Вы тут

Васіль Ткачоў. Пісьманосец


«Героі маіх твораў жывуць і ходзяць побач са мной. Усё, што з імі адбываецца, я пераношу на старонкі сваіх твораў», — прызнаецца пісьменнік Васіль Ткачоў, і апавядальная манера пісьма аўтара як бы сама падштурхоўвае чытача да такой высновы. Быццам пераказвае чарговую гісторыю з вясковага побыту яе рэальны сведка.

На самай справе, усё, зразумела, не так проста і не так лёгка — перастварыць на паперы няхай сабе (а можа і — тым больш) жыццёвы выпадак, каб гэта было цікава іншым, каб чытач не толькі паверыў аўтару, але хоць бы на міг паверыў сваім адчуванням, што ўсе гэтыя героі ўзятыя з твайго мінулага — так добра яны табе ўяўляюцца...

Алесь Бадак.


У той вечар патэлефанавала Сцяпанаўна, настаўніца-пенсіянерка: памёр Мішка-паштальён. «Больш недарэчную смерць і прыдумаць цяжка, — прамовіла яна. — Нявесткі прыйшлі да яго з Чырвонага Аратага, выпілі, вядомая справа, а тады нешта падсмажыць рашылі на пліце яны ці што. Адным словам, на кухні шмат гаспадынь не павінны быць, праўду кажуць разумныя людзі. У яго ж, у Мішкі, стаяў побач і запасны балон. Хтосьці з іх і адкрыў у ім вентыль, а балон жа не быў падключаны... Пакуль сёе ды тое, пакуль разабраліся, і самі не заўважылі, што ўсе сенцы запоўніліся газам, а Мішка — ведама ж, выпіўшы быў — і чыркнуў запалкай. Дзеўкі неяк выратаваліся, а ён, кажуць, пабег яшчэ ў хату, нібыта ў яго там грошы ляжалі, нават даляры, дык каб забраць. Там і застаўся: атруціўся рэчывамі гарэння, захліпнуўся, адным словам... Пажарнікі з райцэнтра прыехалі, паспелі хату збольшага выратаваць... Хату, а не яго... Каму цяпер гэтая хата патрэбна?.. Без гаспадара?.. Заўтра будзем хаваць Мішку...»

Эх, Мішка, Мішка! З ім у мяне склаліся асаблівыя адносіны. Колькі помню, ён быў паштальёнам, самым, бадай што, жаданым для мяне чалавекам. Уся справа ў тым, што я, ледзьве навучыўшыся пісаць, дасылаў у раённую газету, а потым, асвойтаўшыся, у абласную і рэспубліканскія кароценькія допісы пра сваіх землякоў. Тады быў цікавы час. У вёсках пачалі з'яўляцца першыя тэлевізары, напрыклад. Чым не навіна? Нехта з вяскоўцаў выйграў па латарэі пральную машыну ці набыў легкавік — у друк, факт цікавы! Або мы, школьнікі, у час летніх вакацый дапамагалі роднаму калгасу акучваць бульбу, працавалі на лузе і на зернятоку — і гэтак далей, толькі пішы.

Ну, а першым чытачом маіх заметак быў, канешне ж, Мішка Маланнін. Ён ездзіў на веласіпедзе па пошту ў суседнюю вёску, дзе мясцілася паштовае аддзяленне, і таму я заўсёды сустракаў яго ці не першым: ну як там, сусед, ёсць што? Калі публікацыя мелася, твар у яго лагаднеў, па-добраму неяк свяціўся, і тады паштальён спыняўся, даставаў газету і чытаў услых тое, што я напісаў колькі дзён назад на звычайным аркушы з вучнёўскага сшытка. Іншы раз Мішка даваў і свой каментарый: «Прыўкрасілі! Ці сам так прыдумаў? Але — добра. Твары». Калі публікацыі не было, ён праязджаў міма, але не забываўся паказаць мне знак галавою: сёння нічога няма, братка.

І вось Мішкі не стала. Шкада. Вельмі. Стары халасцяк, высокі, хударлявы, з прыгожай русявай чупрынай, ён іншы раз, пакінуўшы дома парожнюю паштарскую сумку, прыходзіў да нас, траха маладзейшых за яго хлопцаў, на школьны двор, дзе мы гулялі ў валейбол або проста кідалі на баскетбольнай пляцоўцы на дакладнасць мяч у кальцо.

