Вы тут

І перад продкамі не сорамна


Тэма могілак сёння балючая. Не выключэнне Казловіцкі сельсавет Глускага раёна Магілёўскай вобласці. На яго тэрыторыі 14 могілак, і ўсе яны пад наглядам сельсавета. Каб перадаць іх на баланс ЖКГ, як у свой час перадалі дарогі і калодзежы, трэба спачатку зарэгістраваць. А гэта абыдзецца прыкладна ў 15 мільёнаў рублёў за адны.


Ула­дзі­мір Каб­лаш:  «З людзь­мі пры­вык жыць у ла­дзе».

Такіх грошай у сельсавеце няма. Сёлета, напрыклад, на добраўпарадкаванне выдзелілі 40 мільёнаў. Гэта на ўсё: і на абкос, і на знос аварыйных дрэў, і на барацьбу з бадзяжнымі жывёламі, і на вываз смецця з тых жа могілак. У планах агарадзіць палову могілак у Вільчы і, калі атрымаецца, у Карпавічах. Толькі на агароджу вільчанскіх могілак пайшло 20 мільёнаў рублёў — трэба было і матэрыялы набыць, і людзям за працу заплаціць.

На Радаўніцу на могілках ў Балашэвічах Глускага раёна збіраецца шмат народу. І свае прыходзяць, і землякі з'язджаюцца з усіх бакоў. Да Вялікадня яшчэ ёсць час, але тут ужо навялі парадак. Людзі шчыравалі пад кіраўніцтвам старшыні сельскага Савета, выразалі сучча, зграбалі лісце, вывозілі смецце. ...Прыборку зрабілі па ўсіх правілах, нават айцец Міхаіл з Глуска пахваліў. «Сказаў, што ў нас самыя дагледжаныя могілкі ў раёне», — ганарацца мясцовыя жыхары.

Сяр­гей Баг­лай уве­ка­ве­чыў  па­мяць зем­ля­коў-фран­та­ві­коў.

Добра, калі насельніцтва ставіцца да справы з паразуменнем. Разам са старшынёй сельсавета Уладзімірам Каблашом едзем знаёміцца з імі. Машыну мясцовага кіраўніцтва жыхары ведаюць як сваю, здалёку махаюць, вітаюцца. Прыпыняемся каля дома Міхаіла Калхуты. Ён не стараста, але чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Раней у ПМК №86 працаваў брыгадзірам дрэнажнай брыгады, першыя месцы займаў у Магілёўскай вобласці па выніках працы. Ёсць нават Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета. Апошнія 12 гадоў на пенсіі, але проста так сядзець не прывык. У грамадскіх справах заўсёды першы. Хочацца, каб за вёску сорамна не было. Ён жа тут усё жыццё пражыў. Старшыню сельскага Савета хваліць, кажа: «Я за яго гарой!»

— Калі ён сказаў, што трэба дапамагчы, значыць трэба, — разважае Міхаіл Паўлавіч і згадвае суботнік. — Запрог я свайго Орліка, узяў пілу, паклікаў іншых, і пайшлі. Грузіў, вазіў, рабіў усё, што трэба.

Дарэчы, ініцыятыву падтрымалі каля трох дзясяткаў чалавек. Міхаіл і Ганна Калхуты, Алена Дзядзюля, іншыя іх суседзі і суседкі — добрасумленных людзей у вёсцы хапае.

Яны не чакаюць манны нябеснай, самі бяруцца за любую справу. Бо для іх дом не абмяжоўваецца сценамі адной хаты.

Насупраць дома Калхутаў — слуп з бусловым гняздом. Пад яго Паўлавіч калісьці драўляны каркас зрабіў, а знаёмыя дапамаглі падняць. Птушкі падарунак ацанілі і пасяліліся.

Балашэвічы на тэрыторыі сельсавета — самая вялікая вёска, тут жыве ажно 265 чалавек. У аграгарадку Засценак Усцярхі на 13 чалавек меней. У астатніх 20 вёсках — ад 1 чалавека да 128. Адлегласць паміж населенымі пунктамі вялікая. За дзень па справах старшыні прыходзіцца накручваць на машыне і 70, і 90 кіламетраў. Вясна — трэба людзей на працоўны лад настроіць.

— З красавіка пастаянна суботнікі праводзім, — кажа Уладзімір Канстанцінавіч. — Добра, калі ў вёсцы, як і тут, ёсць актыўны жыхар з конікам. Мы з ім па вуліцы паедзем, усё прыбяром, і будуць чысціня і парадак.

Пазалетась пасярод Балашэвіч быў устаноўлены помнік загінулым на вайне вяскоўцам.

— Яго зрабіў за свае грошы Сяргей Анатолевіч Баглай, ураджэнец гэтай вёскі, які цяпер у Расіі жыве, — удакладняе Уладзімір Каблаш. — Тут прозвішча яго дзеда ёсць. Гранітную пліту заказвалі ў Магілёве — каштавала не адзін мільён. Калі адкрывалі помнік, уся вёска сабралася. Спачатку мітынг быў, а потым гандаль разгарнулі.

Летась за бюджэтныя грошы атрымалася зрабіць помнік невядомым лётчыкам і лейтэнанту Пятру П'янкову. Каля Сцяпанаўкі на месцы масавага расстрэлу ўстанавілі памятны камень. Усіх воінскіх пахаванняў у сельсавеце 16. І іх таксама даглядаць трэба. Ва Усцярхах прыйшоў час замяніць помнік невядомаму салдату. Астатнія — падфарбаваць. Каб не сорамна было перад ветэранамі. Яны хоць і слабыя, але па магчымасці наведваюць гэтыя месцы.

Мі­ха­іл і Ган­на Кал­ху­ты  ве­да­юць ца­ну ча­су.

— Калі 9 гадоў таму прыйшоў сюды працаваць, было 11 ветэранаў, цяпер — трое, — уздыхае старшыня. — Рабілі неяк рамонт партызанскага пахавання ў Крукаўшчыне, пафарбавалі пастамент, на мармуровым надмагіллі прозвішчы выбілі. Прыехаў мужчына з Глушы і знайшоў на пліце імя роднага чалавека. Вельмі ўзрадаваўся, дзякаваў. А ў 2010 годзе, калі было зліццё нашага сельсавета з Кіраўскім, тамтэйшы ветэран у нас свайго баявога сябра знайшоў. Ён і не ведаў, што той быў тут пахаваны. Цяпер і ён памёр. Памятаю, як аднойчы сабраліся на 9 Мая ветэраны, выпілі па 100 франтавых грамаў, а непачатую бутэльку ветэран Іван Ладонька з вёскі Кляшчоўка прапанаваў адкрыць на наступны год. І кожны пакінуў на ёй свой подпіс. Але ўсім разам сабрацца ўжо не атрымалася. Іван Карпавіч і яшчэ некалькі ветэранаў пайшлі з жыцця...

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага аблсавета:

— Парадак на месцах залежыць ад старшыні сельсавета, ён павінен кантраляваць, каб кожны даглядаў сваю тэрыторыю. Тыя ж могілкі дзесьці замацаваны за сельсаветамі, дзесьці — за камунгасамі. У вобласці, дарэчы, 2641 могілка. Напярэдадні рэлігійных свят арганізуем людзей на прыборку. Камунгас або гаспадарка дае тэхніку, каб вывезці смецце. Пытанні вырашаюцца па ходу іх узнікнення.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.