Вы тут

Адбылася сустрэча з пераможцамі конкурсу апавяданняў «Звязды»


Прыемна, што нас чытаюць. Але прыемна і калі нам пішуць. Падчас сустрэчы з пераможцамі конкурсу апавяданняў «Звязды» па выніках 2015 года гэтыя дзве прыемнасці супалі. Да нас прыехалі людзі, якія адначасова вельмі адданыя нашы чытачы і яшчэ добрыя аўтары, чые творы не аднойчы прадстаўляліся ў конкурсе апавяданняў.


Конкурс перажывае новы этап свайго існавання разам з вядучым, пісьменнікам Алесем Бадаком. Ён згадаў розныя часы і адзначыў, што з'яўляецца асноўнай задачай цяпер:

— Мы заўсёды аказваемся закладнікамі часу літаратурнага жыцця. Быў перыяд, калі ў конкурсе «Звязды» прымалі ўдзел нават народныя пісьменнікі Беларусі. Было і такое, калі на конкурс прыходзіла шмат апавяданняў ад чытачоў з самых розных рэгіёнаў Беларусі. Цяпер сітуацыя крыху іншая. Мне здаецца, што асаблівасць конкурсу ў 2015 годзе ў тым, што нашы аўтары працуюць у розных жанрах, у розных стылях (нават калі паглядзець па выніках, то ў пераможцах — гістарычны твор, узнёсла-паэтычны і класічнае апавяданне). Засталося шмат ненадрукаваных твораў самых розных жанраў. Мяне гэта вельмі радуе: таму што насамрэч беларуская літаратура, калі выйсці за межы нашага конкурсу, абсалютна разнастайная.

Само паняцце конкурсу вымагае аднолькавых умоў для ўсіх удзельнікаў, складанасць заключаецца ў тым, што ёсць аўтар, які прыдумаў харошы сюжэт, а ў яго кепская мова. Ёсць аўтар, у якога добрая мова, харошы сюжэт, але стылёва апавяданне патрабуе дапрацоўкі. Другая праблема, якая ёсць у конкурсу, палягае ў тым, што даволі няпроста працаваць у жанры кароткага апавядання. Чаму мы, бывае, і адступаемся ад прынцыпаў, часам надрукаванае апавяданне выходзіць за межы патрабаванага памеру. Але нашы патрабаванні трымаюць высокую планку найперш у якасным складніку.

Алесь Бадак лічыць: тое, што з'яўляецца на старонках «Звязды», можна назваць літаратурай — паступова ад «народнага конкурсу» (якім лічылі яго крыху раней) мы перайшлі да літаратуры, каб друкавалася больш разнастайных твораў у жанравым плане.

Лаўрэат Першай прэміі (за апавяданне «Таямніца Фары Вітаўта») Віктар Варанец працуе ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта па выхаваўчай працы. Як філолаг і выкладчык ён дапамагае студэнтам-медыкам засвоіць прафесійную лексіку на беларускай мове. Але прызнаецца:

— Мне творчасць прыносіць задавальненне. Немагчыма жыць у Гродне і не адчуваць гісторыю. Таму мне асабліва блізкая гістарычная тэма. У нашым універсітэце існуе літаратурнае аб'яднанне «Катарсіс», якім я кірую. Удзельнічаюць у ім студэнты. Адзін з галоўных аргументаў, каб яны пісалі па-беларуску — тое, што ў «Звяздзе» друкуюцца апавяданні на беларускай мове. Яны бачаць, што ўзровень твораў, надрукаваных у газеце, вельмі высокі. Гэта стымулюе не адыходзіць ад беларускай мовы, далей у жыцці ёю карыстацца. У нас у Гродне я ведаю каля 15-ці дактароў, якія вядуць прыём на беларускай мове.

