Вы тут

Пытанні і адказы падаткаабкладання


Літаральна ў дзень выхаду матэрыялу пра дэклараванне даходаў («Падлічыць і разлічыцца» ва ўчарашнім нумары) у рэдакцыю пачалі паступаць даволі цікавыя пытанні ад гаспадароў кватэр. Напрыклад, калі чалавек афіцыйна здае сваё жыллё і плаціць фіксаваны падатак, то навошта яму потым добраахвотна паказваць інспекцыі ўзровень гэтага даходу і даплачваць па выніках года яшчэ дадатковыя грошы? Калі ж гэта ўсё-такі рабіць, то які дакладны алгарытм падліку? Што будзе, калі ўласнік «забыўся» гэта зрабіць, а інспекцыя заўважыла? А яшчэ нашых чытачоў цікавіць тое, ці плануецца хутка павялічваць фіксаваную стаўку гэтага падатку і ўвогуле, ці магчыма заплаціць такі падатак уперад на год яшчэ па старых расцэнках? Мы шукалі адказы разам са спецыялістамі падатковай службы.


Інспекцыя не спіць у шапку

Пытанні атрымаліся розныя і нават не заўсёды карэктныя. Але яны ёсць, таму і адказваем. Калі кватэраздатчык дакументальна афармляе адносіны з кватарантам у разліковым цэнтры ЖЭСа, то ў дагаворы існуе графа, дзе прапісваецца памер арэнднай платы за месяц пражывання. А далей копія гэтага дагавора трапляе ў падатковую інспекцыю, дзе спецыялісты могуць падлічыць агульную суму даходу ад здачы канкрэтнай кватэры.

Зразумела, што ў дагаворы гэтую лічбу платы за арэнду (звычайна ў валютным эквіваленце) можна і не пісаць. Аднак у гэтым выпадку пры нейкіх спрэчных пытаннях паміж бакамі кватарант можа ўвогуле адмовіцца плаціць сур'ёзныя грошы, а скасаваць з ім дагавор магчыма будзе толькі праз суд. А каму з гаспадароў гэта трэба?

Існуе яшчэ адзін варыянт, калі бакі дамовіліся палюбоўна, але кватарант патрабуе ад уласніка распіску за атрыманыя грошы. Надалей гэта распіска выкарыстоўваецца бескватэрным работнікам для атрымання падатковых ільгот па месцы працы. І зноў атрымліваецца, што інфармацыя аб вашых канкрэтных даходах ад арэнды трапляе ў базу падатковай інспекцыі. Кола замкнулася.

Аплачаная фіксаваная стаўка ўлічваецца

Усё, наш чалавек пераканаўся, што хітрыць з падаткамі — сабе даражэй і вырашыў падлічыць даход ад наёмнага жылля за год. Калі агульная сума была больш за 43 млн 660 тысяч рублёў, тады трэба падаваць дэкларацыю. Напрыклад, агульная сума даходу, атрыманага ў 2015 годзе за здачу аднапакаёвай кватэры ў сталіцы, склала 50 млн рублёў. Цяпер такі даход падлягае падаткаабкладанню па стаўцы 13 працэнтаў.

Сума падаходнага падатку, вылічаная па падатковай дэкларацыі (разліку) за 2015 год, складзе 4 млн 460 тысяч рублёў. Адкуль яна ўзялася? Стаўка ў 13%, памножаная на 50 млн рублёў, дае 6,5 млн рублёў, ад якіх аднімаем 2 млн 40 тысяч рублёў, якія ў фіксаваных сумах заплаціў гаспадар аднапакаёвай кватэры на працягу 2015 года пры ўмове, што яго жыллё здавалася ў арэнду ў 3-й ці 4-й эканоміка-планіровачнай зонах Мінска.

Штраф — ад 105 тыс. да 2,1 млн рублёў

Парушэнне тэрміну прадстаўлення падатковай дэкларацыі (да 1 сакавіка) абкладаецца штрафам у памеры 2-х базавых велічынь з павелічэннем яго на 0,5 базавай велічыні за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але не больш за 10 базавых велічынь. Такім чынам, цяпер памер штрафу складзе па такім парушэнні ад 420 тысяч рублёў да 2 млн 100 тысяч рублёў.

Другім пунктам тут можа стаць парушэнне тэрміну выплаты падаходнага падатку (да 15 мая 2016 года), вылічанага на падставе прадастаўленай падатковай дэкларацыі за 2015 год, калі незаплачаная або няпоўнасцю заплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню. У гэтым выпадку кліент атрымае штраф у памеры 15% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні. Па такім варыянце памер штрафу складзе ад 105 тысяч рублёў і больш.

Стаўку павялічаць ужо ў сакавіку

Пытанне аб павышэнні фіксаванай стаўкі падаходнага падатку для тых, хто здае кватэры на працяглы тэрмін, дэпутаты Мінгарсавета будуць разглядаць у сярэдзіне сакавіка. А сама падатковая інспекцыя збіраецца ўнесці свае прапановы па гэтым пытанні яшчэ да сярэдзіны лютага. А пакуль дзейнічаюць старыя стаўкі, таму можна паспець заплаціць падатак на год наперад і сэканоміць.

Калі гаспадар жылля афармляе дагавор, ён вырашае cамастойна: плаціць падатак кожны месяц ці на год наперад. Звычайна скарыстацца правам аплаты падатку за ўвесь год можна да 1 студзеня. Аднак і потым памяняць схему можна, але для гэтага прыйдзецца скасаваць дагавор і заключыць новы, нават калі кватэраздымшчык застаўся ранейшым.

Пры такой аднаразовай аплаце ніякіх пераразлікаў пасля павелічэння стаўкі не будзе, удакладняе нюансы заканадаўства першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Мінску Надзея Болдырава.

А пакуль памер такой фіксаванай стаўкі вар'іруецца ад 140 да 240 тысяч рублёў у месяц за кожны пакой у залежнасці ад эканоміка-планіровачнай зоны сталіцы. Напрыклад, апошняя і самая танная 5-я зона прадугледжвае стаўку — 140 тысяч рублёў. А чым бліжэй да цэнтра — тым вышэй стаўка.

Як істотна зменіцца стаўка падатку для тых, хто здае кватэры, у падатковай інспекцыі пакуль што не ўдакладняюць. Спецыяліст толькі адзначыла, што пры фарміраванні прапановы па павышэнні будзе ўлічаны ўзровень інфляцыі. Тут трэба згадаць, што за мінулы год інфляцыя ў нашай краіне склала 12%. Таму павелічэнне стаўкі адбудзецца мінімум менавіта на гэты паказчык. А пры такім раскладзе стаўка падатку для 1-й эканоміка-планіровачнай зоны складзе 270 тысяч, а для 5-й — 160 тысяч рублёў.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У «шэрую» арэнду лепш не гуляць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.