Мішкава прозвішча было сугучнае назве нашай вуліцы — Ганчароўка, толькі без «ка». Ды яно і зразумела: вуліца таму здавён так і называецца, што там жылі ў асноўным Ганчаровы. Ганчаровы — Ганчароўка. Але ўсе звалі-велічалі Мішку Маланніным. «Маланнін сказаў», «Маланніна не бачылі?» Маланняй звалі яго маці, высокую, хударлявую, заўсёды маўклівую і ціхмяную жанчыну. Як жыла сапраўды ціха, так і пайшла на той свет непрыкметна: вёска, мусіць, і не заўважыла, што не стала Маланні, маці шасці сыноў і ўдава мужа Івана, які не прыйшоў з вайны, і таму для сваіх дзяцей жанчына была ў адной асобе — і бацькам, і маткай. Была — Маланняй, адзінай апорай і надзеяй для іх. А што ж сыны? Выраслі хлопцы і разляцеліся па белым свеце — хто дзе апынуўся. Тады быў СССР, і едзь куды пажадаеш, куды вочы глядзяць. Хоць на Сахалін альбо Камчатку. Далёка можна было трапіць. Так яно і атрымалася. Дома застаўся толькі Мішка, хоць і не быў ён малодшым у сям'і. Аднак тут сваю ролю адыграла армія. Так-так, менавіта яна. Забяруць хлопца ў салдаты — ён і не вяртаецца ў вёску, тады ж пашпарт няпроста было атрымаць. А Мішку чамусьці ў армію не прызвалі. А мо проста жыццё так распарадзілася, каб Мішка быў пры маці, каб ён стаў пісьманосцам і прыносіў старой менавіта такія пісьмы ад сыноў, якія сам не толькі чытаў ёй, але і сам... пісаў.

Спярша пісьмы ад сыноў прыходзілі акуратна. Старэйшы, Віктар, асеў на Сахаліне. У арміі атрымаў спецыяльнасць шафёра, таму з працай праблем не мелася. А потым ад яго перасталі паступаць весткі. Малання ўстрывожылася: што ж там з Віцькам, чаму маўчыць? Мо здарылася што, га, Мішка, ты не ведаеш? Мішка ведаў: няма больш Віктара, разбіўся на грузавіку, толькі я — даруй, мама — не сказаў табе пра тое. Дрэнна зрабіў ці не — ён і сам не ведаў, а толькі неўзабаве суцешыў маці: ёсць, ёсць пісьмо ад Віктара, мама! Паслухай, што ён піша. І Мішка зачытваў пісьмо, якое сам і напісаў. «...жыву добра. Работа падабаецца, хоць зімой асабліва цяжка: заносіць Сахалін снегам — ні праехаць, ні прайсці. Жыву ў тым жа інтэрнаце, жаніцца пакуль не збіраюся. Пытаеце, калі прыеду ў водпуск? Прыеду. Абавязкова. Не адпускае пакуль начальства, бо работы шмат, а вадзіцеляў у нашай аўтабазе не хапае. Я і сам вельмі сумую па вас, мама і Міша, не папракайце мяне асабліва».

Ніхто, вядома ж, не ведаў, што, прачытаўшы маці такое пісьмо, Мішка выбягаў на двор і румзаў там, як дзіця. Аднаго разу ён прынёс ад Віктара пасылку. Купіў у райцэнтры квятастую гарусавую хустку, некалькі бляшанак рыбных кансерваў, кілаграм дарагіх цукерак і прыклаў да ўсяго гэтага кароценькае пісьмо: як атрымаеце, дарагія мае, гэтую пасылку, напішыце мне, як дайшла... Малання, пакаштаваўшы тады рыбнай кансервы, пахваліла:

— А на тым Сахаліне рыба смачнейшая, чым у нас. Можа і правільна Віцька зрабіў, што там застаўся? Толькі прыехаў бы... Дужа пабачыць яго хочу...

Пазней сумная вестка прыйшла з Данбаса: атруціліся бытавым газам Ягор і Мікола. Мішка зноў нічога не сказаў маці. Тая пэўны час і не пыталася пра сваіх сыноў-шахцёраў: былі ж нядаўна ў водпуску, пабачыліся, слава табе Госпадзі, у іх усё добра, сытыя і апранутыя, бо зарабляюць жа неблагую капейчыну. А пазней Малання пачала цікавіцца, як толькі Мішка з'яўляўся ў хаце з паштовага аддзялення:

— Ягорка з Міколкам не пішуць? Не пішуць... Нешта ж яны?.. Сны ж кепскія бачу... Нядобрыя сны...

