занальных гарадскіх цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Там можна высветліць нюансы». Акрамя таго, на «гарачыя лініі» можна паведамляць факты неправамоцных дзеянняў супрацоўнікаў санітарных службаў. «Калі нехта заявіўся, але бачыць, што цяганіна, незразумела, што робяць, адразу рабіце званок. Паверце: любы званок — прамое даручэнне, адразу разбіраемся. Працэс будзем трымаць на ручным кіраванні», — запэўніў ён. Ігар Гаеўскі канстатаваў, што адно з найбольш частых пытанняў — аб тэрмінах правядзення экспертызы.

Па словах намесніка галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вадзіма Гуліна, максімум для лабараторных даследаванняў — 24 дні. Згодна з пастановай №666, дзяржаўная санітарна-гігіенічная экспертыза праводзіцца па заяўным прынцыпе ў тэрмін да 15 дзён. Пры неабходнасці Міністэрствам аховы здароўя будуць прыцягнуты дадатковыя сілы і сродкі для правядзення дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызы прадукцыі замежнай вытворчасці, але пакуль неабходнасці ў гэтым няма.

У агульным аб'ёме неадпаведнасцяў, выяўленых з пачатку года Міністэрствам аховы здароўя падчас праверак, 80 працэнтаў прыпадае на імпартныя тавары. «З пачатку года мы правялі пэўную колькасць выпрабаванняў розных груп тавараў. Прычым мы не рабілі акцэнт, што вось гэта — імпартны, а гэта — айчынны тавар. Магчыма, айчыннага тавару было нават больш. Але з усяго аб'ёму атрыманых неадпаведнасцяў 80 працэнтаў прыпала на імпарт», — адзначыў Ігар Гаеўскі.

Пералік імпартных тавараў, якія падлягаюць абавязковай санітарна-гігіенічнай экспертызе, з'яўляецца адкрытым. «Людзей, якія займаюцца імпартам тавараў і не трапілі ў гэты спіс, у спакоі не пакінем. У нас ёсць права займацца наглядам. І калі падчас яго будуць негатыўныя вынікі, значыць, мы дапоўнім пералік. Утойваць мы гэтага не будзем, уся інфармацыя з'явіцца на сайтах», — сказаў Ігар Гаеўскі. Пры гэтым ён не выключыў і зваротнага працэсу — скарачэння пераліку. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі спецыялісты прыйдуць да высновы, што сітуацыя па пэўных групах тавараў спрыяльная, прадукцыя адпавядае ўсім патрабаванням. «Калі не праявіў сябе негатыўна, не стварыў праблем нашым грамадзянам, навошта ствараць дадатковы бар'ер такому тавару? Мы разгледзім і выкраслім гэты тавар са спіса, ён застанецца ў абарачэнні з тымі дакументамі, якія прадугледжаны тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза».

Са спіса імпартнай прадукцыі, якая падлягае дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе, выключаны канцылярскія прылады, а таксама бытавыя электрапрыборы, прызначаныя для кантакту з ежай, халадзільнікі, маразільнікі і мэбля. У Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя растлумачылі, што гэтае рашэнне прынята з улікам аналізу вынікаў дзяржаўнага санітарнага нагляду абгрунтаванняў, што паступаюць ад суб'ектаў гаспадарання, а таксама практыкі прымянення дакумента. Акрамя таго, удакладнена, што санітарна-гігіенічнай экспертызе падлягаюць матэрыялы, абсталяванне, прылады, якія прымяняюцца ў сферы гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, прызначаныя для непасрэднага кантакту з пітной вадой (антыкаразійныя пакрыцці, іонаабменныя тканіны, смолы, фільтруючыя матэрыялы і прылады і інш.).

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.