Андрэй Сідарэйка, які атрымаў Другую прэмію конкурсу «Звязды» (апавяданне «Велікодны пачастунак»), ідзе ў літаратуру сваім шляхам, які абраў свядома. Пра тое, што будзе пісаць, падумаў гадоў у 10: калі самастойна прачытаў кнігу «Нязнайка на Месяцы» Носава — захацелася ствараць свае сусветы. Дарослыя думалі, што з часам гэтая ідэя выйдзе з галавы. Андрэй скончыў педвучылішча, вывучыўся на настаўніка пачатковых класаў, працаваў у школе... Але зрабіў крок да здзяйснення сваёй мары, паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ. Працаваў у газеце на Буда-Кашалёўшчыне. І зразумеў, што публіцыстыка — зусім не тое, чым хацеў займацца. Вырашыў усё змяніць. Пераехаў у Мінск, пайшоў працаваць у краму грузчыкам, каб быў час для літаратурнай творчасці. Андрэй Сідарэйка гаворыць:

— Мой літаратурны дэбют адбыўся, калі я яшчэ вучыўся на журфаку. Удзельнічаў у конкурсе «Звязды». Гэта было штуршком: адчуў, што калі твор надрукавалі, то, значыць, я напісаў нешта вартае ўвагі. Гэты конкурс дадаў мне ўпэўненасці ў сабе. Потым друкаваўся ў «Маладосці», у «Вожыку». Дзякуй пісьменніку Уладзіміру Саламаху, які дапамог парадамі — у выніку і з'явілася гэтае апавяданне. Я не чакаў, што яго так ацэняць — яно асабістае.

Пісьменнік Леанід Левановіч, які атрымаў Трэцюю прэмію нашага конкурсу, герояў свайго апавядання «Дзед Васіль і Орлік» прыгадаў... у Злучаных Штатах Амерыкі. Твор нарадзіўся праз настальгію. Мінулую зіму ён правёў у Амерыцы, дзе ў асноўным займаўся ўнукам. Сам пісьменнік прызнаўся: калі мовы не ведаеш, ёсць адчуванне, што ў іншай краіне, як у клетцы. У адзін прыгожы сонечны дзень успомніў, як ішоў у вёску... З Амерыкі даслаў апавяданне на конкурс па электроннай пошце.

Гэтага аўтара нашы чытачы добра ведаюць, а сам Леанід Левановіч распавёў, як «Звязда» паспрыяла яму ў творчасці:

— Пасля вайны ў нашай новай хаце (старую спалілі немцы), сцены былі абклеены газетамі. Сярод самых розных газет была і «Звязда». Я быў хлопчыкам, і калі мне хацелася чытаць, то станавіўся на табурэтачку і чытаў газеты. Па «Звяздзе» я вучыўся чытаць і спасцігаў жыццё. Пасля Магілёўскага культпрасветвучылішча імя Крупскай адслужыў 3 гады на Балтыйскім флоце. Калі я вярнуўся — ужо членам партыі — мне сказалі, што трэба выпісаць «Звязду». Я выпісаў. І дзякуй «Звяздзе», па якой вучыў фактычна наноў беларускую мову. Вучыўся на журфаку. Першы раз надрукаваўся ў 1962 годзе як журналіст. А потым друкаваў аповесці — «Звязда» некалі змяшчала нават вялікія творы. Але вельмі добра, што і сёння газета не адмаўляецца ад правядзення конкурсу апавяданняў.

І сапраўды, наш конкурс — ужо традыцыя, нехта хоча адчуваць сябе далучаным да яе, як нашы пастаянныя ўдзельнікі. А моладзь разглядае газету як пляцоўку, каб заявіць пра сябе ў літаратуры.

Алесь Бадак падвёў вынік размовы:

— Ужо цяпер можна назваць імёны, якія дзякуючы конкурсу апавяданняў «Звязды» сталі вядомыя ў літаратурным коле. У кожнага ёсць шанц. І надалей хацелася б захаваць разнастайнасць і трымаць высокі ўзровень твораў. Таму запрашаем і творцаў, якія з'яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў, і аўтараў-пачаткоўцаў з розных куткоў Беларусі дасылаць свае апавяданні.

tsimoshyk@zviazda.by

Фо­та Яў­ге­на Пя­сец­ка­га

Загаловак у газеце: Літаратурны пачастунак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.