Вы тут

Пад крылом вяртлявай чаротаўкі


Маленькая шэрая птушка стала сімвалам адраджэння палескай вёскі.

Гісторыя вёскі Высокае Бярозаўскага раёна — прыклад таго, як дзякуючы разумнаму выкарыстанню прыроднага патэнцыялу можна надаць «другое дыханне» неперспектыўнай тэрыторыі.

30-4

Унікальная глыбінка

У свой час вёска пачала прыходзіць у заняпад. З Высокага паступова зніклі кантора калгаса, сельсавет, ашчадная каса, пошта, а будынак, дзе яны па чарзе месціліся, увогуле прастаяў без нагляду некалькі гадоў. Вёска пусцела. Моладзь уладкоўвалася на працу ў Бярозу, Брэст, іншыя гарады... Але пасля таго, як на афіцыйным узроўні прызналі міжнароднае значэнне навакольнай тэрыторыі, у Высокім пачаўся рух да адраджэння.

Высветлілася, што масіў нізінных балот «Спораўскі» — унікальны па плошчы і натуральных умовах для Цэнтральнай Еўропы. А адкрыццё на балоце, бадай, самага вялікага ў Еўропе гнездавання вельмі рэдкай птушкі — вяртлявай чаротаўкі — надало Высокаму сусветную вядомасць. А як жа — тут самая высокая ў свеце шчыльнасць еўрапейскай папуляцыі гэтай птушкі.

Каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для захавання чаротаўкі, а таксама іншых рэдкіх відаў раслін і жывёл, якім пагражала знікненне, быў створаны рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі». Ён першым у Беларусі атрымаў міжнародны статус. Дырэктар заказніка Вадзім Пратасевіч кажа, што без усебаковага ўзаемадзеяння з мясцовай уладай і насельніцтвам Высокага не ўдалося б раскрыць патэнцыял тэрыторыі, падтрымліваць балотныя ўгоддзі ў належным стане. Было вельмі важна дапамагчы людзям усвядоміць, што навакольнае асяроддзе, у гэтым выпадку балота — гэта іх агульнае багацце, якое трэба берагчы і ахоўваць.

30-3

Чым дапамагла птушка?

Па-першае, дзякуючы інтарэсу да чаротаўкі беларускіх і замежных навукоўцаў, увазе міжнародных экалагічных арганізацый Высокае набыло сусветную вядомасць. Адкуль толькі ні едуць сюды іншаземцы!.. Гэтай вясной збіраліся завітаць аж дзве турыстычныя групы шатландцаў, але раптоўна перадумалі: нехта сказаў ім, быццам Высокае знаходзіцца побач з Украінай, а там неспакойна. Карацей, сталі ахвярамі дэзынфармацыі.

Па-другое, у Высокім з'явіліся новыя працоўныя месцы. Дзякуючы чаротаўцы цяпер у штаце эколага-асветніцкага цэнтра заказніка (пад яго на сродкі міжнародных грантаў капітальна адрамантавалі і пераабсталявалі былы закінуты адміністрацыйны будынак) пастаянна працуюць 5 чалавек. У сезон яшчэ наймаюцца два чалавекі. З часам да будынка цэнтра прыбудавалі невялікую гасцініцу на 12 месцаў. Яна ж дала штуршок развіццю ў Высокім невялічкай структуры грамадскага харчавання.

Хутка будзе аб'яўлены дадатковы конкурс сярод механізатараў для работы на тэхніцы па доглядзе балот, якая была набыта на сродкі міжнародных праектаў.

Працягваюць жыхары вёскі аказваць паслугі аматарам назірання за рэдкімі відамі птушак у жывой прыродзе. Кожную вясну каля 200 замежных экатурыстаў прыязджаюць у Высокае. Але часам гасцей бывае так шмат, што не хапае месцаў у гасцініцах Белаазёрска і Бярозы. Асабліва ў час міжнародных спаборніцтваў касцоў, якія тут ладзяцца з 2007 года. Сёлета сюды завіталі 27 каманд з розных краін, а ўсяго каля 700 чалавек так ці інакш удзельнічалі ў спаборніцтвах, якія праводзіліся ў фармаце еўрапейскага першынства. Падзея атрымала добрыя водгукі ў прэсе.

У Высокім ужо прывыклі да вялікіх турыстычных аўтобусаў, машын з дыпламатычнымі нумарамі, гучання замежных моў. Нядаўна прыязджалі ўдзельнікі міжнароднага семінара еўрапейскай ініцыятывы «Кліма-Іст» па пытаннях процідзеяння зменам клімату і экасістэмнага падыходу па кіраванні тарфянішчамі (ён праходзіў у Мінску). Замежныя эксперты па балотах з Еўропы, Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку і з Тайланда, з цікавасцю знаёміліся з практычным досведам супрацоўнікаў заказніка па доглядзе ўгоддзяў «Спораўскага».

...І новыя крыніцы даходаў

Каб заказніку выжываць і развівацца, патрэбны сродкі. Падтрымка ў межах міжнародных праектаў — справа карысная, але часовая. А грошы неабходны пастаянна. У заказніку імкнуцца выкарыстоўваць нетрадыцыйныя крыніцы заробку. Па-гаспадарску зірнулі на біямасу, якая застаецца пасля скошвання балотнага хмызняку. Яе вырашылі не спальваць, а пасля сушкі пускаць на выраб паліва для кацельняў рэгіёна: трэскі, брыкет ці палеты. У Бярозе ўзводзіцца кацельня, якая будзе працаваць на мясцовым паліве і забяспечыць 15-тысячнае насельніцтва райцэнтра гарачай вадой. Вось туды і пойдзе перапрацаваны хмызняк.

Вырашылі ў заказніку падключыцца і да вытворчасці электраэнергіі. Узвялі сонечную электрастанцыю на месцы былой малочнатаварнай фермы. Глеба тут не прыгодная для землекарыстання, затое адкрыты ўчастак выдатна падыходзіць для размяшчэння сонечных батарэй. Гэта камерцыйны праект, пад які таксама ўдалося атрымаць грантавую дапамогу — з умовай, што заробленыя ад продажу альтэрнатыўнай энергіі грошы пойдуць на прыродаахоўныя мэты.

На поўную магутнасць станцыя запрацавала сёлета. Уся яе энергія пастаўляецца ў «Электрасеткі», адтуль грошы пералічваюцца ў фонд заказнікаў Брэсцкай вобласці, які і размяркоўвае гэтыя дадатковыя сродкі. Сонечныя батарэі найбольш эфектыўныя вясной і летам: тады штомесяц фонд зарабляе прыкладна 6 тысяч долараў. Мяркуецца ў перспектыве ўдвая павялічыць магутнасць электрастанцыі. А вось Алег Сівагракаў, кандыдат эканамічных навук і каардынатар міжнароднага праекта «Энергія балот», лічыць, што варта актыўней задзейнічаць разнастайныя магчымасці мясцовага насельніцтва. У прыватнасці, яго праект падтрымаў ідэю стварэння сіламі жыхароў навакольных вёсак «Спораўскага» кірмашу вырабаў тутэйшых рамеснікаў і майстроў пад дэвізам «Балота нас поіць, корміць і натхняе».

Леанід Лахманенка

Брэсцкая вобласць

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.