А праз колькі дзён спраўдзілася жаданне маці — прыйшло, прыйшло з Данбаса пісьмо! Мішка сядзеў за сталом перад Маланняй і чытаў, іншы раз яго душылі даўкія камякі ў горле, але ён стараўся не выдаваць сябе, не паказваць, што хвалюецца і... хлусіць. Ды каму хлусіць — самаму роднаму, самаму блізкаму чалавеку. Недзе глыбока ў душы ён дакараў сябе: «Ці ж можна так? Вялікі ж грэх бярэш ты на сябе, хлопча! Падумай, што ты робіш? Даруй, Божа!..» І працягваў чытаць: «Шахта наша лічыцца перадавой, на ёй некалі здабываў вугаль сам Аляксей Стаханаў, на яе не кожнаму пашчасціць трапіць. Нам пашэнціла. Зарабляем яшчэ больш, чым раней. Высылаем табе, мама, трохі грошай, хоць ты і будзеш папракаць нас: навошта, нам з Мішкам хапае. Але прымі грошы ад чыстага сыноўняга сэрца. Гэта наш доўг і абавязак дапамагаць людзям, якія далі нам жыццё». На гэтым Мішка спыняўся, даставаў з кішэні свае дзве асігнацыі па дваццаць пяць рублёў, клаў на стол і акуратненька падсоўваў бліжэй да Маланні: табе, мама.

— Не траціліся б, — уздыхала Малання.

— Нічога, не пабяднеюць, — супакойваў Мішка.

Назаўтра прыехаў з Кубы Пятро, кім ён там рабіў — не казаў, адно хіба разводзіў рукамі і дужа цікаўным паведамляў, што даваў падпіску і прыкладваў палец да вуснаў: ша! І ўсе ўсё разумелі: абы-каго на Кубу не пашлюць і абы-што такому чалавеку і спецыялісту, як Пятро Ганчароў, не давераць. Аб'ект, на якім быў зямляк, пэўна ж, надта сакрэтны і важны. Хоць мала хто ведаў, якая наогул спецыяльнасць у яго. Аднак факт застаецца фактам: Пятро прывёз з Кубы поўны чамадан розных трантаў, асабліва тэнісак, рознакаляровых, стракатых, таму Мішка ледзь не ўвесь месяц кожны дзень хадзіў у новай тэнісцы.

Многія тэніскі Мішка потым даносіць да шчэнту: яны выгараць у яго на спіне настолькі, што амаль усе стануць аднолькавыя — бляклыя, невыразныя.

Пасля Кубы Пятро спыніўся ў райцэнтры, абзавёўся сям'ёй, быў шчаслівы ў шлюбе і часта прыязджаў да маці і брата. А тады няма і няма яго. Малання захвалявалася: «Што з Пецькам? Чаму не паказваецца? Тут жа блізка...» Мішка папрасіў Пятрову жонку, каб тая прыехала і сказала старой, што Пецьку яе зноў тэрмінова адправілі ў камандзіроўку — ну хоць бы і на Кубу. Нявестка ўпарцілася, аднеквалася: я не змагу, у мяне не атрымаецца салгаць з вока на вока свякрусе. «Раскусіць». Але Мішка нейкім чынам яе ўгаварыў. Малання паверыла. Пятра ж забілі сярод белага дня. І трэба ж было яму зрабіць заўвагу ў краме хлопцам, якія нахабна лезлі без чаргі. Падсцераглі, калі выйшаў на ганак Пятро, і наляцелі зграяй. Забілі да смерці чалавека. Ну, быў суд, далі ім там па некалькі гадоў кожнаму. Яны даўно вярнуліся з месцаў зняволення, а чалавека няма. Ці паразумнелі яны хоць, забойцы? Ці сталі людзьмі? А Пятро — браць па гадах калі — і сёння б мог жыць.

А маці, Малання ж, так і не дачакалася сына з... камандзіроўкі.

Калі здарылася бяда з самым малодшым, Мішка паехаў на пахаванне ў Краснаярск. Сцёпка служыў там і застаўся, рабіў на ваенным заводзе. Аварыя ў цэху сярод іншых людзей пазбавіла жыцця і яго. Што Мішка сказаў маці, калі адпраўляўся на пахаванне, сказаць не бяруся, ведаю толькі адно: яна пайшла на той свет з надзеяй і верай, што ў яе сыноў усё добра...

Я ўвесь час хацеў спытаць у Мішкі: а ці правільна ты зрабіў, суседзе мой даражэнькі, што ўзяў на сябе такі грэх? Што пазбавіў маці слёз, якія па прыродзе сваёй прызначаліся ёй? Пазбавіў слёз і гора... Ці мацярынская душа без болю ўсё ж — і не душа зусім?.. Што сам скажаш на гэта? І ці можна тое, што зрабіў ты, лічыць грахом? Мо гэта, наадварот, своеасаблівы сыноўні подзвіг — зрабіць так, каб матулі не балела?

Не спытаю. Спазніўся...

1 студзеня 2016

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.