Вы тут

Юнацкая алімпійская дэлегацыя адправіцца ў нарвежскі Лілехамер


Менавіта гэты горад з 12 па 21 лютага будзе прымаць Другія зімовыя юнацкія Алімпійскія гульні. Сярод удзельнікаў больш за тысячу атлетаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў, яны прадставяць 70 краін свету і будуць змагацца за ўзнагароды па 15 відах спорту.


Гульні ў Лілехамеры пройдуць на спартыўных аб'ектах, якія ў 1994-м прымалі «белую» Алімпіяду, дарэчы, менавіта гэты старт стаў першым для Беларусі, дзе наша краіна выступіла самастойнай камандай на зімовых Алімпійскіх гульнях. Тады беларускімі спартсменамі было заваявана два сярэбраныя медалі, іх уладальнікамі сталі біятланістка Святлана Парамыгіна і канькабежац Ігар Жалязоўскі. Невыпадкова, што менавіта Святлана напярэдадні сказала вельмі важныя словы на дарогу маладым беларускім алімпійцам. Вядомая спартсменка пажадала нашым хлопцам і дзяўчатам поспехаў і добрых выступленняў у Нарвегіі.

У Лілехамер адправяцца 16 беларускіх спартсменаў — 8 юнакоў і 8 дзяўчат, яны прымуць удзел у спаборніцтвах па 7 відах спорту (біятлон, гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, хуткасны бег на каньках, снаўборд — слоуп-стайл, фігурнае катанне (танцы на лёдзе), хакей з шайбай (індывідуальнае майстэрства).

Талісманам беларускай спартыўнай дэлегацыі стане Агрык. Падчас урачыстай цырымоніі провадаў беларускай спартыўнай дэлегацыі ў Нарвегію намеснік старшыні праўлення Белаграпрамбанка Сяргей Чугай уручыў першаму віцэ-прэзідэнту НАК Максіму Рыжанкову сімвалічную мяккую цацку, якая будзе і ў кожнага беларускага спартсмена.

Акрамя спаборніцкай праграмы арганізатарамі Гульняў распрацаваны і шэраг інтэрактыўных мерапрыемстваў, падчас якіх спартсмены атрымаюць магчымасць даведацца пра алімпійскія каштоўнасці, вывучыць іншыя культуры і развіць навыкі, каб стаць сапраўднымі пасламі спорту. Бо галоўнай ідэяй падобных спаборніцтваў з'яўляецца атрыманне маладымі атлетамі ўнікальнага вопыту выступлення на міжнародных спаборніцтвах, а таксама магчымасць зносін са сваімі аднагодкамі. Важна, каб хлопцы і дзяўчаты прасякнуліся духам алімпійскай салідарнасці, дружбы і ўзаемнай павагі.

Нагадаем, на І зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Інсбруку (Аўстрыя) Беларусь прадстаўлялі 16 атлетаў у 8 відах спорту. У неафіцыйным медальным заліку наша краіна заняла 24-е месца, заваяваўшы 2 медалі: 1 залаты і 1 сярэбраны. Фігурысты Яўгенія Ткачэнка і Юрый Гуліцкі занялі першае месца ў змяшанай камандзе, «серабро» заваяваў канькабежац Раман Дубовік.

lobazhevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Там пачынаецца іх шлях да перамог

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.