Вы тут

Змяніць фігуру ці фасон?


Перад цырымоніяй адкрыцця сёлетняга тэатральнага фестывалю «Белая вежа» ў фае сустрэла знаёмую. Яна сказала, што прыглядаецца, як апранаюцца поўныя жанчыны. І мае на тое прычыны. Прайшоў год-другі пасля аперацыі, і пачаліся праблемы з камплекцыяй. Вось цяпер мусіш падганяць гардэроб пад новыя стандарты.

Сапраўды, колькі жанчын, ды і не толькі жанчын, сутыкаюцца, а то і дзесяцігоддзямі жывуць з гэтай праблемай, вымушаны, як крыж, насіць на сабе лішнія кілаграмы...

ЯСКЕВІЧ

ЯСКЕВІЧ

 

З той сустрэчы ў фае прайшоў месяц, а згадала яе зусім нядаўна, калі выпадкова сустрэлася на вуліцы з другой знаёмай — Нінай Пятроўнай. Мы некалі з ёй працавалі ў адным будынку. Вельмі прыемная жанчына, добрай душы чалавек, яна даўно на пенсіі. Апошнія гады пакутавала ад лішняй вагі, якая спасцігла яе пасля перажытага стрэсу. Псіхолагі ж папярэджваюць, што жанчыны маюць схільнасць той стрэс «заядаць». Гэта своеасаблівая ахоўная рэакцыя арганізма, пра якую лепш усё ж чытаць, чуць, а не перажываць самому. У Ніны быў горшы варыянт, калі яна, зусім невысокая жанчына, пачала рэзка паўнець і праз некалькі гадоў стрэлкі вагаў ужо паказвалі 120 кілаграмаў. Наступствы чакаць сябе не прымусілі. Пагоршыліся ўсе паказчыкі здароўя, асабліва цярпела печань, адчуваліся высокі ціск, тахікардыя, задышка і іншыя праблемы. І галоўнае, што Ніна Пятроўна вельмі камплексавала з нагоды сваёй знешнасці. Не хацелася лішні раз выходзіць на вуліцу, каб зрабіць пакупкі альбо аплаціць рахункі, не хацелася сустракаць каго-небудзь са знаёмых. Ёй станавілася яшчэ горш, калі тыя заводзілі размовы пра яе камплекцыю, на словах дэманструючы сваё спачуванне. А калі не выходзіць з дому, мала рухацца, то дадатковыя грамы і кілаграмы прыліпаюць яшчэ больш нахабна. Атрымліваецца замкнёнае кола, якое наўпрост вядзе да дэпрэсіі. Так і жыла. Да мінулага года.

А летась, ва ўзросце 67 гадоў, сказала сабе: хопіць. І рашуча ўзялася за лад жыцця, фігуру і здароўе. Сама, без усялякіх часопісных дыет і метадычных рэкамендацый распрацавала схему харчавання, гімнастыку і рухальны рэжым. І галоўнае — узялася за іх выкананне.

Меней чым за год жанчыне ўдалося пазбавіцца ад 20 кілаграмаў. Я сустрэла яе і літаральна не пазнала. Не, уразілі змены не столькі ў знешнасці, хоць Ніна Пятроўна стала выглядаць маладзейшай, з'явіўся бляск у вачах, усмешка, ад яе патыхала аптымізмам. Вось што самае галоўнае. Яна не прайшла, як раней, сціпла кіўнуўшы ў знак прывітання, а прыпынілася, стала гаварыць, распытваць мяне аб справах. І ў адказ на мой камплімент расказала гісторыю сваёй перамены. Я не хавала захаплення яе сілай волі, пажадала далейшых поспехаў у падтрыманні здароўя. А яна сказала, што цяпер ведае: займацца гэтым ніколі не позна, што мае намер сустрэць свой 70-гадовы юбілей наогул у вельмі добрай фізічнай форме. Да круглай даты яшчэ два гады, ёсць падставы спадзявацца, што так і будзе ў жыцці гэтай жанчыны.

На жаль, не ва ўсіх атрымліваецца справіцца з лішняй вагой. Тады застаецца іншы варыянт — навучыцца з гэтым жыць. На тым жа тэатральным фестывалі, які я згадвала ў самым пачатку, была заўважана адна эпатажная брэсцкая мастачка прыемнай знешнасці. Не худая. Зусім. Яна, як толькі з'явілася ў зале, адразу прыцягнула да сябе ўвагу яркім макіяжам і ашаламляльным фіялетавым пяром у капелюшы. Назаўтра, на наступны спектакль, дама прыйшла ў капялюшыку іншага колеру з іншым пяром і зноў прымусіла азірацца ўсіх, асабліва мужчын. Варта сказаць, што на фестывальныя спектаклі добрая палова публікі ходзіць зусім не ў вячэрніх туалетах. Гэтую моду ўсталявалі, бадай што, самі артысты. Многія прыходзяць паглядзець на пастаноўкі калег, з прычыны адсутнасці месцаў садзяцца на падлогу ў праходах. Самая зручная для гэтага форма, вядома, джынсы з красоўкамі. У зале бывае нямала фатографаў, аператараў, якія знаходзяцца на працы і не клапоцяцца пра дрэс-код. Традыцыю не без задавальнення пераймаюць гледачы, асабліва маладзейшае пакаленне. Такім чынам, сярод апісанай публікі чалавек у яркім строі, тым больш апрануты з пэўным выклікам, адразу прыцягвае ўвагу. Каму там справа да аб'ёмаў пышнай дамы? Усе азіраліся на яе капялюш. І гэта, згадзіцеся, вельмі разумны манеўр яго ўладальніцы. Вельмі важна наогул правільна падбіраць вопратку, каб не падкрэсліваць, а хаваць заганы фігуры. А то некаторыя кабеты з павелічэннем параметраў тулава імкнуцца нацягваць на сябе на памер меншыя кофты, наіўна думаючы, што адзенне нешта схавае. Наадварот, цесны трыкатаж сумленна падкрэсліць усе складкі. Атрымаецца, як у таго міфічнага страуса, які схаваўся толькі ад сябе.

І ўсё ж пажадаю ўсім, хто мае абазначаныя праблемы, натхніцца прыкладам Ніны Пятроўны. Як яна сказала, першыя вынікі надаюць жадання і рашучасці рухацца далей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.