Вы тут

Дзякуючы Мулявіну беларускія песні загучалі на розных кантынентах


Пяцьдзесят шэсць краін апладзіравалі ансамблю "Песняры", які заснаваў і якім на працягу трыццаці гадоў кіраваў Уладзімір Мулявін. 12 студзеня 2016 года яму магло б споўніцца 75, але ўмоўны лад у гэтым выпадку можна разглядаць таксама ўмоўна — фізічна б споўнілася, а насамрэч Мулявін для нас — жывейшы за ўсіх жывых. Феномен асобы музыканта патлумачыць складана, як і ахапіць спадчыну і значэнне яго творчасці для беларускай культуры. Як і джазавы аркестр Эдзі Рознэра некалі, Уладзімір Мулявін з ансамблем "Песняры" ў свой час вярнулі ўвагу беларускай музыкі да вытокаў, да фальклору, да культуры беларускага этнасу. Асоба Уладзіміра Мулявіна пацвярджае таксама дзіўную тэндэнцэю: сапраўднымі патрыётамі беларускага краю часта становяцца якраз прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Мулявин

Мулявін нарадзўся ў Свярдлоўску і трапіў у Беларусь, можна сказаць, выпадкова, але шчыра палюбіў і краіну, і мову. Удава Пясняра, дырэктар прысвечанага яму музея Святлана Пенкіна расказала, што ў яе мужа пыталіся, чаму ён, маўляў, у жыцці не выкарыстоўвае беларускую мову, на што той адказваў: "Мова настолькі прыгожая, што на ёй я магу толькі спяваць".

75-годдзе выдатнага кампазітара і музыканта, які так шчыра маліўся небу, зямлі, прастору і магутнаму Богу за родны народ Беларусі, не пройдзе незаўважным. Цэлы год Уладзімір Мулявін, імя і творчасць якога і без таго актыўна выкарыстоўваецца ў сучаснай культуры, будзе займаць яшчэ больш заслужанага месца ў нашай прасторы.

Удава і паплечніца Уладзіміра Мулявіна Святлана Пенкіна сказала, што, нягледзячы на тое, што афіцыйна спадчына кампазітара ацэньваецца ў 236 аўтарскіх песень, насамрэч гэтая лічба перавышае чатырыста: "Калі было цяжка, Уладзімір Георгіевіч мог атрымаць натхненне ад томіка Янкі Купалы. Ён адкрываў кнігу і казаў: "Нічога ж не трэба пісаць, уся музыка ўжо ёсць у вершах". Тады ён пачынаў працаваць і казаў: "Вось бачыш, значыць, я магу пісаць". А потым мог брацца за складаныя, спрэчныя праграмы на вершы Маякоўскага. Цэлы год ішоў на тое, каб вывучыць, падабраць вершы і канцэптуальнае рашэнне".

Народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, узгадаў, як ён з Уладзімірам Мулявіным у адзін час служыў у арміі: "Я быў у ваенным аркестры, а ён у ваенным ансамблі. Аднойчы я ўбачыў, як на канцэрце салдацкай самадзейнасці адзін хлопец пяе песню "А я шагаю по Москве" выдатнага кампазітара Андрэя Пятрова. Гэта быў Мулявін. Я не пасаромеўся і падышоў да яго, хоць не ведаў, што яму сказаць. Яшчэ тады я адчуў, што гэта асаблівы чалавек, ён вылучаўся сваёй сціпласцю, яго вочы гарэлі, і здавалася, што ён дасць музыцы вельмі шмат. Так і атрымалася... Доказам гэтаму стаў наш апошні канцэрт пры закладцы яго зоркі ў Маскве. Калі Уладзімір выйшаў на сцэну і вядучая назвала яго імя, уся зала ўстала. Ён вельмі шчыра палюбіў Беларусь і беларускую мову. Калі вы паслухаеце ўважліва яго творы — музыка можа ўспрымацца асобна, а словы асобна. Да паэзіі ён падыходзіў вельмі сур'ёзна, таму большасць яго сачыненняў зроблена на класічную паэзію. Хаця калі вы помніце, пачынаў ён з замежных песень. Мулявін дзіўным чынам адчуваў драматургію канцэрта, усё стаяла на патрэбным месцы. Складана ўявіць, як бы мы цяпер жылі без яго спадчыны. Для сваіх выступленняў можна ўзяць любую песню з яго рэпертуару і быць ўпэўненым, што яна будзе мець поспех. Некалі я прыехаў на гастролі ў далёкі горад Чалябінск і ў тамтэйшым рэстаране пачуў тры песні "Песняроў". Хто б мог уявіць, што ў тыя гады, пад канец існавання Савецкага Саюза, так далёка можна пачуць песні на беларускай мове".

