Вы тут

Іх аб'яднаў няпросты лёс


Як маладыя людзі з фізічнымі абмежаваннямі ўплываюць на сваіх равеснікаў, якія парушылі закон.

Неймаверна цяжка маці, калі дзіця нараджаецца з асаблівасцямі развіцця. Але яшчэ цяжэй жанчыне, калі малое становіцца інвалідам у выніку абставін, якія немагчыма растлумачыць. Насця Мірановіч з Крупскага раёна з'явілася на свет моцнай, здаровай. Ды ў тры гады нечакана захварэла. Хвароба паўплывала на зрок — у сем гадоў дзяўчынка аслепла. Цяпер яна вучыцца ў 10 класе, і толькі на «выдатна». Куды будзе паступаць — пакуль не вырашыла. Але ў тым, што атрымае вышэйшую адукацыю, упэўнена.


— Мы разам з маёй дачушкай крочым па жыцці, — распавяла яе мама Галіна Уладзіміраўна. — Спрабавалі з Насцяй наведваць розныя мерапрыемствы. Але аднойчы вярнуліся расчараваныя. Уявіце, навагодняе свята, ёлка. Дзед Мароз гуляе з малымі, рассыпае розныя цацкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі наперабой збіраюць іх. Насця таксама спрабуе падняць, ды ў яе ўсё падае з рук. Здаровыя дзеці гэтага не разумеюць, бегаюць, штурхаюцца. Было балюча і мне, і дачцэ. І мы больш нікуды не хадзілі.

Але Насця ніколі не сядзела склаўшы рукі: вучылася іграць на гітары, вышывала бісерам, пляла макрамэ. У выніку дома назапасілася шмат работ. Юная майстрыха вырашыла паўдзельнічаць у выставе, што ладзілася ў мясцовым Доме культуры. Ды яе творы не заўважыла журы. Знаёмая параіла Галіне Уладзіміраўне звярнуцца ў Крупскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працуе аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Жанчына звязалася з яго загадчыцай Людмілай Гур, якая прыняла Насцю ў групу.

— Я дарослая, але адпачываю тут душой, бачу аддачу, тое, як раскрылася мая дачушка, — кажа Галіна Мірановіч. — Тут працуюць цудоўныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы, якія любяць кожнага выхаванца.

— Наша аддзяленне наведваюць 20 чалавек ва ўзросце ад 18 да 31 года. Усе яны вельмі таленавітыя, актыўна ўдзельнічаюць у праектах, якія ладзім сумесна з грамадскімі аб'яднаннямі, раённай арганізацыяй таварыства Чырвонага Крыжа. Адзін з іх — «У будучыню — з надзеяй і верай», — расказалі спецыялісты аддзялення. — Справа ў тым, што ў раёне знаходзіцца папраўчая ўстанова адкрытага тыпу, у якой адбываюць пакаранне ў тым ліку і маладыя людзі. Хтосьці з іх паспрабаваў «спайсы», нехта захацеў узяць тое, што яму не належыць, іншы сеў за руль аўтамабіля нецвярозым. Гэтыя дзеянні не кваліфікуюцца, як цяжкія. Але ўсё ж гэта злачынствы. І штуршком да іх у кожнага стала свая прычына: спакусы, нежаданне пераадольваць цяжкасці, імкненне хутка разбагацець. Псіхолагі сцвярджаюць, што віной усяму адсутнасць надзейнага «ўнутранага стрыжня», на якім трымаецца паўнавартасная, сацыяльна сталая асоба. Але ў многіх выпадках ўсё гэта можна паправіць рознымі метадамі, адзін з іх — прыклад людзей, якія сутыкнуліся ў жыцці з сапраўднымі цяжкасцямі, але змаглі правільна расставіць акцэнты і развіць у сабе лепшыя якасці.

Сапраўды, у маладых людзей з інваліднасцю і асуджаных няпросты лёс. Для адных сур'ёзным выпрабаваннем сталі хваробы, другія спатыкнуліся ў жыцці і адбываюць пакаранне. Але праблемы ў іх агульныя, перш за ўсё стэрэатыпы, якія перашкаджаюць сацыяльнай інтэграцыі. Пераадолець іх разам, узбагаціцца зносінамі, даведацца пра гэты свет больш і адчуць яго глыбей — на гэта скіраваны праект.

У межах яго маладыя інваліды наведваюць сваіх равеснікаў на «хіміі». Аднойчы прывезлі Насціны вырабы з бісеру. Але яна сама не змагла прыехаць. Выхаванцы папраўчай установы былі ўражаны выставай і ніяк не хацелі паверыць, што гэтыя творы — справа рук сляпой дзяўчынкі, пакуль не пабачылі Насцю. У той дзень у яе быў Дзень нараджэння, яна для іх іграла на гітары, чытала вершы. Хлопцы былі пад вялікім уражаннем ад таго, што гэтая прыгожая і бездапаможная дзяўчынка мае сілу волі, можа так паўнавартасна жыць. «Хімікі» падаравалі ёй букет руж, цукеркі і мяккую цацку — вялікую ружовую зайчыху, якую яна назвала Мальвінай.

Насця падзякавала ім і сказала, што калі б у яе было паўнацэннае здароўе, то яна зрабіла б яшчэ больш. Самае галоўнае — верыць у лепшае, у тое, што ўсё задуманае здзейсніцца, прывяла асабісты прыклад. Справа ў тым, што Насця заўжды марыла трапіць на тэлебачанне. І яе жаданне збылося, дзяўчынку паказалі на тэлеканале СТБ.

А Галіна Уладзіміраўна дадала: «Вы не ведаеце, што робіцца ў душы маці, калі ў яе дзіцяці маюцца фізічныя абмежаванні. Колькі трэба любові, вытрымкі, каб навучыць яго з гэтым жыць. Вам Бог даў усё: ногі, рукі, зрок, розум, і вы павінны радаваць сваіх маці».

— Мой сын Косця інвалід трэцяй групы, — падзялілася сваім болем іншая жанчына, Наталля Яўгенаўна. — Раней ён цэлымі днямі ляжаў дома, адвярнуўшыся да сцяны. І я таксама адчувала сябе няшчаснай, гледзячы на яго пакуты. Калі сын пачаў наведваць аддзяленне дзённага знаходжання, то непазнавальна змяніўся, а разам з ім перамянілася і я. Менавіта тут маё дзіця атрымала душэўную цеплыню, узаемаразуменне, падтрымку, знайшло сяброў.

Косця захапляецца гістарычнымі кнігамі, займаецца гістарычнай рэканструкцыяй, сваімі рукамі майструе зброю Сярэдневякоўя. Хлопец марыць выступіць з тэматычным паведамленнем перад сябрамі, выхаванцамі папраўчай установы. Яму, праўда, цяжкавата вымаўляць доўгія фразы, маналогі, але прагрэс адчувальны ў параўнанні з тым, што было раней. Работнікі аддзялення змаглі яго разгаварыць, адагрэць, ён пайшоў на кантакт, яго душа раскрылася перад людзьмі.

У знак удзячнасці маці Косці запісалася ў аддзяленне валанцёрам, вучыць дзяцей вышываць, вязаць пруткамі і шыдэлкам.

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.