Міністэрства культуры прапанавала шэраг разнапланавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню юбілею песняра, якія будуць праходзіць на працягу ўсяго года. Праўда, можна сказаць, цыкл ужо распачаўся ў мінулым годзе — прэм'ерай спектакля "Песняр" па п'есе маладога драматурга Васіля Дранько-Майсюка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.

Рэжысёр Валянціна Еранькова сказала, што за той год, які "Пясняр" не сходзіць з пляцоўкі тэатра, ён не проста знайшоў свайго гледача, але і атрымаў водгук: "Наш спектакль пабудаваны на творчым лёсе музыканта, і побач з галоўным героем на працягу дзвюх гадзін жывуць тыя ж асобы, з якімі ён сам пражыў сваё жыццё — гэта і Якуб Колас, і Янка Купала, і Максім Багдановіч, і Цётка. Мне даводзіцца чуць, асабліва ад моладзі, што пасля спектакля хочацца вярнуцца дадому, знайсці і паслухаць музыку Мулявіна, адкрыць і пачытаць Коласа ці Цётку. Гэта наша вялікая культура, і прэм'ера спектакля стала для нас падзеяй. Пра гэта сведчыць ужо тое, што акцёры, наколькі б занятымі ні былі, заўсёды перад спектаклем знаходзяць час, каб сустрэцца з музычным кіраўніком і прайсці музычны цыкл, які на сцэне выконваецца ўжывую".

У юбілейны год Уладзіміра Мулявіна ў чэрвені-ліпені тэатр будзе ўдзельнічаць у туры з дзесяці спектакляў па гарадах краіны — Гродна, Брэсце, Магілёве, Гомелі і Віцебску. Валянціна Еранькова марыць таксама аб тым, каб паказаць "Песняра" на радзіме Уладзіміра Мулявіна.

Да святкавання 75-годдзя з дня нараджэння вялікага музыканта далучацца, вядома ж, калектывы Дзяржаўнай філармоніі — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і, зразумела, ансамбль "Песняры". Рэпертуар Уладзіміра Мулявіна ў сваёй дзейнасці будуць выкарыстоўваць ансамбль народнай музыкі "Свята", Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, ансамбль салістаў "Класік-авангард", вакальны ансамбль "Камерата".

Менавіта 12 студзеня ў філармоніі адбудзецца "Канцэрт у дзень нараджэння" з удзелам вядучых калектываў і выканальнікаў Беларусі і Расіі, які, дарэчы, стаў своеасаблівай традыцыяй і данінай творчасці таленавітага музыканта. Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею, пройдзе таксама падчас фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечне і "Славянскага базару" ў Віцебску. Нацыянальны акадэмічны аркестр імя Жыновіча выканае рок-оперу "Песня пра долю" ў розных гарадах краіны, а таксама ў Беластоку. Будзе арганізавана фотавыстава са здымкаў Юрыя Іванова, Яўгена Коктыша і з сямейнага архіва, пэўныя змены пройдуць у экспазіцыі музея Мулявіна, прадугледжваецца стварэнне дакументальнага фільма пра жыццё музыканта.

Сённяшні дзяржаўны ансамбль "Песняры", як паведаміў яго дырэктар — мастацкі кіраўнік Вячаслаў Шарапаў, плануе канцэртны тур па гарадах Беларусі з вядомымі песнямі з рэпертуару Уладзіміра Мулявіна, якія публіка часта падхоплівае і пяе самастойна, вядзе перамовы аб шэрагу выступаў у Расіі, а таксама прапануе сваю кандыдатуру да ўдзелу ў конкурсе "Еўрабачанне-2016" з тым, каб упершыню тут прагучала песня на беларускай мове.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?